Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Завяршыў кар'еру аўтар моцнага перформанса: прадаваў буцы, каб пракарміцца і звярнуць увагу на бедства «Нафтана»

Завяршыў кар'еру аўтар моцнага перформанса: прадаваў буцы, каб пракарміцца і звярнуць увагу на бедства «Нафтана»

Умее сыходзіць своечасова.

Аўтар — bytribuna com
13 лістапада, 16:29
1
Завяршыў кар'еру аўтар моцнага перформанса: прадаваў буцы, каб пракарміцца і звярнуць увагу на бедства «Нафтана»

Своечасова сыходзіць – таксама талент. Усё выглядае на тое, што Ігар Даўгяла валодае ім у поўнай ступені. 12 лістапада 2023 года ён, так бы мовіць, адгуляў адну хвіліну супраць БАТЭ, пасля чаго з пашанай быў заменены – так адбылося развітанне 38-гадовага галкіпера з вялікім футболам у якасці гульца.

А вось пашаны да ягоных зменшчыкаў (а разам з тым і выхаванцаў, бо Даўгяла ад гэтага сезону трэнiруе брамнікаў у «Нафтане») не было ніякай. Аляксей Казлоў адгуляў першы тайм і прапусціў ад барысаўцаў пяць мячоў, а Максім Макараў пасля перапынку яшчэ два. Вынік – сумныя 0:7 на родным стадыёне. Але ж да Даўгялы – ніякіх пытанняў.

Гулец сярэдняй кар’еры, тым не менш, вы нейкім чынам маглі яго запомніць. Наўрад ці па тым, што пару месяцаў таму ветэран у канцоўцы матча дублёраў супраць мінскага «Дынама» выйшаў на поле як форвард. І там ягоная каманда саступіла з буйным лікам 0:5, але пра такія нахільнасці Даўгялы было даўно вядома. Пра іх, прынамсі, распавядаў паўабаронца Аляксандр Карніцкі пасля пераходу ў БАТЭ. Разам з брамнікам яны выступалі за бядовы «Полацк» у першай лізе.

– У чалавека – шалёны ўдар. Штрафныя выконвае проста цудоўна. У першай лізе любіў выйсці ў поле на заменку, у атацы пабегаць, – расказваў Карніцкі, калі ў яго запыталіся пра самага незвычайнага брамніка ў кар’еры.

У 2017 годзе «Нафтан» патрапіў у ганебную гісторыю з дагаворным матчам, калі насуперак спартыўнаму прынцыпу дапамог перамагчы «Крумкачам» (гэта вядомая пляма на біяграфіі Захара Волкава, хаця, здаецца, ён так не лічыць). Але Даўгяла і тут своечасова пайшоў. Пасля сезона-2016 падпісаўся з «Дняпром» і да здачы дачынення не меў, хаця за тры гады да таго незнаёмец тэлефанаваў яму і прапаноўваў зліць матч Наваполацку супраць «Славіі». Брамнік адмовіўся, расказаў пра ўсё трэнеру і пасля яшчэ даваў тлумачэнні ў так званай міліцыі.

Але роўна перад тым, як пакінуць «Нафтан», Даўгяла ўсё ж вызначыўся яркім учынкам. Наваполацкі клуб тады перажываў складаныя часы. Гульцам плацілі мінімальныя аклады ў 600 рублёў (на той час дзесьці 315 долараў), хаця па кантракце мусілі куды болей, а даўгі цягнуліся яшчэ ад сезона-2014. Грошай не хапала. Па словах брамніка, сам ён тады жыў на 100 рублёў у месяц, яшчэ 300 пераводзіў у Віцебск жонцы, якая была ў дэкрэце з дачкой, а яшчэ пара гадавала маленькага сына. Астатняе сыходзіла на розныя абавязковыя плацяжы. Пры такім бюджэце істотнай для сям’і была дапамога ад бабуль і дзядуль, якія перадавалі прадукты і грошы.

У выніку Даўгяла, не хаваючы сваёй асобы, выставіў у інтэрнэце на продаж уласныя буцы Adidas памерам uk 9 за 25 долараў (набываў за 80 ці нават 90 баксаў). Імі ён скарыстаўся ўсяго пару разоў, але праз тое, што ціснулі, перавёў у запас. Такі ўчынак шырока разляцеўся па футбольных пабліках. Футбаліст казаў, што такім чынам хацеў прыцягнуць увагу да праблем «Нафтана», а разам з тым і дапамагчы сям’і матэрыяльна.

Ён радаваўся, што мае ў клубе магчымасць харчавацца двойчы на дзень, але ж трэці прыём ежы мусіў сабе забяспечваць самастойна.

– У нашай сітуацыі можам сабе дазволіць толькі «Ролтан» ды сасіскі. Бяру толькі самую танную локшыну хуткага прыгатавання. Купляем не тое, што хочацца, а тое, што можам сабе дазволіць, – апісваў Даўгяла рацыён спартсмена-прафесіянала.

Пры гэтым ён не ўхіляўся ад магчымасці падзарабіць. Калі гуляў у вышэйшай лізе, то ў міжсезонне працаваў кіроўцам у родным Віцебску. А ў часы «Полацка» ўладкаваўся на мясцовы мясакамбінат, дзе рамантаваў і фарбаваў паддоны – на працу выязджаў а 4-й раніцы.

Пры досыць бедным харчаваннi Даўгяла ніколі не выглядаў хударлявым і рабіў уражанне чалавека, які мае праблемы з лішняй вагой. Зрэшты, гэта яму не перашкодзіла адгуляць у вышэйшай лізе Беларусі за 14 сезонаў 175 матчаў, у якіх ён прапусціў 218 мячоў і 56 разоў згуляў на нуль.

Іншыя пасты блога

Усе пасты