Tribuna/Футбол/Блогі/Напружанасць у «Барсе»: Гюндаган раскрытыкаваў Арауху за чырвоную з «ПСЖ», Хаві адмяніў трэніроўку

Напружанасць у «Барсе»: Гюндаган раскрытыкаваў Арауху за чырвоную з «ПСЖ», Хаві адмяніў трэніроўку

Але потым гульцы пагутарылі.

Аўтар — Jaŭhen Paŭlavič
20 красавіка, 23:59
Напружанасць у «Барсе»: Гюндаган раскрытыкаваў Арауху за чырвоную з «ПСЖ», Хаві адмяніў трэніроўку

У нядзелю ў чэмпіянаце Іспаніі адбудзецца адзін з цэнтральных матчаў сезона – «Рэал» будзе прымаць дома «Барселону». Для каталонцаў гэта апошні шанц утрымаць інтрыгу ў чэмпіёнскай гонцы – яны адстаюць ад мадрыдцаў на 8 ачкоў за сем тураў да канца. Але перад матчам «блаўгранас» прыйшлося разбірацца з напружанай атмасферай у раздзявальні.

Праблемы пачалiся з матча ЛЧ – у аўторак «Барселона» сустракалася дома з «ПСЖ» у чвэрцьфінале ў адказ. Каталонцы адкрылі лік у паядынку, аднак на 29-й хвіліне iх гулец Рональд Арауха ўпусцiў Брэдлi Баркаля i звалiў яго на мяжы штрафной, за што атрымаў адразу чырвоную картку. Парыжане зраўнялі лік ужо праз 11 хвілін, а ў другім тайме забiлi яшчэ тройчы i прайшлi далей.

Адразу пасля матча гулец «Барселоны» Ілкай Гюндаган у сваiм каментарыi раскрытыкаваў Арауху. «Мы проста падарылі перамогу «ПСЖ». Калі Арауха фаліў на Баркаля, гэта чырвоная картка. У такія складаныя моманты трэба быць упэўненым, што дабярэшся да мяча. Канешне, у такой сітуацыі я б палічыў за лепшае даць супернiку выйсці на галкiпера. А тое, што нам прыйшлося так доўга гуляць удзесяцёх, забіла нашыя шанцы», – сказаў Гюндаган.

Арауха хутка адрэагаваў: «Я лiчу за лепшае трымаць свае думкі пры сабе. У мяне ёсць прынцыпы і каштоўнасці, якія, я думаю, трэба паважаць».

У завочны канфлiкт уключыліся iх партнёры Жуль Кундэ і Серджы Раберта. Першы напісаў: «Мы заўсёды перамагаем і прайграём як адна каманда. Час прыйсці ў сябе і падрыхтавацца да Эль Класіка». Другi быў падобны: «Цяпер мы згуртаваны больш, чым было да гэтага. Мы заўсёды разам перамагаем і прайграём».

Па iнсайдарскай iнфармацыi іспанскага выдання Diario Sport, большасць гульцоў «Барсы» не ўбачылі ў словах Гюндагана злога намеру, але некалькі футбалістаў усё ж лічаць каментарый немца з акцэнтам на аднаго гульца недарэчным. Але выданне As пасля падзялілася інфармацыяй, што Хаві адмяніў трэніроўку «Барселоны» у чацвер, нягледзячы на важны матч у нядзелю. Усё з-за напружанай атмасферы ў камандзе на фоне вылету з ЛЧ і каментарыя Гюндагана. У той дзень на базу каталонцаў прыязджалі толькі Сэрджы Раберта, Пэдры і Хаві.

У пятніцу паміж Гюндаганам i Араухам адбылася размова на трэніроўцы. Першы патлумачыў, што не спрабаваў ускладаць усю вiну на другога, а проста адказаў на пытанне наконт канкрэтнага эпiзоду. Выданне COPE сцвярджае, што цяпер у раздзявальні нармальная атмасфера.

Задаволеныя i тыя, хто спрабаваў прымiрыць бакi. «У раздзявальні пануе спакой. Гюндаган не меў злога намеру, Арауха зразумеў яго пасля размовы. Тэма закрытая, усе рухаюцца ў адным напрамку», – кажа Кундэ. Раберта дадае: «Што ў распранальні рознагалоссі – гэта няпраўда, вонкавы шум. Мы сямʼя. Гюндаган даваў каментарый пра матч без намеру ўказваць каму-небудзь».

Але гэта быў не першы выпадак у сезоне, калі Гюндаган крытыкаваў гульцоў «Барселоны». Пасля матча з «Рэалам» у першым крузе ён быў незадаволены рэакцыяй партнёраў на паражэнне 1:2. «Толькі прыйшоў з раздзявальні, i пасля такога выніку мне хацелася б бачыць больш гневу. Калі мы прайграём, павінна быць больш эмоцый. Гэтая каманда павінна зрабіць вялізны крок наперад, у адваротным выпадку такія паразы будуць паўтарацца. Я ішоў у «Барсу» не дзеля такіх правалаў», – тады заявiў Гюндаган, хаця i дадаў, што на iм «таксама ляжыць адказнасць».

Фота: Daisuke Nakashima/Global Look Press, Siu Wu/Global Look Press, «Барселона»

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты