Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/У мінскага «Дынама» проста тлушч у атацы, канкурэнты і БАТЭ закрываюць толькі самыя праблемныя пазіцыі. Каго падпісваюць лідары ЧБ

У мінскага «Дынама» проста тлушч у атацы, канкурэнты і БАТЭ закрываюць толькі самыя праблемныя пазіцыі. Каго падпісваюць лідары ЧБ

Экспрэс-разбор навічкоў.

Аўтар — bytribuna com
11 ліпеня, 12:00
5
У мінскага «Дынама» проста тлушч у атацы, канкурэнты і БАТЭ закрываюць толькі самыя праблемныя пазіцыі. Каго падпісваюць лідары ЧБ

Летняе трансфернае акно ў Беларусі толькі адкрылася, але ёсць тыя, каму больш за ўсіх трэба – лідары чэмпіянату, якія да таго ж удзельнічаюць у еўракубках. Разбіраем самыя аператыўныя падпісанні «Нёмана», мінскага «Дынама», «Тарпеда-БелАЗ» і БАТЭ.

БАТЭ

Пайшлі: а. Захар Волкаў («Хімкі», Расія Д2)

Перад самым стартам у Лізе чэмпіёнаў БАТЭ страціў свайго асноўнага абаронцу Захара Волкава. 25-гадовы ўраджэнец Віцебску вяртаецца ў «Хімкі», дзе выступаў увесь 2022 год. У першай палове сезона-2023 падпісант прарэжымнага ліста спартсменаў і майстар зашквараў паўдзельнічаў у 13 матчах чэмпіянату (забіў два мячы), прапусціўшы толькі апошнюю гульню круга супраць «Шахцёра», у перапынку якой і развітаўся з заўзятарамі «жоўта-сініх». Таксама Волкаў правёў усе пяць сустрэч у Кубку, дзе ягоная былая каманда дайшла да фіналу.

Таксама ў супрацьстаянні з «Партызані» Кірыл Альшэўскі не зможа разлічваць на Дзяніса Лапцева, які ў матчы супраць «Шахцёра» (2:0) нарэшце адкрыў лік галам за клуб у чэмпіянаце. Прычына адсутнасці 31-гадовага форварда – дыскваліфікацыя за выдаленне ў 2018-м годзе ў часы выступаў за «Шахцёр»: у матчы ў адказ супраць польскага «Леха» беларус «баднуў» суперніка і адразу ж убачыў перад сабой чырвоную картку, а дысцыплінарны камітэт выпісаў яму шасціматчавы бан. Лапцеву засталося «адседзець» дзве сустрэчы з шасці.

Прыйшлі: а. Руслан Хадаркевіч («Дынама» Мінск), п. Дзмітрый Падстрэлаў («Каспій», Казахстан), Даніла Нячаеў («чорны спіс»)

Падпісанняў у «жоўта-сініх» напярэдадні еўракубкавай кампаніі толькі два паўнавартасных і яшчэ адно, дзіўнае. Першым навічком лета-2023 стаў 30-гадовы абаронца Руслан Хадаркевіч, які і мусіць замяніць Волкава. Улюбёнец Георгія Кандрацьева так і не згуляў за першы круг у футболцы мінскага «Дынама» ні хвіліны: перашкодзілі канкурэнцыя, траўма і канфлікт з галоўным трэнерам, якога абаронца на першую пару хваліў. Хадаркевіч не бачыцца паўнавартаснай заменай Волкаву. Насцярожвае не толькі ўзровень гульнявых якасцяў (Волкаў куды больш упэўнена дзейнічае пад ціскам, лепшы пры стварэнні і верхавых адзінаборствах), але і адсутнасць гульнявой практыкі, прычым не толькі ў 2023-м: за апошнія два з паловай гады Хадаркевіч нагуляў 1300 хвілін на клубным узроўні (у Волкава толькі за гэтыя паўгода 1600 хвілін) і яшчэ 800 з невялікім за зборную (там яго актыўна выкарыстоўвалі).

Іншым паўнавартасным навабранцам стаў яшчэ адзін гулец з досведам у зборнай Беларусі – 24-гадовы вінгер Дзмітрый Падстрэлаў, які апошнія паўгода правёў у казахстанскім «Каспіі». Правёў не правальна, але і не вельмі яскрава: у 13 матчах мясцовага чэмпіянату вызначыўся двума галамі, адным асістам і адным заробленым пенальці (адзнака 3:14).

Да гэтага Падстрэлаў быў важнай часткай трох чэмпіёнскіх сезонаў «Шахцёра» (адзін тытул, праўда, быў здабыты несумленна), за тры гады ў Салігорску правёўшы 103 матчы, забіўшы 16 мячоў і адзначыўшыся 8 асістамі. Акрамя таго, у актыве вінгера ўжо 14 матчаў у складзе «нацыяналкі».

Напэўна мяркуецца, што Падстрэлаў дрыблінгам і хуткасцю дадасць камандзе варыятыўнасці, а таксама закрые прабел у атацы, які ўзнік праз дыскваліфікацыю Лапцева: на вастрыі можа згуляць Анцілеўскі, які на гэтай пазіцыі дзейнічаў і ў «Тарпеда-БелАЗ», і ў тбіліскім « Дынама», і ў нацыянальнай зборнай, а Падстрэлаў выканае звыклую ролю правага форварда. Таксама варта адзначыць, што навічок з дзяцінства знаёмы з Дзянісам Грачыхам, Арцёмам Канцавым і Данілам Нячаевым – яны разам пачыналі шлях у магілёўскім «Дняпры» і рабілі там першыя крокі ў дарослым футболе.

Нячаева таксама можна залічыць у навічкі БАТЭ, але незвычайныя: 23-гадовы абаронца прапусціў паўгода праз знаходжанне ў «чорным спісе», але ўсё ж атрымаў дазвол заключыць кантракт з клубам – і яго хутка дазаявілі для ўдзелу ў еўракубках. Пры гэтым усё яшчэ ў падвешаным стане знаходзіцца Дзмітрый Бяссмертны: па ім пытанне не вырашанае. А вось яшчэ двое з «чорнага спісу» Барысаў ужо пакінулі: Дзяніс Шчарбіцкі адправіўся да Віктара Ганчарэнкі і Ягора Філіпенкі ва «Урал», а Максім Бардачоў, мяркуючы па ўсім, пойдзе па шляху Станіслава Драгуна і завершыць карʼеру.

«Дынама» Мінск

Пайшлі: а. Руслан Хадаркевіч (БАТЭ), п. Алег Еўдакімаў («Нёман»)

«Дынама», якое ў гасцях 13 ліпеня правядзе першы матч кваліфікацыі Лігі Канферэнцый супраць баснійскага «Жалезнічара», на трансферным рынку куды больш актыўнае за канкурэнтаў па ЧБ: падпісала ўжо траіх, аднаго вярнула з арэнды. Але пачнем са страт – яны ў мінчан не сказаць, каб вельмі істотныя. Першым клуб пакінуў Хадаркевіч (нуль хвілін у сезоне). Следам сышоў 29-гадовы паўабаронца Алег Еўдакімаў. Хаўбек правёў 8 матчаў у чэмпіянаце (5 разоў выходзіў з першых хвілін), але з аднаўленнем пасля траўмы Аляксандра Свірэпы і новымі падпісаннямі стаў не патрэбным. Новы клуб Еўдакімава – «Нёман», яшчэ адзін удзельнік еўракубкаў.

Прыйшлі: а. Аляксандр Пазняк («Кубань», Расія Д2, заканчэнне арэнды), п. Аляксандр Сялява («Растоў», Расія), н. Глеб Жэрдзеў («Бней Іегуда», Ізраіль Д2), н. Іван Бахар («Ірані», Ізраіль)

Уваходныя трансферы каманды – вельмі статусныя па мерках ЧБ. Першым навічком лета стаў 31-гадовы апорны паўабаронца Аляксандр Сялява, які ўжо выступаў за «Дынама» ў сезоне-2021 (28 матчаў, 2 асісты). Апошнія паўтара года хаўбек зборнай Беларусі правёў у «Растове», дзе быў гульцом ратацыі (25 матчаў, 1 гол). Для мінчукоў гэта адназначнае ўзмацненне: Сялява складзе пару Арцёму Быкаву ў апорнай зоне.

Таксама пасля не самага ўдалага замежнага ваяжу ў клуб вярнуўся Іван Бахар. 25-гадовы форвард «нацыяналкі» на паўгода адʼязджаў у чэмпіянат Ізраілю, дзе двума галамі ў 14 матчах не дапамог «Ірані» захаваць прапіску ў эліце. Падпісант прарэжымнага ліста правёў у «Дынама» тры гады (з пачатку 2020-га па канец 2022-га), за якія згуляў 84 матчы і вызначыўся 23 галамі і 11 асістамі.

У Вадзіма Скрыпчанкі зʼявіўся яшчэ большы манеўр у атацы з прыходам Бахара – той можа згуляць як на вастрыі ў цяперашняй пабудове 3-5-2, так і на флангах, калі «Дынама» зноў адкоціцца да схемы з чатырма абаронцамі, з якой уваходзіла ў сезон.

Таксама з Ізраілю прыехаў 23-гадовы форвард Глеб Жэрдзеў. Ён апошнія паўгода быў гульцом сталічнай «Бней Іегуды» з Д2. Там выхаванец «Мінска» правёў 13 матчаў і забіў два мячы. Да адʼезду за мяжу Жэрдзеў два гады выступаў за «Славію». Асабліва добрым выдаўся для яго другі, 2022-гі, год у Мазыры, калі ён у 29 матчах забіў 10 мячоў і аддаў 7 галявых перадач.

Характэрна, што незадоўга да пераходу ў «Дынама» і Бахара, і Жэрдзева звязвалі з БАТЭ (другі там нават трэнаваўся), але мінчукі перахапілі гульцоў. Са зʼяўленнем Жэрдзева дынамаўскі ростар у нападзенні выглядае зусім ужо разадзьмутым: Бахар, Хвашчынскі, Марозаў, Бакіч, Нікіфарэнка, Рылач, Сядзько, Пуціла – ёсць адчуванне, што навічок без вялікага міжнароднага досведу, які раней не гуляў у камандах – прэтэндэнтах на высокія месцы, будзе ў Скрыпчанкі гульцом ратацыі з невялікім часам.

Таксама з паўгадавой арэнды ў расійскай «Кубані» (Д2) вярнуўся абаронца Аляксандр Пазняк, які быў падпісаны мінчукамі зімой. Супраца Пазняка і краснадарскага клуба выйшла не вельмі прадуктыўнай: усяго 6 матчаў і адна чырвоная картка. 28-гадовы ўраджэнец Ліды наўрад ці атрымае ў «Дынама» шмат часу, але клуб цяпер мае патрэбу ў гульцы ратацыі: пасля сыходу Хадаркевіча і траўм Паліцевіча і Калініна ў Скрыпчанкі проста няма кім у выпадку чаго падмяняць кагосьці з дзейнай тройкі абаронцаў Швяцоў-Сачыўка-Бегуноў.

«Нёман»

Страты лідара ЧБ па выніках першага круга – гульцы з «чорнага спісу», але яны і так не выступалі апошнія паўгода. Вопытныя Сяргей Курганскі і Валерый Жукоўскі падпісалі кантракты з «Макслайнам» і ўжо дэбютавалі за яго ў Д2, а вінгер Раман Пасевіч перабраўся ва «Уфу» з Д3 Расіі.

Прыйшлі: п. Алег Еўдакімаў («Дынама» Мінск)

З падпісаннямі пакуль таксама нягуста: перад выездам у Ліхтэнштэйн, дзе каманда 13 ліпеня згуляе першы матч кваліфікацыі Лігі Канферэнцый супраць «Вадуца», клуб абʼявіў аб прыходзе 29-гадовага хаўбека Еўдакімава з мінскага «Дынама» (8 матчаў у гэтым сезоне). Пакуль гэты трансфер застаецца ў «жоўта-зялёных» адзіным.

Еўдакімаў ужо выступаў за «Нёман» у сезоне-2019: паўдзельнічаў у 27 матчах чэмпіянату і вызначыўся адным голам. Паўабаронца здольны згуляць як у цэнтры поля, дзе складзе канкурэнцыю тандэму Казлоў-Якімаў, так і на флангах атакі.

Таксама паведамлялася, што гродзенцы ў летняе трансфернае акно могуць падпісаць 26-гадовага вінгера «Белшыны» Іллю Кухарчыка, які па сваіх характарыстыках вельмі падобны да Пасевіча: абодва добрыя ў дрыблінгу і маюць прыстойную стартавую хуткасць.

«Тарпеда-БелАЗ»

Жодзінцы, якія пачынаюць выступленне ў еўракубках з другога раўнду кваліфікацыі Лігі Канферэнцый, першы матч супраць кіпрскага АЕКа правядуць толькі ў канцы ліпеня. Страт у каманды Дзмітрыя Молаша пакуль няма, плюс да ўсяго, да моманту старту на еўраарэне з лазарэта павінны вярнуцца траўмаваныя Мікіта Пацко і Антон Кавалёў.

Прыйшлі: а. Аляксей Залескі («Каспій», Казахстан), а. Дзяніс Лявіцкі (СКА, Расія Д2)

Падпісная кампанія ў «аўтазаводцаў» таксама сціплая: закрываюцца тыя пазіцыі, дзе ёсць пытанні па глыбіні складу. Кантракты падпісаныя з двума былымі гульцамі клуба. 28-гадовы абаронца Аляксей Залескі вярнуўся ў Жодзіна ўжо праз паўгода пасля адʼезду ў казахстанскі «Каспій». Там ён правёў агулам 10 матчаў, адзначыўшыся двума галамі (абодва з пенальці). Да гэтага Залескі выступаў за «Тарпеда-БелАЗ» у сезоне-2022 і быў асноўным гульцом у пабудовах Молаша (31 матч, 1 гол).

Другім навічком стаў 26-гадовы краёк Дзяніс Лявіцкі. Ён выступаў за Жодзіна два гады (з лета 2018-га па лета 2020-га), правёўшы ў суме 23 матчы. У сезоне-2021 ураджэнец Магілёва быў важным гульцом «Гомеля» Івана Біёнчыка, які ледзь не заскочыў у медалі, а апошнія паўтара года правёў у хабараўскім СКА з другога расійскага дывізіёна, дзе быў гульцом ратацыі.

І Залескі, і Лявіцкі закрываюць праблемныя пазіцыі: у гэтым сезоне праз недахоп выканаўцаў у цэнтры абароны выходзіў, напрыклад, намінальны паўабаронца Кірыл Прамудраў, а злева ў абароне даводзілася гуляць Яўгену Шаўчэнку (яго памылка стала ключавой у матчы супраць «Мінска» і прынесла камандзе першае паражэнне ў чэмпіянаце). Залескі напэўна адразу стане гульцом старту. Лявіцкаму ж трэба будзе змагацца за месца на левым флангу абароны з Уладзіславам Мялько, які нядаўна аднавіўся пасля траўмы. Не на карысць навічка тое, што яго канкурэнт – лімітчык.

Іншыя пасты блога

Усе пасты