Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Ох, праз што прайшоў Лапцеў, пакуль забіў першы мяч за зборную: тролінг, п'яны залёт, ігнор, але такі апярэдзіў Туміловіча

Ох, праз што прайшоў Лапцеў, пакуль забіў першы мяч за зборную: тролінг, п'яны залёт, ігнор, але такі апярэдзіў Туміловіча

Спатрэбілася ўсяго 7 гадоў.

Аўтар — bytribuna com
19 лістапада, 18:00
13
Ох, праз што прайшоў Лапцеў, пакуль забіў першы мяч за зборную: тролінг, п'яны залёт, ігнор, але такі апярэдзіў Туміловіча

Да гэтага ўік-энду Дзяніс Лапцеў апошні раз гуляў за зборную 27 сакавіка 2021 года, калі не голам, але хаця б сваёй наяўнасцю ў першым тайме на полі дапамог перамагчы Эстонію ў еўракваліфікацыі 4:2. Праз тры дні з лавы запасных ён назіраў за тым, як бельгійцы раскатваюць ягоных партнёраў 8:0. І ад таго часу цягнулася глухая паўза. Міхаіл Мархель, які меў спадзеў на Лапцева, звольнілі, а Георгій Кандрацьеў быў катэгарычны: пры мне гэтага гульца ў зборнай не будзе, тэма закрытая. І гэтай пазіцыі ён трымаўся паслядоўна (1, 2), хаця меў патрэбу ў габарытных нападаючых.

Ураджэнец Мазыра нічога дрэннага Кандрацьеву не зрабіў, але ягоная статыстыка магла напужаць і самага непатрабавальнага трэнера. 30 матчаў за зборную – і ніводнага гола. Гэта пракляцце, наканаванне або проста чорная метка. Смяяліся ўсе, і толькі былы брамнік зборнай Беларусі Генадзь Туміловіч суцяшаў: «Дэн, не пераймайся, у мяне 32 гульні [за зборную] і таксама без забітых [мячоў]».

Але Туміловіча Лапцеў усё ж сумеў абысці. 16 хвілін у сваім 31-м матчы за зборную форварду БАТЭ хапіла, каб вызначыцца дэбютным голам, які да таго ж стаў і пераможным. Карлас Алос атрымаў аддзяку за сваю смеласць і схільнасць да эксперыментаў.

Не сказаць, што гэты сезон складаўся для Лапцева лёгка і бясхмарна. Узімку стала зразумела, што маскоўскае «Тарпеда» не мае ў ім патрэбы, а ў Беларусі даволі хутка ўдалося дамовіцца з Барысавым. Кубкавая размінка на «Белшыне» атрымалася вельмі прыемнай – гол у першым матчы чвэрцьфіналу і хет-трык за 8 хвілін у другім. А вось у чэмпіянаце ўсё ішло не так. БАТЭ валіўся, Лапцеў не забіваў, а да таго ж у траўні ў Бабруйску атрымаў ужо на 7-й хвіліне траўму на газоне, пра які і сёння нічога добрага не кажуць.

Вяртанне адбылося толькі праз паўтара месяца, а ўпершыню вызначыцца за БАТЭ ў нацыянальным першынстве Лапцеў здолеў толькі 6 ліпеня. Натуральна, гэта парадавала Кірыла Альшэўскага, які не раз на працягу сезона-2023 выказваўся ў абарону футбаліста. То звяртаў увагу, колькі той выконвае чарнавой працы (маўляў, і без галоў дае карысць), то ўвогуле прызнаваўся: «Мяне больш за ўсіх крытыкавалі, калі ўзялі яго ў каманду. Казалі, што ён не футбаліст, не забівае. <…> Для мяне ўсе ягоныя галы асаблівыя».

У сярэдзіне сезона Лапцеў даваў нагоды для радасці. Адбыўшы еўракубкавую дыскваліфікацыю, якую схапіў яшчэ ў «Шахцёры», засмуціў мячамі і «Арыс», і «Шэрыф», і «Балкані». Хоць нешта на фоне таго, як валіўся БАТЭ. У верасні форвард вызначыўся ў трох матчах чэмпіянату запар.

Асноўны профіль Лапцева ў гэтым сезоне – сераднякі ды аўтсайдары, але ў 22 матчах ён мае 8 мячоў, што выглядае не так ужо і дрэнна (столькі ж у 15 гульнях выбіў Валерый Грамыка і зʼехаў у Расію, у Дзмітрыя Анцілеўскага пакуль 7 мячоў). За апошні месяц форвард паспеў забіць «Мінску», «Слуцку» і два «Нафтану», а супраць мінскага «Дынама» вызначыцца тым, што ў канцоўцы матча пачаў гуляць у абароне. Чаму? Трэнер мае два тлумачэнні: узнікла тактычная патрэба і ўвогуле не было сілаў, каб бегчы наперад. Але ж класіка БАТЭ пакінуў за сабой.

Іспанец Алос асэнсаваў патрэбу ў Лапцеве толькі на трэці свой збор з беларускай нацыяналкай. А ўвогуле футбаліст дэбютаваў за зборную яшчэ 7 чэрвеня 2015 года пры Аляксандры Хацкевічы, калі выйшаў у таварняку супраць Расіі. І першы афіцыйны матч – супраць Балгарыі – правёў пры ім жа ў лістападзе-2016.

Перад тым, як усё ж адзначыцца за зборную, Лапцеў паспеў перажыць рознае:

- стаў абсалютным антырэкардсменам нацыянальнай каманды па колькасці матчаў, якія спатрэбілі, каб упершыню за яе забіць;

- трапляў пад тролінг Хацкевіча за асаблівасці маўлення і асаблівасці паводзінаў;

- вылятаў са зборнай за парушэнне рэжыму пры Ігару Крывушэнку – няўдала з партнёрамі схадзіў у рэстарацыю пасля паразы ад шведаў 0:4;

- у канцы 2021-га стаў фігурантам крымінальнай справы – занадта рашуча разам з жонкай высветліў стасункі з майстрам, які рабіў рамонт у гомельскай кватэры сям’і. Добра, што гэта не палітыка, і для футбаліста ўсё скончылася без вялікіх наступстваў.

Больш фактаў пра Дзяніса Лапцева – у гэтым матэрыяле

Іншыя пасты блога

Усе пасты