Tribuna/Футбол/Блогі/«Сіці» выгадна прадае выхаванцаў акадэміі і гульцоў структуры – з 2016-га зарабілі 400+ млн фунтаў

«Сіці» выгадна прадае выхаванцаў акадэміі і гульцоў структуры – з 2016-га зарабілі 400+ млн фунтаў

Санча, Лавія, Педра Пора – іх хлопцы.

25 верасня, 08:23
«Сіці» выгадна прадае выхаванцаў акадэміі і гульцоў структуры – з 2016-га зарабілі 400+ млн фунтаў

«Манчэстэр Сіці» і грошы – гэтая тэма ўвесь час выклікае шквал дыскусій пасля дасягненняў/няўдач каманды, а падаграваюць усё гэта рэгулярныя абвінавачванні ў абыходзе правіл фінансавага фэйр-плэю. То УЕФА аштрафуе клуб у 2014-м на 50 мільёнаў фунтаў і ледзь не адхіліць ад удзелу ў ЛЧ у 2020-м, то АПЛ гэтай вясной выставіць абвінавачанні ў 115 эпізодах верагодных парушэнняў.

Ісціна – дзесьці ў падрабязных падліках спецыяльных інстанцый, якія павінны сачыць за гэтым. Але ёсць яшчэ адна ісціна – прынамсі, балансаваць на грані «гараджанам» дапамагае ўменне прадаваць сваіх гульцоў.

У апошні час з’явілася новая тэндэнцыя – продажы выхаванцаў акадэміі або футбалістаў, якія знаходзяцца ў структуры, аднак у асноўную каманду не трапляюць.

Самы свежы прыклад – Коўл Палмер. Яго Хасэп Гвардыёла актыўна цікавіў, але пры гэтым адпусціў у «Чэлсі» за 47 мільёнаў еўра.

З 2016-га «Сіці» прадаў непатрэбных аснове гульцоў больш чым на 400 млн фунтаў, у апошнія 3 вокны – выхаванцаў на 150 млн

Нанава тэма працы «Ман Сіці» з акадэміяй узнялася не толькі дзякуючы трансферу Палмера. Справа ў тым, што за апошнія тры трансферныя вокны клуб такім чынам выручыў больш за 150 мільёнаў фунтаў. І калі Коўл хаця б гуляў у Гвардыёлы, то іншыя – не. Вось сёлетнія прыклады:

➡️ 20-гадовы галкіпер Джэймс Трафард («Бёрнлі», 19 млн фунтаў): 0 матчаў на дарослым узроўні за «Сіці», мінулы сезон правёў у арэндзе ў «Болтане» і засвяціўся на моладзевым Еўра U-21 у складзе зборнай Англіі;

➡️ 19-гадовы вінгер Карлуш Боржэс («Аякс», 17 млн фунтаў): 0 матчаў на дарослым узроўні за «Сіці», гуляў у калектывах U-18, U-19, U-23, найлепшы бамбардзір і гулец моладзевага чэмпіянату мінулага сезона;

➡️ 19-гадовы апорнік Шы Чарльз («Саўтгемптан», 15 млн фунтаў): 1 матч на дарослым узроўні за «Сіці», гуляў у калектывах U-21 і U-23, мае 8 выхадаў за зборную Паўночнай Ірландыі.

Гэты спіс пашыраецца, калі прыняць да ўвагі мінулую кампанію: Рамэа Лавія, Гавін Базуну, Самуэль Эдозі, Хуан Ларыяс (усе – сышлі ў «Саўтгемптан»), Дарка Джабі («Лідс»), Педра Пора («Спортынг», потым у «Тотэнхэм», прынёсшы % ад перапродажу), Ко Ітакура («Барусія» М), Арыянет Мурыч («Бёрнлі»).

З 2016-га, калі прызначылі Гвардыёлу, было некалькі дзясяткаў такіх трансфераў:

Знаёмых імёнаў шмат – Келечы Іхеанача, Браім Дыяс, Анхелінья, Джэйдан Санча, Дуглас Луіз, Джэйсан Дэнаер, Лукас Нмеча, Секу Фафана і г.д.

Успрымаць гэтую інфармацыю як занадта дакладную не трэба, на гэта ёсць некалькі прычын. Першая – выбарка гульцоў, таму што тут прысутнічаюць таксама тыя, каго «Сіці» ў свой час ужо браў за прыстойную суму ў больш-менш сталым узросце. Напрыклад, турэцкі форвард Энес Унал, які ў свае 18 пераходзіў за 4 млн еўра. А таксама тыя, хто з акадэміі ў аснову дарос, але не замацаваўся.

Некаторыя прозвішчы нават давялося прыбраць – як вось Джэк Харысан. Ён патрапіў у склад «гараджан» аж у 23 гады – па крытэрыях падыходзіць, таму што ў Гвардыёлы не гуляў, але гэта не паказальная гісторыя.

Другая прычына – структура здзелак і бонусаў, дадзеныя пра якія адрозніваюцца ў крыніцах.

Аднак факт продажаў непатрэбных футбалістаў на больш за 400 млн фунтаў можна канстатаваць (у выбарцы BlueCityBrain пазначана 442 млн).

У структуры «Сіці» створаны ўмовы для прагрэсу – моладзевыя каманды стабільна перамагаюць, клуб часта аддае гульцоў у арэнды

Гульцы структуры «Сіці» карыстаюцца попытам на рынку, таму што сапраўды крута праяўляюць сябе на розных узроўнях. Для гэтага ў іх створаны ўсе ўмовы. Перш за ўсё, ва ўласнай акадэміі – у 2014-м шэйхі выдаткавалі больш за 200 млн фунтаў на інфраструктуру: абнаўленне базы, трэніровачныя палі (16 штук), стадыёны для жаночых і юнацкіх каманд, спартыўныя залы, цэнтры для аднаўлення.

«Сіці» дамінуе ў Англіі на ўзроўнях U-18 і U-23, у верасні аж 38 маладых выканаўцаў патрапілі ў зборныя ў розных узроставых катэгорыях. 10 з іх – у каманду Англіі U-21 у адборы на Еўра-2025.

Для разумення маштабаў – клуб вельмі сур'ёзна падыходзіць нават да пошуку трэнераў для калектываў U-9 і U-12. Ну і, напэўна, не сакрэт, што пераманьваць таленты зараз стала лёгка – сваю ролю граюць статус і фінансавыя магчымасці «Сіці».

Маючы вялікую колькасць якасных гульцоў, «гараджане» з радасцю аддаюць іх у арэнду для ўзняцця рынкавага кошту.

Мінусам ва ўсёй гэтай гісторыі можна лічыць тое, што ў самім клубе да самага высокага ўзроўню дарастаюць адзінкі. Хопіць пальцаў адной рукі – Філ Фодэн і Рыка Льюіс (і данядаўна Палмер). Выходзіць, што ўся гэтая структура прыярытэтна працуе дзеля бізнесу.

Гэтыя трансферы дапамагаюць «Сіці» ўпісвацца ў ФФП. Канчаткова гульцоў не губляюць – прапісваюць пункт пра зваротны выкуп

Продажы гульцоў акадэміі маюць асаблівую каштоўнасць і ствараюць для «Сіці» дадатковую фінансавую падушку ў справаздачах па выкананні ФФП. Клуб шмат траціць, але ў той жа час пачаў і вельмі шмат зарабляць.

Структура клуба – гэта раз, Саудаўская Аравія – гэта два. Таму пры такіх абставінах зусім не дзіўна, што прэзідэнт УЕФА Аляксандзер Чафярын пачынае казаць пра ўвядзенне столі заробкаў і ўзмацненне канкурэнцыі ў футболе. Таму што калі такая каманда, як «Ман Сіці», яшчэ вальней будзе пачувацца на рынку, угнацца за ёй будзе вельмі складана.

А што датычыцца ахвяр у выглядзе страты таленавітых гульцоў, то тут таксама ўсё прадумана. У большасць здзелак «гараджане» ўключаюць пункт пра права зваротнага выкупу. Гэта значыць, калі ўмоўны Боржэс праявіць сябе ў «Аяксе» і зацікавіць «Рэал», а «Сіці» ён будзе патрэбны – то прыярытэт будзе не ў мадрыдцаў. Калі не будзе патрэбны, то англічане проста атрымаюць свой % ад перапродажу, які таксама рэгулярна прапісваюць.

Дарэчы, так быў шанец перахапіць Лавія, якога гэтым летам гандлявалі «Ліверпуль» і «Чэлсі». Іншая справа, што Гвардыёле бельгіец не спатрэбіўся.

Да таго ж кейс Палмера з'яўляецца выключэннем з правіл – тут «Сіці» опцыі пра зваротны выкуп не мае.

Фота: Tom Flathers/Manchester City FC, Martin Rickett/PA Images, інфаграфіка Tribuna.com, Andy Rowland/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты