Пра Дынама (Мінск), шанец ад Гурэнкі, вайсковую часць 3214. Інтэрв'ю з Аляксандрам Кучынскім
Добры дзень, Аляксандр. Раскажы, чаму выбраў гэты від спорту? Ці былі нейкія іншыя здольнасці і захапленні?
- Першапачаткова ўсё пайшло з двара. Там збіраліся хлопцы з дынамаўскай школы, якія добра гулялі. І я заўсёды неяк імкнуўся да іх. Так з'явілася жаданне паспрабаваць сябе ў футболе больш прафесійна. Як раз сябар прапанаваў запісацца ў прыватную школу. Нас узялі – з гэтага і пачаўся мой шлях.
Як бацькі паставіліся да таго, што ты прыходзіў дадому пастаянна мурзаты і з пабітымі каленямі? Мама не казала, што футбол – гэта дрэнна?
- Бацькі самі займаліся спортам, таму паставіліся з разуменнем і падтрымкай.
Калі не сакрэт, колькі бацькам абыходзілася навучанне іх дзіцяці ў прыватнай школе?
- Па-мойму, нічога не плацілі. Калі стаў старэйшым, касцюмы куплялі для мяне, форму і мячы.
У выніку з-за фінансавых праблем твая прыватная школа перастае існаваць. Ты апынуўся ў Тарпеда Жодзіна, дзе выступаў у лізе ліцэнзавання. Скажы, калі ласка, ці былі думкі ў той момант, што рабіць далей?
- Калі шчыра, на той момант мне ўсё падабалася, таму што я трапіў у каманду з хлопцамі на год старэйшымі за мяне. Трэнер быў добры, шмат чаму навучыў. Потым, калі вярнуўся ў каманду свайго года, пачаў думаць, у які клуб пайсці на прагляд і куды рухацца далей.
Ты добра выступаеш на ліцэнзіі за Тарпеда, і цябе запрашаюць у Дынама Мінск. Раскажы, што адчуваў хлопец у 15 гадоў пасля такога запрашэння?
- Не верыў у тое, што мара можа стаць рэальнасцю.
Але мара становіцца рэальнасцю. Ты трапляеш у дубль Дынама Мінск. Раскажы пра гэты год. Што больш за ўсё запомнілася?
- Ён запомніўся для мяне тым, што я пабываў у выдатным калектыве з добрым трэнерам, які шмат чаму мяне навучыў. Дзякуючы гэтаму мы сталі ў тым годзе чэмпіёнамі краіны. Атрымалася патрэніравацца пад кіраўніцтвам спецыяліста з Сербіі Вука Рашавіча, але, на жаль, у выніку я быў адпраўлены набірацца майстэрства ў ФК Бяроза.
Гурэнка праз год дае табе шанец. Чаму не атрымалася замацавацца?
- Я думаю, што рашэнні прымаў не ён, а кіраўніцтва... Яны не захацелі пакідаць мяне. Трэнер проста патлумачыў, што я ўжо стары для дубля. Хоць, мне здаецца, што Сяргей Вітальевіч хацеў мяне пакінуць.
Прыйшоў час аддаць доўг Радзіме. Дзе прыйшлося таптаць боты?
- Спецназ, вайсковая часць 3214.
Хлопец, які вырас на футбольным полі, быў гатовы да такога павароту ў сваім жыцці?
- Так, змірыўся з гэтым, бо не было выбару.
Як лічыш, гэтую школу жыцця цяперашняя моладзь павінна праходзіць?
- Так, лічу, што для многіх з іх гэта будзе добрым жыццёвым вопытам. Самым цяжкім асабіста для мяне былі ранішнія прабежкі з голым торсам зімой. Да астатняму прыстасоўваешся, і яно не здаецца цяжкім.
Сумаваў па футболе? Ці была магчымасць практыкавацца з мячом?
- Вядома, сумаваў. Магчымасці былі. Вельмі пашанцавала з камандзірам роты, які сам любіў футбол і ўвесь час браў па выхадных на гульні з іншымі ротамі.
Калі падыходзіў тэрмін заканчэння службу, было жаданне застацца?
- Прапаноўвалі, але я быў супраць. Думаў ісці ў якую-небудзь іншую сілавую структуру.
А што ж перашкодзіла табе рэалізаваць свае задумкі?
- Прапанова майго цяперашняга трэнера Антуана Іванавіча паспрабаваць сябе.
І тут пачынаецца новы этап тваёй футбольнай кар'еры. Пасля доўгай адсутнасці ты падпісваеш кантракт з ФК Ашмяны-БДУФК. Не баяўся, што развучыўся гуляць? Якія адчуваў эмоцыі?
- Я думаю, калі пакінулі ў камандзе, значыць, не развучыўся. Эмоцыі былі выдатныя, але да канца не верыў, што магчыма вярнуцца ў футбол пасля службы ў войску.
Твой дэбют за Ашмяны-БДУФК адбыўся супраць «Вікторыі» з Мар'інай Горкі. Буйная перамога з лікам 4:0, ты адыграў 9 хвілін. Каму першаму патэлефанаваў пасля матчу паведаміць пра дэбют?
- Дэбют павінен быў адбыцца раней, але замінала траўма. Калі адыграў, думкі былі толькі пра тое, што нічога не баліць, і магу выходзіць на поле.
Першы гол ты забіў камандзе ЮАС Жыткавічы?
- Так, памятаю гэты матч. Замкнуў падачу з вуглавога, завяршылі з лікам 7:1.
У гэтым годзе ФК Ашмяны вярнуліся ў першую лігу і дэманструюць добры футбол. Чаго не хапае камандзе?
- Дастаткова нядрэнна гуляем. Лічу, што не хапае майстэрства ў завяршальнай стадыі, шмат момантаў не рэалізуем. Мы павінны імкнуцца быць у пяцёрцы. Думаю, у нас добрыя нападаючыя, проста крыху не хапае вопыту і трошкі больш шанцавання. Асабіста сваёй задачай бачу набрацца вопыту і паспрабаваць перайсці ў каманду, якая на лігу вышэй.