Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/У «Мінск» прыйшоў бос-«сілавік» – і вось як змянілася жыццё клуба (пакуль ніхто не скардзіцца)

У «Мінск» прыйшоў бос-«сілавік» – і вось як змянілася жыццё клуба (пакуль ніхто не скардзіцца)

Трэнераў і гульцоў не чапае, зарплата – вельмі сціплая, але ў час.

Аўтар — bytribuna com
2 траўня, 18:00
У «Мінск» прыйшоў бос-«сілавік» – і вось як змянілася жыццё клуба (пакуль ніхто не скардзіцца)

Сёлетні сезон «Мінск» пачаў пад кіраўніцтвам не толькі новага галоўнага трэнера, 46-гадовага Арцёма Чалядзінскага, але і новага старшыні. На змену былому футзалісту Аляксею Сытаву, якога спусцілі ў намеснікі, прыйшоў былы лукашэнкаўскі спецназавец, удзельнік разгонаў пасля прэзідэнцкіх выбараў-2010 43-гадовы Сяргей Лушчык (да «Мінска» працаваў намеснікам старшыні хакейнага «Юнацтва»).

Расказваем, як жыве клуб пры новым кіраўніку.

Як подзіць сябе новы бос з «сілавікоў»?

Задачы перад камандай ставіў яшчэ Сытоў, які якраз і запрашаў Чалядзінскага замест Сяргея Яромкі. Галоўным называлася развіццё маладых гульцоў, уласных выхаванцаў з прыцэлам на продаж. Лушчык гэты курс пакуль не мяняў. Гульцы з запасам самага маладога калектыва Д1 (сярэдні ўзрост – 20,1 гады, самы ўзроставы – «Нёман» і 27,7) нічога не чулі пра неабходнасць здзяйсняць спартовыя подзвігі. Па нашай інфармацыі, пасля прызначэння новы начальнік ні разу не быў заўважаны на трэнінгах каманды. Ён зʼяўляецца толькі на хатніх матчах «гараджан», што, у прынцыпе, зʼяўляецца нормай для старшыні. Як кажуць людзі, набліжаныя да спраў клуба, Лушчык на сёння «наогул не лезе ў трэнавальны працэс, не дае парадаў, не паказвае Чалядзінскаму, што рабіць, каго ставіць. Пра выклікі ў кабінет для справаздач таксама нічога не чуваць». У распранальні Лушчыка яшчэ не бачылі. Увогуле, былы сілавік сканцэнтраваўся на офісных справах і займаецца фінансава-арганізацыйнымі пытаннямі.

Пры гэтым вынікамі «Мінск» не радуе: нуль перамог і ўсяго два балы за шэсць тураў (пры гэтым удалося адабраць пункты ў мінскага «Дынама»). Прамежкавы вынік – 15-е месца з розніцай 3:10. Па фактычна набраных пунктах «гараджане» зʼяўляюцца найгоршай камандай чэмпіянату – «Шахцёр», які замыкае табліцу, здабыў адну перамогу, але штраф за махінацыі не дае выкараскацца са дна. Яшчэ «Мінск» вылецеў з Кубка, дзе ў чвэрцьфінале саступіў «Нёману» (0:3, 0:1).

Зрэшты, наколькі вядома «Трыбуне», трэнерскі штаб працуе без нейкай пагрозы. Здаецца, у офісе ставяцца з разуменнем да таго, што Чалядзінскі будуе новую каманду, і гатовыя чакаць прагрэсу ад калектыва. Увогуле, няма ніякіх размоваў пра звальненне і іншыя санкцыі.

З фінансамі – парадак

Не баліць галава ў гульцоў і трэнераў праз заробак. Па нашых звестках, у «Мінску» гэты сезон у фінансавым плане кардынальна адрозніваецца ад папярэдняга, калі ў калектыве цягам ўсяго года былі праблемы з заробкам. Гульцы атрымлівалі яго часткова, здавольваючыся парай сотняў рублёў на месяц. Каб зусім не абрынуцца на фінансавае дно, «Мінск» нават браў пазыку ў АБФФ.

Сёння справы ідуць зусім інакш. Яшчэ пры папярэднім кіраўніцтве ў канцы 2023-га былі пагашаны даўгі і перад гульцамі, і перад трэнерскім штабам. Больш за тое, як кажуць нашыя крыніцы, у новы год «Мінск» увайшоў нават з пэўным запасам, што дазваляе калектыву разлічваць на стабільны заробак. У цяперашнім сезоне ў «гараджан» не было ніводнай затрымкі па выплатах, і гэта датычыцца як мужчынскай каманды, так і жаночай. Хаця грошы ў спартсменаў далёка не самыя вялікія.

У мужчынскім калектыве большасць атрымлівае 1200–1500 рублёў да выліку падаткаў. Максімальная сума – 3000 рублёў з падаткамі. Па нашых звестках, такі кантракт мае 20-гадовы паўабаронца капітан Данііл Душэўскі. Крыху менш – каля 2500 рублёў да падаткаў – атрымлівае 20-гадовы паўабаронца Радзівон Пячура.

Данііл Душэўскі

Пры гэтым варта зазначыць, што ў мужчын у гэтым годзе не прадугледжаныя якія-небудзь бонусы і прэміяльныя – ёсць толькі «голая» зарплата.

Максімум у жаночай камандзе – 3200 рублёў. Сярэдні ж заробак прыкладна гэткі ж, як у мужчын, – каля 1300 рублёў. Праўда, тут ёсць і разнастайныя бонусы.

А адкуль грошы? Лукашэнкаўскае ведамства па спорце аднаму з першых сярод прадстаўнікоў «вышкі» падпісала «Мінску» план развіцця на сезон-2024, спонсарскія грошы пакуль паступаюць стабільна. Нешта клубу ўдалося зарабіць на трансферах гэтай зімой. Напрыклад, 21-гадовы абаронца Глеб Якушэвіч сышоў у «Шыннік» (Яраслаўль, Д2 Расіі), а «гараджане», па звестках «Трансфермаркт», атрымалі 50 тысяч еўра кампенсацыі. 30 тысяч еўра склала кампенсацыя за 18-гадовага цэнтрфорварда Цімафея Мартынава, які перайшоў у «Арэнбург» (Д1 Расіі). Паўабаронца Юлій Кузняцоў хоць і падпісаўся са «Славіяй» як свабодны агент, але ўсё роўна прынёс «гараджанам» некаторы даход (сума, праўда, невядомая), бо з 15 гадоў займаўся ў структуры «Мінска» і лічыцца выхаванцам клуба.

Усе гэтыя трансферы былі аформлены яшчэ да зʼяўлення Лушчыка, але ў клубе многія задаволены тым, што грошы сёння накіроўваюцца на заробкі ў першую чаргу.

У «Мінска» нават зʼявілася магчымасць запрашаць гульцоў з-за мяжы. Нядаўна жаночы калектыў папоўніла нападніца з Мазамбіка Лоніка Васку. Паводле нашых звестак, зарплата 28-гадовага форварда складзе крыху больш за тры тысячы рублёў да сплаты падаткаў.

Зʼявіўся навічок і ў мужчынскай камандзе – 21-гадовы цэнтральны абаронца з Сербіі Агнен Мажыч (прыйшоў свабодным агентам і падпісаў кантракт да канца сезона). Яго заробак куды ніжэйшы, чым у Васку. Па нашых звестках, сербу далі крыху больш за паўтары тысячы рублёў – шмат у чым праз тое, што ад лета 2023-га абаронца нідзе не выступаў і таму быў згодны ледзь не на любы варыянт.

Мы паспрабавалі даведацца, хто ж прывёз Мажыча ў калектыў. Нашыя суразмоўцы, не даючы адназначнага адказу, у большасці сваёй зважалі, што трансфер адбыўся ўжо пасля прызначэння спартыўным дырэктарам «Мінска» Ігара Анцыпава. 38-гадовы экс-гулец шэрагу беларускіх каманд, чэмпіён Д2 і Д3 заступіў на пасаду ў студзені-2024.

Зʼяўленне Анцыпава ў «Мінску» – асобная гісторыя. Па звестках «Трыбуны», экс-футбаліст мусіў зʼявіцца ў клубе яшчэ ў мінулым сезоне, пад яго нават спецыяльна стварылі пасаду «спартыўны дырэктар». Па звестках некаторых крыніц, пэўны ўплыў тут аказалі «сувязі Анцыпава ў МУС [Лукашэнка], дзякуючы якім спецыяліста «прыцягнулі» ў клуб». Прызначэнне некалькі зацягнулася праз праверку на «ідэалагічную чысціню і добранадзейнасць». Тым не менш выхаванец Міхаіла Мустыгіна пост атрымаў.

Фота: fcminsk.by

Іншыя пасты блога

Усе пасты