Tribuna/Іншыя/Блогі/Хорошие тексты/Пенсiянерка сядзiць за кратамi праз нейкiя словы пра Баскава i яго «хакеiста» – пакiнутая сляпая маці зламала хрыбетнік

Пенсiянерка сядзiць за кратамi праз нейкiя словы пра Баскава i яго «хакеiста» – пакiнутая сляпая маці зламала хрыбетнік

Бесчалавечны рэжым.

Аўтар — Pam-pam
29 студзеня, 20:21
Пенсiянерка сядзiць за кратамi праз нейкiя словы пра Баскава i яго «хакеiста» – пакiнутая сляпая маці зламала хрыбетнік

«Наша Ніва» расказала пра чарговы прыклад бесчалавечнасцi рэжыма. За краты кiнутая Ірына Сапрыгіна, якая там сустрэла сваё 58-годдзе – цяперашнi пенсiённы ўзрост. Сапрыгiна была адзiнай апорай для сваёй 83-гадовай мацi, якая не бачыць. У адзiноце жанчына атрымала вельмi сур’ёзную траўму. А прычынай, па якой Сапрыгiна цяпер у няволi, сталi нейкiя каментарыi, у якiх нiбыта знайшлi «абразы» (якiмi рэжым можа палiчыць што заўгодна) у адрас Дзмiтрыя Баскава i Аляксандра Лукашэнкi, якога Баскаў «трэнiруе» ў аматарскай хакейнай камандзе. «Трыбуна» перадрукоўвае матэрыял.

Дачка Ірыны Сапрыгінай Ева даведалася пра затрыманне маці з паведамлення адваката.

«У мяне быў шок. Здаецца, я была гатовая да ўсяго, але, як высветлілася, не да такога. Маці не ўдзельнічала ў пратэстах 2020 года, і я была спакойнай. Я засцерагала яе нічога не пісаць у інтэрнэце, каб даглядала бабулю і дзядулю», – адзначае Ева.

Па словах Евы, маці дужа перажывала за Украіну. У маладосці яна жыла ў Харкаве.

Па Ірыну Сапрыгіну супрацоўнікі КДБ прыехалі з Мінска ў Мазыр 30 кастрычніка. Тады яна жыла са сваёй 83-гадовай маці – інвалідам 2-й групы, невідушчай кабетай. Цягам года Ірына даглядала маці, будучы аформленай як апякунка. Калі наведаліся чэкісты, гаспадыня кватэры ляжала ў бальніцы.

Ева даведалася, што ў бабулінай хаце пасля візіту сілавікоў усё было перавернута. Калі ж бабулю выпісалі, то да яе прыходзіў міліцыянт і выпытваў пра яе стаўленне да Украіны і Ізраіля.

«Тры месяцы я расказваю бабуле розныя гісторыі, каб яна не ведала праўды, якую не перажыве», — удакладняе Ева.

Ірыну Сапрыгіну змясцілі спачатку ў ізалятар на Акрэсціна, а пазней перавезлі ў Жодзіна. Яна двойчы хварэла на вірусныя захворванні. Належнага лячэння і неабходных прэпаратаў ёй не давалі. Тыя лекі, якія ёй прыносілі з волі, даходзілі не адразу.

«Маці медработніца. Ганаровы донар. Яна ведае, якія прэпараты ёй былі патрэбныя. Мала таго, дык яшчэ і цёплыя рэчы прынялі толькі з чацвёртага разу», – расказвае дачка.

Ірыне ўжо выставілі абвінавачванне. Ёй інкрымінуецца абраза Лукашэнкі (1 частка 368 артыкула «Крымінальнага кодэксу») і абраза Дзмітрыя Баскава (як «прадстаўніка «ўлады» – 369 артыкул «Крымінальнага кодэксу»). Жанчыне пагражае да 4 гадоў няволі. Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай. Ева мяркуе, што ў лютым адбудзецца «суд».

Будучы без догляду, мацi Iрыны ўпала і паламала пазваночнік. Цяпер у бальніцы прыкаваная да ложку.

«З адвакатам прасілі, каб адпусцілі маму пад заклад. Тлумачылі сітуацыю, падавалі даведкі. У маці была добрая характарыстыка з працы. Былі ўсе падставы выпусціць яе да суда, каб яна знайшла некага, хто даглядаў бы бабулю. Але нам адмовілі», – тлумачыць сітуацыю Ева.

Бабуля Евы – медработніца. Удзельнічала ў ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, працавала з пацярпелымі ад радыяцыі. Цяпер няма каму забраць яе з бальніцы.

Дзед Евы, былы вайсковец, памёр, калі яна была ўжо на чужыне. Яго забралі ў бальніцу з ціскам, а там ён захварэў на кавід, ад якога згарэў за тры дні.

Сама Ева Сапрыгіна ў 15 гадоў зацікавілася палітыкай. Сваю дзейнасць яна называе не толькі палітычнай, але і сацыяльнай. Ева не згодная з існаваннем у Беларусі смяротнага пакарання. Гэта тэма яе асабліва хвалюе, з'яўляецца асновай у дзейнасці дзяўчыны.

«Жыццё чалавека – самае галоўнае. Але дзяржава ігнаруе самую важную каштоўнасць, якая супадае з дэмакратычнымі, еўрапейскімі каштоўнасцямі», – даводзіць яна.

У 2019 годзе Ева Сапрыгіна балатавалася ў «дэпутаты». Па дзяржТБ выступіла з вершаваным зваротам у незвычайным вобразе.

Калі пачалася выбарчая кампанія 2020 года, праводзіла адзіночныя пікеты. Станавілася з плакатамі «Свабоду палітзняволеным» у месцах, дзе збіраліся подпісы за вылучэнцаў у прэзідэнты.

Ева кажа, што па здушэнні пратэстаў яе пераследавалі цэлы год. Шукалі ў Мінску і Мазыры, дзе яна нарадзілася і была прапісаная. Ёй даводзілася пераязджаць з горада ў горад.

Схапілі яе ў жніўні 2021 года і пасля допыту супрацоўнікамі «КДБ» прысудзілі 15 дзён арышту за «хуліганства». У пратаколе напісалі, што яна мацюкалася.

Утрымлівалі дзяўчыну ў сталічным ізалятары на Акрэсціна, а потым завезлі ў Баранавічы. Яна кажа, што на яе быў складзены стос пратаколаў, але тэрмін пакарання па іх сышоў. Лічыць, што ёй пашанцавала прабыць за кратамі такі невялікі тэрмін. Напрыклад, яе сукамерніцу, пенсіянерку, па вызваленні тройчы пераарыштоўвалі і давалі па 15 сутак.

Ева Сапрыгіна з'ехала з Беларусі ў жніўні 2021 года. Спачатку перабывала ва Украіне, але там было неспакойна. Ад дзяўчыны таямніча памерлага актывіста Віталя Шышова даведалася, што беларусам, якія апынуліся ва Украіне праз пераслед на радзіме, пагражаюць. Тады Ева наважылася перабрацца ў ЗША. Праз два месяцы ва Украіне пачалася поўнамаштабная вайна.

У Амерыцы беларуска займаецца творчасцю: дзяўчына малюе, і яе карціны купляюць. Разам з сябрамі запісвае кліпы пра Беларусь і жыццё на чужыне.

Да зняволення маці Ева была максімальна асцярожнай у кантактаванні з прэсай, бо разумела, што можа нашкодзіць родным.

«Іх не чапалі два гады, але цяпер гэта адбылося, і я вымушаная гаварыць. Я не адна такая. Многія ў Беларусі цяпер перажываюць тое, з чым цяпер жыву я. Я так за сябе не перажывала, калі сама была ў турме, але зусім іншае, калі пад пераслед трапляюць родныя», – пераказвае свае пачуцці дзяўчына.

У Евы вышэйшая адукацыя. Яна настаўніца малявання. Працавала цырульніцай і падзарабляла ў дзіцячых цэнтрах творчасці.

«2020 год быў унікальным, бо беларусы сталі адзінымі. Гэта мяне захапляла і захапляе дагэтуль. Першы раз у жыцці я была настолькі шчаслівая. Тыя адчуванні падтрымліваюць мяне. Цешыць, што беларусы захоўваюць дух салідарнасці, які дапамагае выжываюць удалечыні ад радзімы. Гэта дужа няпроста, калі ў Беларусі трывае нешта нездаровае, што супярэчыць здароваму сэнсу», – кажа Ева.

Іншыя пасты блога

Усе пасты