Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/БАТЭ ў абароне – гэта фэйспалм. Не мог нават выйсці са сваёй паловы поля, хаця другі пенальці, канешне, дзіўнаваты

БАТЭ ў абароне – гэта фэйспалм. Не мог нават выйсці са сваёй паловы поля, хаця другі пенальці, канешне, дзіўнаваты

Але яшчэ нічога не скончылася. Пасля паразы ад «Шэрыфа» еўравосень стала бліжэй.

Аўтар — bytribuna com
17 жніўня, 23:56
5
БАТЭ ў абароне – гэта фэйспалм. Не мог нават выйсці са сваёй паловы поля, хаця другі пенальці, канешне, дзіўнаваты

Гульня БАТЭ ў абароне – гэта нешта невытлумачальнае. Пасля таго як Арцём Канцавы забіў шыкоўны гол, з'явілася баязлівая надзея, што Барысаў, можа, яшчэ пазмагаецца. Канцавы, канешне, выканаў суперудар, і гэта не першае ягонае выніковае дзеянне ў сёлетняй сумнай еўракубкавай кампаніі. Ён аддаваў галявую з «Партызані», засмуціў «Арыс» – і вось чарговая праява – 1:0.

Пасля 1:5 у першым матчы Лігі Еўропы супраць «Шэрыфу» шанцаў на подзвігі не было, але чаму б не патузацца? Аднак малдаванам было дастаткова максімальна адцягнуцца назад, пакінуўшы пару гульцоў на палове поля Барысава для прэсінгу – і гэтая задача аказалася невырашальнай. Як пачаць атаку? БАТЭ не ведаў, што рабіць. Хадаркевіч сціпла спрабаваў каціць наперад, але абразаўся, і амаль адразу ўзнікала небяспека. А тут яшчэ падвёў Жымо. Ён дазволіў неахайнасць у сваёй штрафной, даўшы на 40-й хвіліне падставу венгерскаму суддзі Тамашу Богнару прызначыць пенальці.

Праз сем хвілін пасля няўдалай спробы выйсці ў атаку БАТЭ атрымаў чарговы контрвыпад. Здавалася, галкіпер Вячаслаў Дзеркачоў дзейнічаў максімальна асцярожна, калі перашкаджаў Джэрому Бекелі ля вонкавай лініі. Але Бекелі на ўсялякі заваліўся і са спадзевам паглядзеў на Богнара, а той пайшоў глядзець VAR і нешта там усё ж такі ўгледзеў – і зноў паказаў на белую кропку.

Па выніках першага тайму Барысаў ужо прайграваў. Ну а як інакш, калі не можаш перайсці сярэдзіну поля?

Пры гэтым ужо па стартавым складзе БАТЭ можна было сказаць, што Кірыл Альшэўскі не мае вялікіх спадзеваў на камбэк. Падпісант за Лукашэнку Кудравец застаўся ў запасе, зрэшты, у брамніка хапала і чыста футбольных грахоў. Ад першых хвілін не выйшаў Лапцеў (замест яго Шасцюк), Падстрэлаў (Васілевіч), Грамыка (Воўкаў).

Потым усе згаданыя палявыя ўступілі ў гульню, а Лапцеў у самай канцоўцы нават забіў. Добра забіў – брамнік «Шэрыфа», стоячы на каленях, атрымаў задавальненне. Лік стаў 2:2 – і 3:7 па суме двух матчаў. Хаця на фоне 5:11 ад «Арыса» гэта не так ужо і ўражвае.

Еўракубкавы БАТЭ сёлета варты жалю нават на фоне «Нёмана» і «Тарпеда-БелАЗ», але менавіта Барысаў усё яшчэ мае шанцы на еўракубкавую восень. Прыніжальны вылет з Лігі чэмпіёнаў у Лігу Еўропы, такія ж выправы з Лігі Еўропы ў Лігу канферэнцый, а там чакаюць косаўскія «Балкані». Удасца іх мінуць – і вось ён, групавы раўнд. Калі зборная Беларусі дала рады зборнай Косава, то чаму БАТЭ не можа даць рады «Балкані»? Канешне, можа. Але і прапусціць у двух матчах дзясятку таксама. Першы матч БАТЭ правядзе 24 жніўня ў гасцях.

Іншыя пасты блога

Усе пасты