Tribuna/Футбол/Блогі/Скандал у Мексіцы: траўмаваны брамнік свяціў лазерам у вочы брамніку суперніка – вось як яго пакаралі

Скандал у Мексіцы: траўмаваны брамнік свяціў лазерам у вочы брамніку суперніка – вось як яго пакаралі

Матч увогуле атрымаўся вельмі гарачым.

Аўтар — Pam-pam
19 красавіка, 13:22
Скандал у Мексіцы: траўмаваны брамнік свяціў лазерам у вочы брамніку суперніка – вось як яго пакаралі

У чэмпіянаце Мексікі па футболе разгарэўся незвычайны скандал, віной якому стаў галкіпер мексіканскага клуба «Тыгрэс» Науэль Гусман. Падчас матчу 15-га тура супраць «Мантэрэя» футбаліст, які праз траўмы знаходзіўся на трыбунах, арыгінальным спосабам вырашыў дапамагчы сваёй камандзе. 38-гадовы брамнік на працягу ўсяго другога тайма свяціў лазернай указкай у вочы галкіперу суперніка Эстэбану Андрадзе.

На наступны дзень Науэль Гусман прынёс прабачэнні ў свім акаўнце «X». Аргентынскі футбаліст паведаміў, што ў прыватным парадку папрасіў прабачэння ў кіраўніцтва «Тыгрэс» за свой учынак. Тое ж самае тычыцца і яго суайчынніка, брамніка Эстэбана Андрады:

«Як я ўжо зрабіў гэта ў прыватным парадку і ў адпаведнасці з каштоўнасцямі арганізацыі, якую я прадстаўляю, я хацеў бы скарыстацца важнасцю сацыяльных сетак, каб публічна прынесці свае прабачэнні Эстэбану за інцыдэнт, які адбыўся ўчора».

Але дзеянні былога брамніка зборнай Аргенціны не засталіся без увагі дысцыплінарнай камісіі, якая ў чацвер, 18 красавіка, вынесла рашэнне па гэтай справе. Гульца дыскваліфікавалі на 11 матчаў і наклалі штраф (сума не ўдакладняецца). Таксама Гусман будзе пакараны грамадскімі працамі.

«Улічваючы беспрэцэдэнтны характар сітуацыі, накладзеныя санкцыі павінны зафіксаваць «да» і «пасля» ў нашым спорце для гульцоў, дырэктараў і заўзятараў», – растлумачыла камісія ў прэс-рэлізе.

«Тыгрэс», на які таксама быў накладзены штраф за «непрыстойныя паводзіны» заўзятараў і супрацоўнікаў, заявіў, што не плануе абскарджваць рашэнне наконт паводзінаў свайго галкіпера. Больш за тое, клуб сам плануе пакараць яго.

«Пасля таго як дысцыплінарная камісія Мексіканскай федэрацыі футбола абвясціла пра санкцыі, мы хочам заявіць наступнае: мы выконваем спартыўныя і эканамічныя санкцыі, ужытыя да нашага гульца Науэля Гусмана і арганізацыі», – гаворыцца ў заяве.

Пры гэтым у клубе незадаволеныя тым, як камісія пакарала брамніка апанентаў. Так-так, таго самага, які атрымаў лазарам у вочы. Справа ў тым, што Эстэбан Андрадэ дазволіў сабе абразлівыя публікацыі ў адрас Гусмана ў сваіх сацсетках – назваў таго «чортавым кавалкам лайна», а таксама карыстаўся «гамафобнымі выразамі» (пазней усе публікацыі былі выдаленыя).

Але і гэта яшчэ не ўсе пакаранні за той матч. Гаспадары таксама атрымалі штраф за тое, што не змаглі гарантаваць бяспеку на стадыёне.

Мясцовая ліга таксама забараніла наведваць свае арэны двум заўзятарам, якія кідалі прадметы з трыбун падчас дэрбі і нападалі на іншых фанатаў і гульцоў. Парушальнікі былі ідэнтыфікаваныя па відэароліках у сацыяльных сетках і дзякуючы рэестру FAN ID.

Гарачая гульня паміж «Мантэрэем» і «Тыгрэс» скончылася з лікам 3:3.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты