Tribuna/Футбол/Блогі/Маўнт абраў нумар 7 у «МЮ». А Мэйсан ведае, што ў «Юнайтэд» гэта прыносіць няўдачу з 2009-га?

Маўнт абраў нумар 7 у «МЮ». А Мэйсан ведае, што ў «Юнайтэд» гэта прыносіць няўдачу з 2009-га?

Была магчымасць узяць «свой» 19-ты.

Аўтар — Бона Сфорца
9 ліпеня, 12:44
Маўнт абраў нумар 7 у «МЮ». А Мэйсан ведае, што ў «Юнайтэд» гэта прыносіць няўдачу з 2009-га?

«Манчэстэр Юнайтэд» афіцыйна абвясцiў пра трансфер Мэйсана Маўнта за 64+6 млн еўра — і гэта адзін з самых цікавых пераходаў у англійскай прэм’ер-лізе ў летняе міжсезонне.

У англiчанiна была магчымасць атрымаць свой 19-ы нумар, пад якім ён гуляў у лонданскім «Чэлсі». Але Маўнт пайшоў на смелы крок — узяў сабе нефартовы 7-ы.

Сямёрку на спіне ў «МЮ» лічаць нешчаслівай з часоў першага сыходу Крышціяну Раналду, бо ўсе, хто гуляў пад гэтым нумарам пасля партугальца, не маглі апраўдаць чаканні ні кіраўніцтва клуба, ні фанатаў.

Майкл Оўэн, 2009-12

У Раналду атрымалася справіцца з ціскам, які прыносіць 7-ы нумар. Пагадзіцеся, атрымаць яго пасля такіх легендарных фігур, як Джордж Бест, Браян Робсан, Эрык Кантана і Дэвід Бекхэм — вялікі чэлендж.

А вось у Майкла Оўэна, які атрымаў сямёрку пасля партугальца, мякка кажучы, не пайшло. Залаты хлопчык англійскага футбола прыехаў у «МЮ» ў 29 гадоў i на працягу трох сезонаў у складзе «чырвоных д’яблаў» больш змагаўся з траўмамі. Найграў толькі 52 матчы, у якіх забіў 17 мячоў.

Антоніа Валенсія, 2012-13

Яго будуць памятаць як капітана, сапраўднага прафесіянала і футбаліста, які біўся за эмблему у кожным матчы. Але эквадорца найперш асацыююць з 25-м нумарам, пад якім ён правёў большую частку кар’еры ў Манчэстэры.

Пасля цудоўных выступаў у стартавых сезонах сэр Алекс Фергюсан даверыў яму знакавую сямёрку. З ёю на спіне ён пагуляў у сезоне-2012/13, у якiм сур’ёзна здаў у гульнявым плане. Перад кампаніяй-2013/14 Валенсiя адмовіўся ад нумара, сказаўшы, што ён «занадта шмат важыць». Наступныя пяць сезонаў Валенсія зноў насiў 25-ы i быў у парадку.

Анхель Дзі Марыя, 2014-15

У 2014-м у «МЮ» за 75 млн еўра прыехаў Анхель Дзі Марыя, які стаў чарговым уладальнікам сямёркi. Аргентынец правёў нядрэнны сезон (аддаў 11 асістаў у АПЛ), але ў другой яго частцы страціў месца ў старце пасля невялікай адсутнасці з-за траўмы.

Дзі Марыя не падыходзіў Луi ван Галу, а калі «МЮ» атрымаў шчодрую прапанову ад «ПСЖ» ужо наступным летам, то прадаў аргенцінца.

Мемфіс Дэпай, 2015-2017

Ван Галу пры гэтым вельмі падыходзіў суайчыннік Мемфіс Дэпай. Прынамсі, так думаў сам трэнер, але ўсё пайшло не па яго плане. Нiдэрландзец не змог праявіць сябе належным чынам у першым сезоне на «Олд Трафард», а ў 2016-м пайшоў ван Гал.

З Жазэ Маўрынью выбудаваць адносіны не ўдалося – Мемфіс правёў лічаныя хвіліны ў першай частцы сезона 2016/17, а зімой з’ехаў у «Ліён», пасля назваўшы сыход з «МЮ» найлепшым рашэннем у кар’еры.

Алексіс Санчэс, 2017-2019

На замену Дэпаю з лонданскага «Арсенала» прыехаў Алексіс Санчэс – і для яго гэта было, мусіць, найгоршае рашэнне. У Лондане ў сваім прайме ён быў каралём і адным з найлепшых футбалістаў у Еўропе, а ў Манчэстэры ператварыўся ледзь не ў пасмешышча.

Чыліец правёў у «Юнайтэд» усяго паўтара года, забіў 5 галоў у 45 матчах і з'ехаў у міланскі «Інтэр».

Эдзiнсан Кавані, 2020-2021

Кавані прыйшоў у «МЮ» легендай «ПСЖ» і футбалістам з надзвычайным досведам – і, дзеля справядлівасці, выдаў нядрэнны дэбютны сезон (17+6 у 39 матчах ва ўсіх турнірах) з сёмым нумарам на спіне, пад якім яшчэ калісьці запальваў у «Палерма» і «Напалі».

Зрэшты, ужо наступным летам сямёрку прыйшлося аддаць Раналду, які вярнуўся ў «МЮ». Кавані ўзяў 21-ы нумар, які, па збегу абставін, ужо для яго стаў нешчаслівым — уругваец пакутаваў ад траўмаў, а манчэстэрцы правалілі сезон.

Крышцiяну Раналду, 2021-2022

Сімвалічна, што ў кантэксце нешчаслівай сямёркі ў «МЮ» усё скончылася там, дзе і пачалося. 7-ы нумар стаў нефартовым пасля сыходу Раналду і для самога Крышціяну. Ён, мабыць, быў адзінай светлай плямай «Юнайтэд» пад кіраўніцтвам Ральфа Рангніка (статыстычна правёў нядрэнны сезон-2021/22), але пасля прыходу Эрыка тэн Хага ўсё пайшло наперакасяк.

Прапушчаная перадсезонная падрыхтоўка, матчы на лаўцы запасных, безвыніковы футбол, калі ён усё ж атрымліваў шанц на полі, скандальнае інтэрв'ю і, у рэшце рэшт, скасаванне кантракта – не так сабе Крыш уяўляў вяртанне дадому.

Але ж, можа, Маўнт здолее перарваць «традыцыю»?

Фота: Manchester United, ANDREW YATES/AFP/Global Look Press, Laurence Griffiths, Dean Mouhtaropoulos, Catherine Ivill/Global Look Press, Jay Barratt - AMA

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты