Усе навіны

Кiраўнік расійскай аматарскай медыялігі Осіпаў: «Можам гарантаваць месца DMedia ў вясеннiм сезоне»

28 жніўня, 20:03

Кіраўнік расійскай аматарскай медыялігі Мікалай Осіпаў заявіў, што ў 2024 годзе гарантуе ўдзел у турніры створанай пад яго беларускай камандзе DMedia, якая прайграла стыкавыя матчы і не выйшла ў групавы этап сёлетняга сезона лігі.

Адзначым, раней Осіпаў абяцаў даць шанц іншай беларускай камандзе, «Інформу», аднак потым заявіў, што DMedia здаецца яму «больш перспектыўнай і медыйна, і з пункту гледжання арганізацыйных гісторый унутры Беларусі». Гэтыя словы прагучалі пасля таго, як рэжым Лукашэнкі, арыштаваўшы на 14 сутак заснавальніка «Інформа» Уладзіслава Хаванскага, сарваў таварыскі матч гэтага калектыву з расійскай камандай лігі «Амкалам».

– Мы адбіраем каманды, якія былі б цікавыя лізе і яе аўдыторыі. Мінск і ўся Беларусь – гэта стратэгічна важны [рэгiён] для развіцця лігі. Любоў да спорту ў гэтай краіне і ў гэтым горадзе нас настолькі моцна падкупляе, што мы не можам абысці ўвагай Мінск у наступным сезоне.

Каманда DMedia – тыя хлопцы, каго мы вельмі хочам бачыць у гэтым і наступным сезоне. Мы можам гарантаваць месца DMedia у новым сезоне, які будзе вясной, – цытуе Осіпава sport5 co спасылкай на праграму «Арэна».