Tribuna/Футбол/Блогі/Чаму Холанд заслугоўваў узяць гэты «Залаты мяч»

Чаму Холанд заслугоўваў узяць гэты «Залаты мяч»

Такая ўзнагарода толькі псуе спадчыну Месі.

31 кастрычніка, 00:55
Чаму Холанд заслугоўваў узяць гэты «Залаты мяч»

Пытанне пра тое, хто павінен выйграць «Залаты мяч» па вынiках сезона-2022/23, даўно зводзiлася да двух прозвiшчаў. Але чым бліжэй да цырымоніі ўручэння, тым больш было ясна – Эрлінг Холанд папоўніць спіс футбалістаў, у якіх Ліянель Месі скраў узнагароду.

У гісторыі еўрапейскага футбола было не так шмат каманд, якія выйгравалі трэбл – хатні чэмпіянат, нацыянальны кубак і Лігу чэмпіёнаў. Ідэальныя каманды ўваходзяць у гісторыю за кошт геніяльных трэнераў ці выдатных гульцоў. У выпадку з 2023-м – атрымалася спалучэнне. Пеп Гвардыёла пабудаваў «Ман Сiцi», якi выклікаў захапленне. Холанд – галоўная зорка гэтай каманды, новы «іншапланецянін», які ўжо прыйшоў (а не прыйдзе) на змену Леа і Крышу. Найлепшы гулец найлепшай каманды сезона, які аформіў за 53 матчы на клубным узроўні 52 галы і 9 асістаў.

У мінус нарвежцу можна паставіць той факт, што ні ў паўфінале, ні ў фінале ЛЧ і Кубка Англіі яму не ўдалося здзейсніць ніякага вынiковага дзеяння. Апраўданне? Чым бліжэй да вырашальнага матча, тым больш сіл супернікі кідалі на тое, каб нейтралізаваць Эрлінга. І гэта таксама вельмі дапамагло «Сіці» на шляху да трэбла. Забраўшы на сябе ўвагу, форвард даваў свабоду для творчасці сваім партнёрам. Наўрад ці «Рэал» думаў, што менавіта ад Бернарда Сілвы варта чакаць найвялікшай небяспекі ў паўфінале ЛЧ. Наўрад ці ў «МЮ» падкрэслівалi важнасць таго, каб закрыць менавіта Ілкая Гюндагана перад фіналам Кубка Англіі. Партугалец і немец аформілі вырашальныя дублі ў тых супрацьстаяннях. Гэта можа гучаць звычайнай адмазкай Холанда, але гэта частка праўды.

Няўдача са зборнай? Так, Нарвегія зноў праляцела міма вялікага турніру. Але 5 з 12 страчаных зборнай ачкоў у адборы былі ў матчах, у якіх форвард не ўдзельнічаў з-за траўмы. Ды i нарвежская каманда далёка не гранд нават еўрапейскага футбола. А калі паглядзець на статыстыку, то і тут у Холанда ўсё на топ-узроўні – 4 забітых у 4 матчах мінулага сезона за зборную.

Можна казаць, што значную частку з 52 галоў Холанда складаюць хет-трыкі ў вароты каманд узроўню «Вулверхэмптана», «Нотынгема» і «Крыстал Пэлас». А можна ўспомніць 6+5 у матчах супраць трох каманд, якія фінішавалі ў топ-4 па выніках мінулага сезона АПЛ. Эрлінг ідэальна спраўляўся з задачамі, якія яму ставіў Пэп. Ён не цягнуў коўдру на сябе, статыстыка яго дакрананняў за матч дзе-нідзе ўражвала – настолькі мала іх было. Ён проста забіваў галы і адцягваў супернікаў на сябе – а што яшчэ трэба ад форварда?

Перамога на ЧС – такі адказ у цяперашніх рэаліях.

Месі ў Катары сапраўды стварыў пэрформанс, які ўвойдзе ў гісторыю. Ліянэль стаў найлепшым футбалістам найлепшай каманды турніру, ствараючы магію на палове поля суперніка.

Але ЧС доўжыўся месяц, а гэта ўсяго 10% сезона. Калі браць выступы Месi за «ПСЖ», то нават па статыстыцы розніца кідаецца ў вочы: 12+14 да ЧС, 9+6 пасля. Але самае галоўнае – бясслаўны вылет з Кубка Францыі і ЛЧ. У супрацьстаянні з «Баварыяй» Ліянэль кудысьці знік. Тут ёсць два варыянты: альбо Месі проста не хапіла формы на другую палову сезона, альбо ён свядома збавіў абароты. І цяжка сказаць, што ў гэтым выпадку большы мінус для футбаліста, якому ўручаюць «Залаты мяч» па выніках сезона.

Пытанне плаўна перацякае ў галоўную праблему самой узнагароды. Ці не больш лагічна было б уручаць узнагароду недзе ў чэрвені – адразу пасля завяршэння сезона? Ці не час увесці нейкія крытэрыi? Прапісалі б адразу: у цотныя гады арыентавацца трэба на дасягненні на ЧС або Еўра, у няцотныя – на клубныя здзяйсненні або топавую статыстыку.

Гэты «Залаты мяч» больш нашкодзіць спадчыне Месi – найлепшага гульца ў гісторыі футбола. Праз 50 гадоў ніхто не стаў бы казаць «Месі не быў найлепшым, таму што ў яго не 8, а ўсяго 7 «Залатых мячоў». Яго хейтэрам па-ранейшаму было б дастаткова гісторый са Снэйдэрам, ван Дэйкам, Левандоўскім.

Цяпер у іх спісе ёсць i Холанд.

Фота: Daniela Porcelli/Global Look Press, Gary Oakley/Global Look Press, Michael Weber/Global Look Press

Найлепшае ў блогахБольш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты