Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/П’етрамуратская ўтрапёнасць. Першыя два этапы сусветнага мотакросу на італьянскай трасе выйшлі на любату

П’етрамуратская ўтрапёнасць. Першыя два этапы сусветнага мотакросу на італьянскай трасе выйшлі на любату

Чаго толькі не было ў нядзелю і сераду на трасе П’етрамурата: і трыумфы фаварытаў, і іх правалы, і нечаканыя ўспышкі зорак другой велічыні. Інтрыгі прыбавілася нават у MX2, не кажучы ўжо пра MXGP.

29 октября 2021, 15:45
П’етрамуратская ўтрапёнасць. Першыя два этапы сусветнага мотакросу на італьянскай трасе выйшлі на любату

Фота: mxgp.com

Чаго толькі не было ў нядзелю і сераду на трасе П’етрамурата: і трыумфы фаварытаў, і іх правалы, і нечаканыя ўспышкі зорак другой велічыні. Інтрыгі прыбавілася нават у MX2, не кажучы ўжо пра MXGP.

Поўнач Італіі, як я казаў яшчэ пасля гонак у Маджыоры, гэта сапраўдная тэрыторыя хуткасці. Тут знаходзіцца і яе Храм – Нацыянальны аўтадром Монца, і некалькі мотакросавых трэкаў. Гэта і тая ж Маджыора, і Мантава, якая ў гэтым годзе прыняла Мотакрос Нацый і прыме фінал чэмпіянату свету, і П’етрамурата.

Апошняя зусім не лічыцца хутчэйшай – яна даволі кароткая, усяго 1 550 метраў, і вузкая, што абцяжарвае абгонныя манеўры. Аднак абгонаў на двух мінулых этапах – Гран Пры Трэнціна і П’етрамураты (правінцыі і горада, што ў ёй знаходзіцца) – якраз хапала.

А як жа не абганяць, калі ў цябе адзін з самых хуткіх матацыклаў, а ты апынуўся ў сярэдзіне пелатона або ўвогуле ў яго хвасце? Менавіта гэта здарылася ў нядзелю з лідарам чэмпіянату ў MX2 Максімам Рэно, французскім гоншчыкам Monster Energy Yamaha Factory Racing.

Пакуль яго суайчыннік і пакуль яшчэ дзейсны чэмпіён з Red Bull KTM Factory Racing Том Віаль выйграваў хол-шоты адзін за адным і перамагаў у гонках (і на Гран Пры, адпаведна), Рэно разбіраўся з праблемамі. У першым заездзе ў яго проста не атрымаўся старт, у выніку чаго на першым кругу ён апынуўся на васямнаццатай пазіцыі. Потым-та, Максім, канечне, прарываўся і фінішаваў у выніку шостым. Аднак адставанне ад яго ў чэмпіянаце адыграў і Віаль, і адзін з яго партнёраў па камандзе Яга Гіртс.

Бельгіец ад пачатку апынуўся ў групе лідараў, потым абагнаў у спрэчцы за трэцюю пазіцыю яшчэ аднаго завадскога ямахаўца Цібольта Беністана, які потым упаў і сышоў з дыстанцыі праз праблемы з электрыкай, а пазней пераадолеў і супраціў шведскага гоншчыка Diga Procross GasGas Factory Racing Ісака Гіфцінга, які і замкнуў першую тройку.

А ў Рэно яшчэ весялейшай выдалася другая гонка, у якой ён упаў адразу пасля старту ў першым жа павароце. На шчасце, ні сам не траўміраваўся, ні матацыкл не пашкодзіў. І зноў здзейсніў уражлівы прарыў з апошняй пазіцыі на восьмую на гэты раз. Тады як Віаль і Гіртс ізноў крыху адгрызлі ачкі ад яго перавагі, другі раз запар фінішаваўшы першым і другім адпаведна.

Яга ў чарговы раз добра стартаваў, апынуўшыся на чацвёртай пазіцыі, хутка выйшаў на трэцюю, абагнаўшы аўстралійца Джэда Бітана з Rockstar Energy Husqvarna Factory Racing, а пасля падзення партнёра Віаля па завадскім KTM Рэнэ Хофера стаў і другім. Бітан, таксама скарыстаўшыся няўдачай Хофера, фінішаваў трэцім.

Віаль, зразумела, стаў пераможцам і Гран Пры Трэнціна, а Гіртс заняў другое месца. Трэцім стаў іспанец Рубэн Фернандэс з Honda 114 Motorsports, які ў абедзвюх гонках фінішаваў чацвёртым. Рэно ў выніку усталяваў уласны антырэкорд гэтага сезону, заняўшы восьмае месца.

Нядзельныя гонкі MXGP прайшлі па больш стандартным сцэнарыі, але не былі пры гэтым сумнымі. Дзве чарговыя перамогі лідара чэмпіянату Джэфры Херлінгса даліся яму не надта проста, і адыгрываць пазіцыі нідэрландцу таксама давялося. А таксама адбівацца ад бадай што галоўнага свайго пераследніка ў асабістым заліку Рамэна Фэвра з Monster Energy Kawasaki Racing Team.

Француз насядаў на завадскога гоншчыка KTM і ў першым заездзе. Патрапіць у першую тройку ямы тады дапамог брытанскі прадстаўнік Monster Energy Yamaha Factory Racing Бэн Уотсан, які ўпаў у адным з паваротаў, прапусціўшы апроч іншых якраз Херлінгса з Фэврам. Аднак Джэфры пазней здолеў апярэдзіць і партнёра Уотсана па камандзе Джэрэмі Сівэра, а Рамэн не, так і фінішаваўшы трэцім.

Следам за ім адмашку клецістым сцягам атрымаў пакуль яшчэ дзейсны чэмпіён і таксама прэтэндэнт на тытул 2021 года Цім Гайсэр, які стаў адной з галоўных дзейных асоб другой гонкі. Нароўні з Херлінгсам, дарэчы. Адразу пасля старту нідэрландзец са славенцам апынуліся на дванаццатай і трынаццатай пазіцыях адпаведна, і на першых кругах мусілі быць актыўнымі.

Як, зрэшты, і Фэвр, для якога старт прайшоў значна лепей і які быў у групе лідараў ад пачатку. І на першым жа кругу Рамэн сам узначаліў пелатон, абагнаўшы ў тым ліку і нямецкага райдэра JM Honda Racing Генры Якобі. Шкада толькі, што на ўсю гонку запалу гоншчыку Kawasaki не хапіла – праз механічныя праблемы ён запаволіўся і пачаў памыляцца. У выніку чаго ў другой палове гонкі яго абагнаў спачатку завадскі гоншчык Ямахі і суайчыннік Херлінгса Глэн Колдэнхоф, а потым і сам Джэфры.

Лідар чэмпіянату да таго моманту ужо паспеў пакінуць ззаду Гайсэра, з якім яны на пару і нагналі Фэвра з Колдэнхофам. А на сямнаццатым кругу і Глэна абагнаў, паімчаўшыся за чарговай перамогай і ў гонцы, і на этапе. Фэвр жа тым часам адбіваўся ад Гайсэра, але і яму саступіў трэцюю пазіцыю. Чацвёртым Рамэн стаў і па выніках этапу, першую тройку замкнуў Гайсэр, а другое месца заняў Колдэнхоф (у першай гонцы Глэн фінішаваў пятым).

Так што ў мінулую нядзелю гімны Нідэрландаў і Аўстрыі зноў гралі двойчы – спачатку ў гонар Херлінгса і KTM, а потым у гонар Макса Ферстапена і Red Bull. Джэфры павялічыў быў адрыў ад Фэвра да дваццаці чатырох балаў, але іх бітва была далёкай ад завяршэння, у чым усе пераканаліся ўжо ў сераду, калі праходзіў Гран Пры П’етрамураты.

Толькі спачатку прыгоды працягнуліся для Максіма Рэно. Разам з мясцовым любімцам Маціа Гуаданьіні з завадскога KTM, для якога і папярэдні этап выдаўся складаным (васямнаццаты ў першай гонцы і сёмы ў другой), француз ужо на старце адкаціўся ў канец другой дзясятцы – на васямнаццатую пазіцыю.

Ізноў лідар чэмпіянату ўзяўся прарывацца, толькі цяпер яшчэ і дапускаючы памылкі. Так, даволі аператыўна дабраўшыся да дзявятай пазіцыі, Максім паспрабаваў адабраць восьмую ў гоншчыка Rockstar Energy Husqvarna Factory Racing Кая дэ Вольфа. Але перастараўся і сутыкнуўся з ім у павароце, упаўшы. На шчасце, без сур’ёзных наступстваў, таму гонку Рэно працягнуў, крыху пазней усё ж апярэдзіў дэ Вольфа калі той упаў і фінішаваў нават сёмым.

А на першых дзвюх пазіцыях гонку ізноў скончылі Том Віаль з Яга Гіртсам. Прычым гоншчык KTM традыцыйна пачаў сваю справу хол-шотам на старце, нікому затым лідарскую пазіцыю не аддаўшы. Гіртс, праўда, даволі доўга вісеў у яго на заднім коле, але на матацыклах прыблізна роўнага ўзроўню атакаваць у П’етрамураце насамрэч цяжкавата. Зрэшты, і другая пазіцыя Яга задаволіла, як Рубэна Фернандэса яго трэцяя.

На старце другой гонкі пачуццё дэжавю наведала ўсіх. Віаль у чарговы раз запісаў на сваё імя хол-шот, але было і важнае адрозненне – Рэно стартаваў значна лепей. І ўжо на першым кругу ён атакаваў свайго суайчынніка і нават яго апярэдзіў. А літаральна секундамі пазней адбылося тое, што можа мець значэнне ў чэмпіянаце.

Перад рэзкім 180-градусным паваротам на пад’ёме Віаль пайшоў у контратаку на Рэно. Французы сутыкнуліся, і калі Максім проста выехаў за межы трасы, даволі хутка на яе вярнуўшыся і працягнуўшы гонку, то Том вельмі непрыемна ўпаў і пазней сышоў з дыстанцыі праз траўму. Ужо не першую ў гэтым сезоне – яшчэ ў яго пачатку чэмпіён мінулага году прапусціў некалькі гонак праз падзенне на трэніроўках у Матэрлі Байсіне.

Ці возьме ўдзел Віаль на наступным этапе, які пачынаецца ўжо сёння, пакуль што невядома. Рэно ж, адкараскаўшыся лёгкім спалохам, свае турнірныя задачы ў сераду выканаў і так, фінішаваўшы ў другой гонцы чацвёртым, а па выніках Гран Пры П’етрамураты заняўшы пятае месца.

Ну а перамог і ў другім заездзе, і на этапе (прычым у абодвух выпадках упершыню ў сваёй кар’еры) Рэнэ Хофер. Аўстрыец захапіў лідарства пасля аварыі Рэно і Віаля, а затым упэўнена кантраляваў гонку. Другім у ёй фінішаваў Гуаданьіні, рэабілітаваўшыся пасля не надта ўдалага першага заезду (тады італьянец быў толькі адзінаццатым), а трэцім адмашку клецістым сцягам атрымаў Джэд Бітан.

Для Яга Гіртса апошні заезд склаўся не так удала, як тры папярэднія. Пасля старту бельгіец аказаўся толькі сямнаццатым, але і ён знайшоў багата магчымасцей для адыгрышу, фінішаваўшы шостым. Дзякуючы чаму ўсё ж падняўся на другую ступень подыуму. Ніжняя дасталася Фернандэсу, які другі заезд скончыў пятым.

У чэмпіянаце перавага Рэно крыху падтала, але ўсё роўна застаецца вялікай – у яго 595 ачкоў супраць 508 у Гіртса. Якога ўжо быў амаль абагнаў Віаль, але праз сваю непрыемнасць у другой гонцы пакуль што застаўся трэцім з 492 баламі. KTM крыху адарваўся ў заліку вытворцаў ад Ямахі, і зараз мае 676 ачкоў, на шаснаццаць апярэджваючы японскую марку. Husqvarna з 510 баламі трэцяя.

Затое ў MXGP сітуацыя пасля Гран Пры П’етрамураты толькі абвастрылася. Трэба было Фартуне на імгненне адвярнуцца, як Джэфры Херлінгс у першай гонцы ўпаў у першым жа павароце адразу пасля старту! Працягнуць барацьбу нідэрландзец не змог, бо яго байк атрымаў пашкоджанні, калі па ім праехаўся хтосьці з іншых удзельнікаў спаборніцтва.

«Абаранак» лідара чэмпіянату моцна расстроіў яго прыхільнікаў, затое пайшоў на карысць інтрызе. Таму што хоць аўтарам хол-шоту і стаў партнёр Херлінгса па Red Bull KTM Factory Racing Хорхе Прада, але і Гайсэр, і Фэвр аказаліся блізка ад іспанца і хутка абодва яго абагналі. Першым і другім адпаведна француз са славенцам прыйшлі і да фінішу, а трэцім нарэшце фінішаваў шматразовы чэмпіён Антоніа Кайролі, для якога папярэдні этап абярнуўся катастрофай – два сходы, адзін з каторых праз падзенне.

Ну а ў другім заездзе італьянец пасля стартавага хол-шоту ўвогуле заняў першае месца, атрымаўшы перамогу і на хатнім Гран Пры. Ну і ў Фэвра, як можна здагадацца, развіць поспех не атрымалася. Рамэн ад пачатку апынуўся ў канцы першай дзясятцы, ззаду і Херлінгса, які на гэты раз непрыемнасцей пазбег, і Гайсэра. Фінішаваў француз толькі пятым.

Не было такога спрыту, як у нядзелю, і ў Херлінгса. Да таго ж Джэфры памыліўся на першых кругах, прапусціў наперад Гайсэра, які і фінішаваў трэцім, а сам пэўны час вымушаны быў адбівацца ад Фэвра, але яго не прапусціў, захаваўшы лідарства ў чэмпіянаце.

Уся гэтая тройка на апошніх кругах здолела абагнаць Глэна Колдэнхофа, які дагэтуль трымаўся ў першай тройцы. Гайсэр у выніку яе замкнуў, а другім фінішаваў Джэрэмі Сівэр. Швейцарац па выніках этапу стаў чацвёртым, Фэвр падняўся на ніжнюю ступень подыуму, Гайсэр на другую.

У чэмпіянаце ж цяпер горача – Рамэн, Цім і Херлінгс умяшчаюцца ў трох ачках! Джэфры лідзіруе з 573, Фэвр саступае яму адно, Гайсэр тры. Толькі ў заліку вытворцаў усё больш ці менш зразумела – KTM, маючы 707 балаў займае першую пазіцыю, Honda і Kawasaki, у якіх 579 і 577 ачкоў адпаведна, працягваюць біцца за другую.

Сусветны мотакрос П’етрамурату не пакінуў, і ўжо сёння пачынае свой апошні этап на ёй – Гран Пры Гарды, маляўнічага возера, што знаходзіцца паблізу. Аднак гэта яшчэ не фінал – яго праз тыдзень пачне прымаць Мантава. І імя чэмпіёнаў мы, гледзячы па ўсяму, толькі там і пазнаем.

Другие посты блога

Все посты