Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Поўная рэабілітацыя. У Японіі Макс Ферстапен і Red Bull вярнуліся на пераможны курс

Поўная рэабілітацыя. У Японіі Макс Ферстапен і Red Bull вярнуліся на пераможны курс

7 красавіка, 21:02
Поўная рэабілітацыя. У Японіі Макс Ферстапен і Red Bull вярнуліся на пераможны курс

Фота: formula1.com

Сузука ў календары Формулы 1 перамясцілася з восені на вясну, але на агульны сюжэт чэмпіянату свету гэта не паўплывала. Гран Пры Японіі прайшоў па стандартным – з дамінаваннем дзейных уладальнікаў тытулу і Кубку канструктараў.

Нават скандалаў новых за апошнія два тыдні не з’явілася! Ну хіба што Фернанда Алонса быў незадаволены штрафам па выніках папярэдняй гонкі ў Мельбурне за мімавольнае правакаванне аварыі Джорджа Расэла, але гэта вельмі лакальныя дробязі. Глабальна ж у Вялікіх Прызах усталявалася пэўная стабільнасць, і японскі этап нібы яе адлюстраваў.

Ілюзій наконт формы Red Bull ні ў каго не ўзнікла. У Аўстраліі ім не пашанцавала выпадкова, гэта была хоць і крыўдная, але дробная і ніякая не сістэмная праблема. Хуткасць балідаў з Мілтан-Кінса, і найперш таго, на якім намаляваная чэмпіёнская адзінка, нікуды не дзелася, і на Сузуке яна была выдатна бачная.

Што ўвосень, што вясной у ход Гран Пры Японіі можа ўмяшацца прырода, бо мора ад трасы ўсё так жа недалёка. Прычым рабіць гэта яна можа нават трагічным чынам, як дзевяць з паловай гадоў таму ў выпадку з Жулем Б’янкі, які пасля сваёй аварыі пад дажджом так і не ачуняў і чыю памяць гоншчыкі ўшаноўвалі ў гэты ўік-энд.

На гэты раз абышлося без такіх драм, хаця дождж на Сузуку ўсё ж такі праліўся. Праўда, толькі падчас другой трэніроўкі ў пятніцу. У суботу і нядзелю ж было суха, і прайшлі абодва дні пад дыктоўку Макса Ферстапена. Нідэрландзец без праблем заваяваў поўл, а яго напарнік Серхіа Перэс раздзяліў з ім першы стартавы шэраг, ясна абазначыўшы намеры каманды.

Інтрыгу, але таксама мімаволі, на першым жа кругу ў знакамітых «эсках» Сузукі ўнёс быў Даніэль Рыкарда, калі сутыкнуўся з Алексам Албанам і апынуўся разам з ім у бар’еры з шын, што прывяло да чырвоных сцягоў. На шчасце, ні сам аўстраліец, ні яго апанент з Williams не пацярпелі, хіба што над Дэнам яшчэ мацней згусціліся хмары.

Будучыня Дані Рыка ў Visa Cash App RB пад пытаннем, ходзяць чуткі, быццам яго могуць замяніць на Ліама Лоўсана ўжо пасля Гран Пры Кітая. Праўда, па іншай інфармацыі, у гоншчыка знайшоўся фінансавы контраргумент – нібыта менавіта яго менеджары раскруцілі на дадатковыя грошы тытульных спонсараў каманды з Фаэнцы. Ці задаволяць яны Хельмута Марка?

Вось для каманды Williams яны дакладна не былі б лішнімі, бо праз недафінансаванне і абумоўлены ім недахоп запчастак у Аўстраліі яна выступала адным аўтамабілем. Ну і ў Японіі сітуацыя паўтарылася, прытым што ў пятніцу ў сурёзную аварыю паспеў патрапіць яшчэ і Логан Сарджэнт, ад якога таксама чакаюць нарэшце выразных вынікіаў.

Што ж да сутыкнення яго напарніка з Рыкарда, то паколькі адбылося яно на першым кругу, сітуацыя ў гонцы проста не паспела ні дастаткова стабілізавацца, каб быць дэстабілізаванай, ні наогул хоць неяк развіцца. Прынамсі, у галаве пелатона ўсё засталося, як і было да старту: Ферстапен пасля таго, як згаслі агні светлафору, без праблем захаваў першую пазіцыю, Перэс паспяхова абараніўся ад канкурэнта з McLaren Ланда Норыса, які быў лепшым з астатніх па выніках кваліфікацыі.

Усё паўтарылася і на другім старце пасля перыяду чырвоных сцягоў. Перастаноўкі пачаліся толькі падчас першай хвалі піт-стопаў, і галоўным вынікам тут стаў пад’ём на трэцюю пазіцыю зоркі Мельбурна Карласа Сайнса, які пачынаў гонку чацвёртым. Аднак тэмп у яго быў яўна вышэйшым за такі ў Норыса, дый яго напарнік па Ferrari Шарль Леклер хоць і стартаваў восьмым, але абганяў часцей, чым страчваў пазіцыі.

Хаця за адну страчаную манэгаску напэўна, было крыўдна, бо гэта была трэцяя, і саступіў яе Шарль на сорак шостым кругу акурат Карласу, у якога на той момант былі свяжэйшыя шыны. Хаця і выніковым чацвёртым месцам Леклер можа быць хутчэй задаволеным, бо патэнцыял сваёй машыны ён рэалізаваў паспяхова.

Ці выціснулі ўсё са сваіх Ферстапен з Перэсам, сказаць цяжка, бо, здаецца, нават калі яны абодва будуць ехаць у палову сілы, для пераможных дублей ім будзе хапаць і гэтага. Хоць, дзеля справядлівасці, таму ж Чэка бароцца за пазіцыі на трасе і абганяць у очнай барацьбе ўсё ж давялося, толькі што і гэта мексіканец рабіў без заўважнай напругі.

Так што менавіта дубль ён Red Bull на Сузуке і забяспечыў, а Ферстапен забраў яшчэ і бонусны бал за найхутчэйшы круг – тут, як кажуць, усё па класіцы. Серхіа таксама даслаў камандзе сігнал, што ён патрэбны, бо кантракту на наступны год у яго па-ранейшаму няма. Як і ў Сайнса, які сваім трэцім месцам у чарговы раз павысіў уласную капіталізацыю. Па прызнанні іспанца, перамовы ён вядзе адразу з некалькімі калектывамі, сярод якіх, падазраю, ёсць і той, за які выступае Перэс.

У чэмпіянаце Карлас, праўда, пакуль што чацвёрты, але са сваімі 55-цю ачкамі ён усяго чатыры саступае Леклеру, які ізноў апусціўся на трэцюю пазіцыю. Перэс вярнуўся на другую, у яго 64 ачкі, а Ферстапен замацаваў сваё лідарства і мае 77 балаў. Red Bull са 141-м ачком у сваю чаргу замацаваліся на першай пазіцыі ў Кубку канструктараў. Ferrari, маючы 120 балаў, застаецца на другой, McLaren, у якой 69 балаў, па-ранейшаму замыкае першую тройку.

Наступным этапам Формулы 1 стане доўгачаканы Гран Пры Кітая, які пройдзе 19-21 красавіка. Чэмпіянат свету праз каронавірусную пандэмію і яе наступствы не прыязджаў у Шанхай з 2019 года, і цяпер наведае тамтэйшую трасу адразу з новымі і машынамі, і пілотамі, і фарматам, бо гэта будзе першы ў гэтым сезоне ўік-энд з суботнім спрынтам, суботняй жа кваліфікацыяй да яго і пятнічнай да нядзельнай гонкі.

Як і раней, заклікаю сачыць за ўсім цікавым у свеце Формулы 1 праз Тэлеграм-канал нашых сяброў Formuła Pieramohi | F1, а за ўсім цікавым у свеце і Формулы 1, і іншых серый – праз наш уласны Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты