Усе навіны

Экс-вясляр Шурмей: «Свабода – гэта адказнасць, а людзі баяцца адказнасці. Хачу, каб як мага больш беларусаў зразумелі, што ніхто за нас не зробіць нашу Беларусь вольнай»

23 сакавіка 2023, 22:16

Экс-вясляр і ўдзельнік дзвюх Алімпіяд Павел Шурмей, які ваюе ва Украіне, расказаў «Нашай Ніве» пра адказнасць беларусаў за тое, што ва Украіне з 24 лютага 2022 года працягваецца вайна, якую пачала Расія з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

«Я яшчэ год таму казаў: мы адказныя за тое, што з нашай зямлі ў бок Украіны ляцелі ракеты, ішлі расійскія войскі.

Мы адказныя за тое, што Беларусь акупаваная і што столькі гадоў Лукашэнка ва ўладзе. Спачатку ён камусьці падабаўся, а потым мы казалі, маўляў, а што мы здольныя зрабіць. Мы за ўсё гэта адказныя.

Адказныя за тое, што шмат хто з нас сказаў: што там тая палітыка? Я яе не чапаю! Як любіў казаць Лукашэнка, чарка-шкварка ёсць, ну і добра. Маўляў, паглядзіце, якія ў нас файныя дарогі, ва ўсіх ёсць праца, парадак. У Германіі ў 30-х гадах мінулага стагоддзя да ўлады прыйшоў чалавек, які таксама дарогі пабудаваў, працу ўсім даў, парадак навёў, але мы ўсе ведаем, чым гэта скончылася.

Свабода – гэта не значыць, што ты можаш рабіць тое, што захочаш, гэта адказнасць, а людзі баяцца адказнасці.

На жаль, у жніўні 2020-га мяне не было ў Беларусі, знаходзіўся ў Злучаных Штатах. Але назіраў за ўсім, бачыў, што тады адбывалася ў краіне, і мне было вельмі непроста. Людзі спадзяваліся, што калі Лукашэнка пабачыць, колькі народу прагаласавала супраць яго, ён сыдзе, але ў мяне такіх ілюзій не было.

Маю сяброў, старэйшых за мяне, якія засталі савецкія часы і служылі ў савецкай арміі. Яны выступалі супраць Лукашэнкі, але шмат гадоў казалі мне, што ў Расіі ўсё па-іншаму, чым у нас. Калі ў 2014 годзе ва Украіне пачалася вайна, казаў ім, што Лукашэнка – гэта лялька Пуціна, той яму дазваляе граць сваю гульню і трымае яго ва ўладзе. Яны не пагаджаліся. Прыйшоў 2020 год, і людзі мне кажуць, маўляў, калі б не Пуцін, мы здолелі б перамагчы! Мне здаецца, калі не палове беларусаў, то працэнтам 35 з іх дакладна быў патрэбны 2020 год, каб зразумець, хто такі Пуцін.

Я заўжды быў аптымістам, і цяпер аптыміст. Веру ў тое, што з перамогай Украіны мы здолеем хутка перамагчы Лукашэнку, вярнуцца дахаты і будаваць новую Беларусь, новае жыццё ў Беларусі са свабодным і адказным грамадствам.

Хачу, каб як мага больш беларусаў, асабліва тыя, хто выехаў за мяжу, зразумелі, што ніхто за нас не зробіць нашу Беларусь вольнай, і рыхтаваліся да гэтага. Так, гэта вельмі няпроста, але трэба гэта ўсвядоміць, і тады гэтыя крокі будзе прасцей зрабіць», – сказаў Шурмей.