Усе навіны

Экс-вясляр Шурмей пра вайну ва Украіне: «Калі людзі дазнаюцца, што мы – беларусы, якія ваююць за Украіну, ставяцца да нас вельмі добра. Думаю, што ўнутры стаў мацнейшы. Здаецца, рыхтаваўся ўсё жыццё»

24 сакавіка 2023, 09:45

Экс-вясляр і ўдзельнік дзвюх Алімпіяд Павел Шурмей распавёў «Нашай Ніве», як ён ваюе ва Украіне.

«Якім быў мой першы выезд? Як і ўсе іншыя, вельмі непростым. Вайна, людзі гінуць каля цябе, ты дапамагаеш людзям… Складана гэта словамі апісаць, трэба проста ўсё гэта пабачыць. Жылі людзі, быў мір, але прыйшоў старэйшы брат, каб нас «вызваліць» ад мірнага жыцця.

Пабачыў у Ірпені вельмі жудасныя разбурэнні. Так атрымалася, што амаль некалькі дзён наша лінія абароны праходзіла па вуліцы катэджнага мястэчка з новымі дамамі, нятаннымі.

Бачыш, што там жылі людзі, засталіся іх рэчы, нейкія хустачкі, а цяпер ты мусіш ладзіць кулямётнае гняздо ў іх дзіцячым пакоі.

Але трэба гэта рабіць, іначай вораг, Расія, пойдзе далей, і не проста ў Ірпені, а па ўсёй Украіне і ў кожным дзіцячым пакоі будзе такое.

Ваяваў у Ірпені, на поўдні Украіны, пад Мікалаевам, на Херсоншчыне. Былі ў Севераданецку, у Запарожскай вобласці і Бахмуце.

Што было самым цяжкім? Складана сказаць, цяпер самыя цяжкія баі ідуць у Бахмуце. Але могуць так скласціся абставіны, што на ціхім кавалку фронту нейкая звычайная аперацыя можа пайсці не так і ператварыцца ў вельмі складаную.

У мяне так было ў канцы красавіка пад Мікалаевам. Было ўжо светла, мы высоўваліся на свае пазіцыі, і нас заўважыў расійскі дрон. Мы былі ў чыстым полі, не было ніякай схованкі. Спачатку мы трапілі пад вельмі шчыльны мінамётны абстрэл, потым па нас, хутчэй за ўсё, працавала БМП (баявая машына пяхоты). Нам трэба было спачатку паўзці, потым ляжаць не рухаючыся, каб вораг вырашыў, што мы забітыя, тым часам ён працягваў па нас страляць. Колькі мы так ляжалі, не памятаю. Потым мы зноў беглі, а мінамёты зноў па нас стралялі. Той дзень быў вельмі запамінальны.

Гісторыі пра чалавечнасць на вайне? Гэта выпадкі, як нас прымалі людзі ў сёлах, дзе нам трэба было кватэравацца, як людзі кармілі нас абедамі, як не бралі за нейкія справы грошы і казалі, што не могуць іх узяць, бо мы іх абараняем. Калі людзі дазнаюцца, што мы – беларусы, якія ваююць за Украіну, ставяцца да нас вельмі добра.

На вайне я толькі ўпэўніўся ў тым, што калі жадаеш рабіць нешта добрае, рабі гэта сам, і нельга нішто адкладаць на заўтра, трэба ўсё рабіць адразу, бо ніякага заўтра можа не быць. Яшчэ ўсё магчыма, нават калі здаецца, што гэта не так, трэба проста сабраць сілы ў кулак і зрабіць.

Думаю, што ўнутры я стаў мацнейшы. Чамусьці мне здаецца, што я псіхалагічна рыхтаваўся да гэтага ўсё жыццё. Кожны сам выбірае свой шлях, і ніхто не зробіць за цябе тыя крокі, якія ты павінен зрабіць, каб штосьці зразумець і чагосьці дабіцца ў жыцці», – распавёў Шурмей.