Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Нэвіль перастараўся і падарыў перамогу на Ралі Харватыя Аж’е. Разбіраемся, як так атрымалася

Нэвіль перастараўся і падарыў перамогу на Ралі Харватыя Аж’е. Разбіраемся, як так атрымалася

23 красавіка, 15:28
Нэвіль перастараўся і падарыў перамогу на Ралі Харватыя Аж’е. Разбіраемся, як так атрымалася

Фота: wrc.com

Першыя чатыры этапы чэмпіянату свету выйгралі чатыры розных гоншчыка, але толькі з дзвюх каманд. Затое толькі адзін з іх – Цьеры Нэвіль – выстае ў гэтым сезоне на поўным раскладзе, і яму якраз у мінулую нядзелю ў Харватыі не пашанцавала.

Чаму менавіта ў нядзелю? Ды таму, што папярэднія два дні ў лідара чэмпіянату з Hyundai складаліся вельмі нядрэнна. Нэвіль, у адпаведнасці з правіламі, адкрываў спецучасткі ў пятніцу (суперспэшлаў у чацвер гэтым разам не было), але паколькі гонка ў наваколлях Загрэбу асфальтавая, перавага была якраз у бельгійца.

Таму Цьеры, нягледзячы на недахоп счаплення з трасай пярэдніх колаў яго Hyundai i20 N, адразу захапіў лідарства ў ралі. І адразу ж павёў барацьбу за перамогу з канкурэнтам з Таёты Элфінам Эвансам, які таксама быў хуткім у першы спаборніцкі дзень. Настолькі, што пятніцу валіец з Нэвілем скончылі з абсалютна аднолькавым часам – 1:05:15,3!

Дзеля справядлівасці, гоншчык Hyundai на шостым спецучастку злавіў пракол правай пярэдняй шыны. Дый выбар гэтых шын пераўтварыўся ў латарэю праз нестабільнае надвор’е – мокры снег у мінулы ўік-энд ішоў месцамі нават на поўдні Еўропы. Пры гэтым месцамі ўдзельнікі Ралі Харватыя, зразаючы павароты, яшчэ і выносілі на трасу гравій, што таксама не дадавала «трымака».

Халаднавата было і ў суботу, дождж таксама быў верагодны, але так і не пайшоў. І тут таксама працягнулася шынная рулетка, прычым гоншчыкам трэба было вырашаць і якую гуму ставіць на машыну, і якую браць у якасці запасной, бо спатрэбіцца тэарэтычна магла любая.

Нэвіль на ранішняй секцыі абуў свой Hyundai у мяккія пакрышкі і меў пэўную перавагу, хаця яго адрыў ад Эванса ў выніку не вырас і да пяці секунд. А калі пасля абеду на такіх жа паехалі і ўсе таётаўцы, у Эванса па выніках трынаццатага спецучастка атрымалася нават ненадоўга перахапіць у Цьеры лідарства ў ралі. Хаця затым Нэвіль знайшоў, што на гэта адказаць, і скончыў суботу з перавагай над Эльфінам у 4,9 секунды.

А дзе ж увесь гэты час быў Себасцьен Аж’е? А ён быў побач. У пятніцу надвор’е крыху зблытала карты і яму, васьміразовы чэмпіён свету адстаў быў ад пары Нэвіль-Эванс амаль на васямнаццаць секунд, аслупаваўшы, аднак, за сабой трэцюю пазіцыю, бо партнёр Нэвіля па камандзе От Цянак адстаў яшчэ мацней. А пад вечар француз наогул раскаціўся і скараціў гандыкап да 6,6 секунды.

У шасці-сямі секундах Себ трымаўся ад пары лідараў і цягам суботы, што спрацавала ў нядзелю. Нэвіль з Эвансам працягвалі сваю дуэль, як тады здавалася, за перамогу, пакуль не наступіла нечаканая развязка ў двух розных месцах на васямнаццатым спецучастку. Спачатку на выхадзе з правага паварота развярнула GR Yaris Эванса, а пазней, занадта позна пачуўшы ад Марціна Відагэ адпаведную нататку, Нэвіль занадта шырока выйшаў з левага паварота, вылецеў з трасы і пашкодзіў свой аўтамабіль.

Памылка Элфіна каштавала яму каля дваццаці секунд, Цьеры страціў 23,3 і разам адкаціўся на трэцюю пазіцыю. Эванс захаваў другую, ну а на першую выйшаў Аж’е, які затым таксама ехаў стабільна і перамог, апярэдзіўшы Элфіна, які заняў другое месца, на 9,7 секунды. Нэвіль задаволіўся трэцім месцам, прычым менавіта задаволіўся, бо, у адпаведнасці з новымі правіламі, значная частка заліковых балаў цяпер разыгрываецца ў суботу, па выніках якой Цьеры зарэзерваваў за сабой 18.

Справядлівасць такой сістэмы, на маю думку, небясспрэчная, бо перамога ў ралі цяпер заўважна дэвальваваная. Глядзіце самі: Нэвіль у Харватыі зарабіў 19 ачкоў, што ўсяго на два менш, чым у Аж’е. У чэмпіянаце бельгіец мае цяпер 86, але хаця б Эванса, які захоўвае другую пазіцыю, апярэджвае толькі на шэсць.

Гоншчык M-Sport Ford Адрыен Фурмо з 59-цю баламі ў сваю чаргу застаецца на трэцім радку. Ён на харвацкім этапе фінішаваў толькі васямнаццатым праз тое, што на васямнаццатым жа допе ў нядзелю пашкодзіў стырнавое кіраванне сваёй Пумы. У камандным заліку калектыў Фурмо па-ранейшаму трэці і мае 96 ачкоў. Лідары далёка наперадзе, і паміж імі шчыльна: Toyota лідзіруе са 176-цю баламі, на сем апярэджваючы Hyundai.

Расіянін Мікалай Гразін праз злачынствы рэжыму, што апанаваў яго краіну, вымушаны на міжнароднай арэне выступаць пад сцягам Балгарыі. Але гэта не перашкодзіла яму перамагчы на Ралі Харватыя ў катэгорыі WRC2. Мікалай на сваім Citröen C3 Rally2 дамінаваў увесь ўік-энд, і на фінішы апярэдзіў свайго партнёра па камандзе Йохана Русэля, які заняў другое месца, амаль на сорак секунд. Трэцім фінішаваў іспанец Пэпэ Лопес, які выступае на Škoda Fabia RS Rally2.

У катэгорыях юніорскага чэмпіянату свету і WRC3 тэхніка практычна заўсёды аднолькавая – гэта машыны Ford Fiesta Rally3. Некаторыя ўдзельнікі заяўляюцца ў абодва залікі, а некаторыя – толькі ў WRC3, таму вынікі тут часткова супадаюць, але толькі часткова. Эстонец Ромэт Юргенсан у Харватыі, напрыклад, перамог, і таксама ў дамінуючым стылі, у абедзвюх катэгорыях, хаця набор яго супернікаў у іх усё ж такі адрозніваўся.

Так, у WRC3 другое месца заняў на адзіным Renault Clio Rally3 (сюды дапускаюцца аўтамабілі розных брэндаў), а трэцім стаў чэх Філіп Кон ужо на Фіесце. Абодва змагаліся якраз толькі ў WRC3, таму сярод юніораў следам з Юргенсанам ралі скончыў аўстраліец Тэйлар Джыл, а замкнуў першую тройку румын Норберт Маёр.

Наступным этапам WRC стане Ралі Партугалія, якое пройдзе 9-12 мая. Блог «Гоначная псіхапатыя» і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja абавязкова будуць сачыць і за гэтай гонкай, і за іншымі буйнымі. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты