Tribuna/Футбол/Блогі/У Неймара крыжы – зноў выбыў надоўга. За апошнія 5 гадоў прапусціў 122 матчы праз траўмы

У Неймара крыжы – зноў выбыў надоўга. За апошнія 5 гадоў прапусціў 122 матчы праз траўмы

Што такое не шанцуе.

Аўтар — Бона Сфорца
20 кастрычніка, 14:08
У Неймара крыжы – зноў выбыў надоўга. За апошнія 5 гадоў прапусціў 122 матчы праз траўмы

Для зборнай Бразіліі акно матчаў зборных прайшло сумна. Спачатку яны згулялі дома ўнічыю з Венесуэлай (1:1) у матчы кваліфікацыі на ЧС-2026, а затым саступілі Уругваю 0:2 на выездзе. Бразільцы ўсё роўна ідуць на трэцімі ў групе, і няма сумневаў, што патрапяць на турнір.

Аднак параза ад уругвайцаў была балючай яшчэ па адной прычыне, якая знервавала не толькі трэнерскі штаб Бразіліі, але і прадстаўнікоў «Аль-Хілаля». У канцы першага тайма, калі Уругвай адкрыў лік, бразільцы разыгралі матч з цэнтра поля. А ўжо праз некалькі секунд Неймар і Нікалас дэ ла Крус пазмагаліся за мяч, у выніку чаго бразілец упаў на газон. Тое, што траўма сур’ёзная, стала відавочна, калі на поле выехала машына з насілкамі.

На жаль, прадчуванні спраўдзіліся. «Аль-Хілаль» паведаміў, што ў 31-гадовага бразільца пашкоджанне пярэдняй крыжападобнай звязкі, а таксама разрыў меніска. Па ацэнцы выдання Globo, аднаўленне зойме не меней за паўгода.

А толькі ў 2023-м Неймар ужо прапусціў 160 дзён праз траўмы. З лютага па ліпень залечваў пашкоджанне галенастопа (часцей за ўсё ў яго кар’еры цярпеў менавіта ён), а затым цалкам прапусціў жнівень, на працягу якога паспеў перайсці з «ПСЖ» у чэмпіянат Саудаўскай Аравіі.

Калі вам здаецца, што апошнія некалькі гадоў Неймар больш лечыцца, чым гуляе, то вы блізкія да праўды. Калі ўзяць адрэзак у 5 гадоў (з 19 кастрычніка 2018-га па 19 кастрычніка 2023-га), то бразілец праз траўмы рознай цяжкасці прапусціў сумарна ўжо амаль два гады – 653 дні. І гэта без уліку новага сур’ёзнага пашкоджання.

Неймар ужо апублікаваў пост у інстаграме:

«Гэта вельмі сумны момант, найгоршы. Я ведаю, што я моцны, але на гэты раз мне яшчэ больш спатрэбяцца мае родныя і сябры. Нялёгка прайсці праз траўму і аперацыю, а ўявіце, што праз чатыры месяцы пасля аднаўлення мне давядзецца прайсці праз гэта зноў.

У мяне ёсць вера, нават зашмат.

Але я аддаю свае сілы ў рукі Бога, каб ён мог аднавіць мае. Дзякуй за вашыя словы падтрымкі», – напісаў бразілец.

У бягучым сезоне на яго рахунку толькі 5 матчаў з 11 магчымых за «Аль-Хілаль», у якіх ён адзначыўся адным голам і двума асістамі.

Фота: Goal

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты