Tribuna/Футбол/Блогі/Мбапэ вельмі хоча на Алімпіяду, але «Рэал» супраць – угаворваць мадрыдцаў будуць Макрон і Анры

Мбапэ вельмі хоча на Алімпіяду, але «Рэал» супраць – угаворваць мадрыдцаў будуць Макрон і Анры

Новая сюжэтная лінія.

24 сакавіка, 13:22
Мбапэ вельмі хоча на Алімпіяду, але «Рэал» супраць – угаворваць мадрыдцаў будуць Макрон і Анры

У гісторыі стасункаў Кіліяна Мбапэ і «Рэала» зноў новая сюжэтная лінія – бакі яшчэ не падпісалі кантракт, а ўжо разыходзяцца ў пазіцыях адносна магчымай паездкі француза на хатнія Алімпійскія гульні ў Парыжы.

✅ Мбапэ вельмі хоча на хатнюю Алімпіяду – ужо даўно пра гэта кажа

Навіна пра ініцыятыву Кіліяна паехаць на Алімпіяду далёка не сюрпрыз – пра гэта футбаліст рэгулярна кажа на працягу апошняга года. Гэтая тэма нават стала пэўным рычагом уплыву ў перамовах з «ПСЖ» і «Рэалам» – парыжане, напрыклад, у выпадку падаўжэння кантракту абяцалі Мбапэ без праблем адпусціць яго ў зборную.

Самая свежая цытата форварда – з размяшчэння дарослай нацыянальнай каманды ў суботу:

💬 «Я заўсёды хацеў згуляць на Алімпіядзе. Маё жаданне не змянілася. Калі выйдзе згуляць, гэта будзе марай, але калі мне не дазволяць, то зраблю тое, што мне скажуць.

Рашэнне па-ранейшаму залежыць ад аднаго чалавека. Ён пакуль не сказаў мне «так» ці «не», – сказаў Мбапэ.

Прычына, чаму Кіліян зноў закрануў гэтую тэму, палягае ў пазіцыі «Рэала» – яго будучага клуба, які нядаўна выступіў катэгарычна супраць сцэнара з паездкай зорнага навічка на Алімпійскія гульні.

❌ «Рэал» не хоча адпускаць гульцоў на Алімпіяду – з-за пропуску перадсезонкі і адсутнасці адпачынку пасля Еўра-2024

Французскае аўтарытэтнае выданне L’Equipe у сярэдзіне сакавіка паведаміла, што шанцы на выклік Мбапэ вельмі нізкія – маўляў, «Рэал» не плануе адпускаць сваіх гульцоў. Прычыны – пропуск перадсезоннай падрыхтоўкі і адсутнасць адпачынку паміж Еўра-2024 і Алімпіядай, бо гэта ўскладняюць даты правядзення абодвух спаборніцтваў.

Чэмпіянат Еўропы будзе праходзіць з 14 чэрвеня па 14 ліпеня, а спаборніцтвы па футболе на Алімпійскіх гульнях – з 24 ліпеня па 10 жніўня. Гэта значыць, калі Францыя выйдзе ў фінал Еўра, то ў Кіліяна будзе толькі прыкладна тыдзень паўзы. Старт жа Ла Лігі – папярэдне ў жніўні, як і заўсёды.

Размовы пра забарону «Рэала» выйшлі на афіцыйны ўзровень – клуб адправіў ліст у Федэрацыю футбола Францыі, папярэдзіўшы, што ні адзін з іх маладых гульцоў не будзе даступны для выкліку. Гэта пасля пракаментаваў прэзідэнт FFF Філіп Дыяло:

💬 «Удзел найлепшага футбаліста свету на хатніх Алімпійскіх гульнях быў бы вельмі сімвалічным. Мне шкада, што «Рэал» закрывае дзверы да мары для многіх гульцоў. Аднак я паважаю іх рашэнне. Гэта таксама адзіны замежны клуб, які паведаміў нам пра гэта.

Я не апускаю рукі, але яны выказалі сваю пазіцыю. Калі з'явіцца магчымасць пераканаць «Рэал», мы ёю скарыстаемся.

На апошніх Гульнях FFF атрымала 31 адмову ад клубаў, але наша задача – сабраць як мага мацнейшы склад. Калі трэба сустрэцца з Фларэнціна Перэсам у Мадрыдзе, мы гэта зробім».

❓ У сітуацыю гатовыя ўмяшацца Макрон і Анры – Цьеры таксама планаваў выклікаць Грызмана і Жыру

Галоўны трэнер алімпійскай зборнай Цьеры Анры, па папярэдніх даных, планаваў выклікаць у каманду Мбапэ, Антуана Грызмана і Аліўе Жыру – таму яго вестка пра «бан» мадрыдцаў засмуціла:

💬 «Замежныя клубы бачаць сітуацыю не так, як мы, таму яны кажуць «не». Я падазраваў, што так будзе, але не збіраюся спыняцца на першай жа адмове. Паглядзім, што можна зрабіць. У рэшце рэшт, рашэнне застаецца за клубамі, бо Алімпіяда не ўваходзіць у тэрміны ФІФА. На жаль, гэта так. Нельга блефаваць, калі няма добрых карт на руках.

Адзінае, у чым мы ўпэўненыя – гэта тое, што не можам быць упэўненыя ў чымсьці. Нават калі клуб пагодзіцца, то раптам у гульца зменіцца каманда ці трэнер? Тады гэтае «так» можа ператварыцца ў «не».

Даводзіцца планаваць мноства сітуацый. Адзінае, што мы ведаем пра Кіліяна – тое, што ён пакідае «ПСЖ». Калі пераходзіць у «Рэал», то мы разумеем, што яны не адпусцяць гульцоў на Алімпіяду».

Іспанскае выданне Sport.es на днях паведаміла, што Анры да апошняга будзе спрабаваць пераканаць мадрыдцаў. Больш за тое, ён заручыцца падтрымкай прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона – той быццам плануе зладзіць ціск з усіх бакоў, каб дасягнуць згоды. Не выключана, што Макрон напрамую пойдзе вырашаць сітуацыю. Дыялог з Перэсам можам толькі ўявіць.

Цікава, што супраць рыторыкі «Рэала» выступіў і галоўны трэнер дарослай зборнай Дзідзье Дэшам, які раней наадварот не быў прыхільнікам паездкі Мбапэ на Алімпіяду:

💬 «Пазіцыя «Рэала» крыху састарэла. Аднак рашэнне прымаюць бізнесмены».

🔒 «Рэал» не абавязаны адпускаць Мбапэ – турнір не ўваходзіць у каляндар ФІФА

Фактычна тое, пра што распавёў Анры – «Рэал» можа выступаць з пазіцыі сілы, бо, у адрозненне ад іншых турніраў, маюць поўнае права не адпускаць футбалістаў. Гэтыя спаборніцтвы не ўваходзяць у юрысдыкцыю ФІФА і не ўваходзяць у каляндар міжнародных спаборніцтваў.

Раней арганізацыя абмяркоўвала рэформы па гэтым пытанні, але гэта было яшчэ пад кіраўніцтвам Зепа Блатэра і да канкрэтыкі не дайшло.

***

Францыя на Алімпіядзе ў групе згуляе з Новай Зеландыяй, ЗША і пераможцам міжкантынентальнага плэй-оф паміж чацвёртымі камандамі Афрыкі (Гвінея) і Азіі.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты