Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/Хакеiсты «Дынама» мараць чуць на арэне савецкую папсу – у Мiнску такiя «пераможныя спевы» практыкуюць вельмi даўно

Хакеiсты «Дынама» мараць чуць на арэне савецкую папсу – у Мiнску такiя «пераможныя спевы» практыкуюць вельмi даўно

Заўзятараў песнi расiян цалкам задавальняюць.

Аўтар — Pam-pam
2 сакавіка, 10:00
2
Хакеiсты «Дынама» мараць чуць на арэне савецкую папсу – у Мiнску такiя «пераможныя спевы» практыкуюць вельмi даўно

2 сакавіка мінскае «Дынама» пачне серыю 1/8 фіналу плэй-оф КХЛ супраць маскоўскага «Дынама». Першыя два матчы пройдуць у расійскай сталіцы, а 6 і 8 сакавіка каманды сустрэнуцца ў Мінску. Тамтэйшыя гульнi першапачаткова павінны былі прайсці 5 і 7 сакавіка, але на першую дату «Мінск-Арэну» загадзя заняла расiйскае гімнастычнае шоу «Аліна», арганізаванае фаварыткай Пуціна Алінай Кабаевай. Зразумеўшы гэта, КХЛ пасунула матчы.

Перад стартам плэй-оф гендырэктар мінскага «Дынама» Арцём Каркоцкі заявіў, што яму хацелася б, каб гледачы атрымлівалі задавальненне ад таго, што «зубры» згулялі як мага больш матчаў. Але ёсць у функцыянера i спецыфiчнае музычнае чаканне.

«Хочацца хутчэй пераадолець тую мяжу, што мы ўсе чакаем, – прайсці першы раўнд. Спадзяюся, што «Седую ночь» мы будзем спяваць пасля кожнай гульні», – прызнаўся Каркоцкi.

Такiя ж чаканнi, як аказалася, у форварда клуба Данiiла Сацiшвiлi: «Рыхтуемся. Павінны праходзіць першы раунд. Гэта не мара, а цалкам выканальная задача. Заўзятарам дзякуй вялікі. Спадзяюся, праспяваем «Седую ночь».

Да гэтага аналагiчнае казаў iншы гулец мiнчан Вiталь Пiнчук: «Жадаю ўжывую з лёду паслухаць «Седую ночь». Для гэтага трэба выйграваць. Будзем рабіць усё для гэтага».

Трэк расiйскай групы «Ласковый май» у «Дынама» ўспамiнаюць не на роўным месцы. У гэтым сезоне кампазiцыю пачалi ўключаць на «Мiнск-Арэне» пасля пераможных матчаў. Тое далёка не першая дзiўная прыдумка ў клубе за апошнi час.

Вось як гэта выглядала 14 студзеня пасля пераможнага матчу з «Трактарам» – i тады гледачы сапраўды чутна выканалi частку трэку а капэла.

Падобнае паўтарылася пасля матча з «Сібір’ю» 28 студзеня.

І з «Адміралам» у лютым.

Цяперашняй аўдыторыi «Дынама» расiйская папса, як бачым, добра заходзiць. У TikTok-акаўнце клуба шмат пазiтыўных камэнтарыяў на гэты конт. Толькі адзін карыстальнік задаўся пытаннем, няўжо няма вартых беларускіх кампазіцый. Праўда ў якасці альтэрнатывы ён прапанаваў своеасаблівыя варыянты.

У іншых хакейных пабліках меркаванні раздзяліліся. Камусьці такой выбар не зайшоў.

З iншага боку аказаўся чалавек, для якога гэта песня яго маладосцi.

«Седая ночь» запiсаная яшчэ ў канцы 1980-х, а сёння перажывае новую хвалю папулярнасці ў Расii, таму што стала адным з саўндтрэкаў да мясцовага серыяла «Слово пацана. Кровь на асфальте», у тым ліку гучала ў фінальнай сцэне. Але ж у белспорце трэк i так быў добра вядомы – праўда, у асноўным гэта выяўлялася ў футболе. Напрыклад, кампазiцыю ўключалi на вяселлi Аляксандра Мартыновiча ў 2022-м, а у 2019-м брэсцкае «Дынама» святкавала пад «Ласковый май» чэмпiёнства («Вiцебск» паказаў прыклад да вырашальнага матча).

У хакее ж быў больш вядомы iншы трэк з расiйскай эстрады канца 1980-х. Неафiцыйным гiмнам «Юнацтва» лiчылiся «Розовые розы» гурта «Веселые ребята». Заўзятары думалi, што гэта любiмая песня шматгадовага галоўнага трэнера каманды Мiхаiла Захарава, але ён у 2017-м гэтую версiю зняпраўдзiў.

«Традыцыю ўключаць у канцы нашых пераможных дамашніх матчаў гэтую песню яшчэ шмат гадоў таму прыдумаў Алег Навіцкі, які доўгі час спраўна працаваў у «Юнацтве» аператарам. Рабіў Алег нам вельмі шыкоўныя ролікі, здымаў, манціраваў – усё сам. І вось неяк адзін раз ён паставіў гэтыя «Розовые розы» – і ўсім спадабалася. Так да гэтага часу і граюць», – распавёў Захараў.

Песня таксама гучала на дамашняй арэне пасля перамог клуба. Вось, напрыклад, «чэмпiёнскiя» «Розовые розы» ў 2019-м (адзнака 3:19).

А вось святкаванне гульцоў «Юнацтва» пад тую ж кампазiцыю.

Песню пра ружы ў клубе не забыліся – летась ёю закрывалі святкаванне 20-гадовага юбілею «Юнацтва». А «Дынама», якое цяпер прыдумала аналогiю, калicьцi тролiла калег за наяўнасць падобнай сiмвалiчнай кампазiцыi.

Застаецца паглядзець, дазволiць маскоўскае «Дынама» мiнчанам увогуле думаць пра песнi цi, як безумоўны фаварыт, проста выйграе ўсе матчы ў супернiкаў.

Іншыя пасты блога

Усе пасты