Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Віцэ-чэмпіёнства Гіртса і чэмпіёнства Херлінгса. У італьянскай Мантуе завяршыўся сезон чэмпіянату свету па мотакросе

Віцэ-чэмпіёнства Гіртса і чэмпіёнства Херлінгса. У італьянскай Мантуе завяршыўся сезон чэмпіянату свету па мотакросе

Напружаны і драматычны сезон чэмпіянату свету па мотакросе скончыўся двума этапамі на трасе ў італьянскай Мантуе – Гран Пры Ламбардыі і ўласна Мантуі. Нечаканасцей і драмы традыцыйна хапала.

11 ноября 2021, 19:22
Віцэ-чэмпіёнства Гіртса і чэмпіёнства Херлінгса. У італьянскай Мантуе завяршыўся сезон чэмпіянату свету па мотакросе

Фота: mxgp.com

Напружаны і драматычны сезон чэмпіянату свету па мотакросе скончыўся двума этапамі на трасе ў італьянскай Мантуе – Гран Пры Ламбардыі і ўласна Мантуі. Нечаканасцей і драмы традыцыйна хапала.

Канечне, у малодшай катэгорыі MX2 напружанне было крыху меншым – там яшчэ па выніках папярэдняга Гран Пры Гарды ў П’етрамураце чэмпіёнам стаў Максім Рэно. Аднак працягвалася барацьба за званне віцэ-чэмпіёна, якую вялі паміж сабой партнёр Максіма па камандзе Monster Energy Yamaha Factory Racing Яга Гіртс і цяпер ужо былы чэмпіён Том Віаль з Red Bull KTM Factory Racing.

Пачалося ўсё ў нядзелю, з Гран Пры Ламбардыі, які Гіртсу ўдалася запісаць сабе ў актыў. У першай гонцы ён, праўда, перамог Рэно, які яшчэ ў самым пачатку абагнаў і Віаля, і яго партнёра па KTM і аўтара хол-шоту Рэнэ Хофера. Затое тое ж самае пазней зрабіў і Яга, фінішаваўшы ў выніку другім.

Віаль па ачках тады адстаў не надта, замкнуўшы першую тройку (Хофер адкаціўся аж на шостую пазіцыю), але не здолеў нават паўтарыць гэты вынік у другім заездзе – там ён фінішаваў чацвёртым, пад канец прапусціўшы наперад яшчэ і гоншчыка Rockstar Energy Husqvarna Factory Racing Джэда Бітана, хоць спачатку лідзіраваў пасля хол-шоту.

Спачатку ж не пашанцавала Хоферу, які пасля старту размясціўся на другой пазіцыі, але на першым жа кругу ўпаў у выніку кантакту з Гіртсам. Ну а на сёмым кругу пад уціскам з боку бельгійца не ўстаяў і Віаль, якога следам абышоў і Рэно. Максім стартаваў не так добра, як у першай гонцы, але затым паспяхова прарываўся з канца першай дзясятцы, і яго суайчыннік не здолеў яму што-небудзь супрацьпаставіць.

Па выніках Гран Пры Ламбардыі Віаль заняў трэцяе месца, Рэно стаў другім, а Гіртс перамог, павялічыўшы перад фінальным этапам свае шанцы стаць віцэ-чэмпіёнам у MX2. А вось Херлінгс свае стаць чэмпіёнам у MXGP нават ледзь не паменшыў!

Перамагаць у Мантуе Джэфры ўмее, прычым апошні раз ён гэта зрабіў не так даўно – на Мотакросе Нацый. Што, зрэшты, не дапамагло зборнай Нідэрландаў стаць чэмпіёнамі, і тытул упершыню за шмат гадоў дастаўся італьянцам разам з адным з партнёраў Херлінгса па завадскім калектыве KTM Антоніа Кайролі, які праводзіў апошнія этапы ў сваёй гоначнай кар’еры.

Але паўтарыць свой поспех поўнасцю і атрымаць дзве перамогі ў Херлінгса не атрымалася. У першым заездзе стартаваў ён не так і дрэнна, ад пачатку апынуўшыся на трэцяй пазіцыі. І на першым жа кругу Джэфры паспеў паназіраць за тым, як яго галоўны канкурэнт па чэмпіянаце Рамэн Фэвр з Monster Energy Kawasaki Racing Team біўся за лідарства са швейцарскім гоншчыкам Monster Energy Yamaha Factory Racing Джэрэмі Сіверам, які пачаў гонку хол-шотам, і нарэшце яго абагнаў, потым апярэдзіў Сівера сам і амаль адразу дапусціў памылку, ўпаўшы акурат перад ім.

Швейцарац проста не паспеў аб’ехаць Херлінгса і заваліўся на яго зверху. Пакуль небаракі падымаліся, пазіцый абодва страцілі шмат. Першым з месца здарэння з’ехаў Сівер, Джэфры вярнуўся ў барацьбу крыху пазней. Прарывацца яму належала з пятнаццатай пазіцыі, прычым калі ён дабраўся да Хорхе Прада, з якім яны таксама выступаюць за адну каманду, той сваю пазіцыю проста так не саступіў, а доўга яе абараняў.

Але Джэфры Херлінгс не быў бы Куляй і Лятучым Галандцам, як яго называюць, калі б не працягнуў змагацца. І не дагнаў ён у выніку толькі Фэвра, які фінішаваў першым, а ўсе астатнія засталіся ў нідэрландца ззаду, у тым ліку яшчэ адзін прэтэндэнт на тытул і на той момант яшчэ дзейсны чэмпіён з завадской Хонды Цім Гайсэр – спачатку Кайролі, а затым і яго Херлінгс абагнаў бліжэй на перадапошнім кругу.

Гайсэр фізічна фінішаваў трэцім, аднак у пратаколе апусціўся на восьмую пазіцыю за парушэнне на першым кругу. Адразу пасля старту славенца выціснулі з трасы, праз што ён моцна зрэзаў першы паварот, вярнуўшыся ў групу лідараў. Так што для яго турнірная задача ўскладнілася яшчэ болей, чым для Херлінгса.

Тым больш што Джэфры ў другім заездзе ў самым пачатку захапіў лідарства, абагнаўшы спачатку Фэвра, а затым і Прада, які выйграў хол-шот, але ўжо моцна не ўпіраўся перад партнёрам па камандзе, які біўся за чэмпіёнства. Вось Рамэна Хорхе стрымліваў долей, але ў выніку прапусціў яго, пазней Гайсэра, які перад гэтым абагнаў Кайролі, а пад канец і самога Тоні (ізноў не без барацьбы) і Сівера.

Херлінгс фінішаваў першым і атрымаў выніковую перамогу ў Гран Пры Ламбардыі, Фэвр заняў другое месца, Кайролі трэцяе, а Гайсэр стаў чацвёртым. Фэвра такі расклад задавальняў, бо лідарам у чэмпіянаце, з перавагай перад Херлінгсам усё ў тыя ж тры ачкі, ён застаўся. Толькі фінал не абяцаў французу лёгкага жыцця, як, зрэшты, і яго супернікам.

Ды і супернікам Гіртса таксама, і на ўчарашнім апошнім Гран Пры Мантуі Яга стаў віцэ-чэмпіёнам у катэгорыі MX2. Для гэтага яму спатрэбілася перамагчы ў першай гонцы і фінішаваць другім у другой. Хапіла б і першага, бо Віаль у першым заездзе сышоў з дыстанцыі, пашкодзіўшы на прызямленні пасля трампліну траўмаваную ў П’етрамураце нагу і не выйшаўшы на старт другой гонкі.

Так што хол-шот, аўтарам якога француз стаў у перадапошнім заездзе сезону, стаў для яго апошнім у гэтым годзе. Лідарства пасля яго Том утрымліваў нядоўга, хутка прапусціўшы Гіртса. На другую пазіцыю пасля гэтага выйшаў Хофер, але і аўстрыец яе не ўтрымаў, упаўшы за дзесяць з паловай хвілін да сканчэння асноўнага часу. Ды так, што і яшчэ аднаго свайго партнёра па KTM Маціа Гуаданьіні захапіў – італьянец не паспеў яго аб’ехаць.

А гоншчык Rockstar Energy Husqvarna Factory Racing Кай дэ Вольф, на якога Гуаданьіні перад гэтым якраз пачаў насядаць, паспеў. Ён жа і фінішаваў у першым заездзе на другой пазіцыі. Трэцяя дасталася Рэно, які выдатна прарваўся з дзявятай, а ў другой гонцы перамог. Гіртс пачаў набліжацца да Максіма толькі пад канец гонкі, а ў яе пачатку быў больш сканцэнтраваны на абароне ад Гуаданьіні, які фінішаваў трэцім.

Па выніках жа апошняга этапу Маціа стаў чацвёртым, а дэ Вольф падняўся на ніжнюю ступень подыуму. Рэно заняў другое месца, а Гіртс атрымаў выніковую перамогу. У чэмпіянаце Яга ў выніку набраў 610 балаў супраць 570 у Віаля, які заняў трэцюю пазіцыю. Ну а Рэно набраў за сезон 734 ачкі. Прычым дубль гоншчыкаў Ямахі на апошнім этапе дапамог ёй перамагчы і ў заліку вытворцаў, дзе японская марка набрала 809 ачкоў. KTM з 797 баламі стаў другім, Husqvarna набрала 616 і замкнула першую тройку.

Героем фіналу ў катэгорыі MXGP стаў Херлінгс. Разумеючы, што ў яго на кану, Джэфры атакаваў з самага пачатку. Прада, які ў першай гонцы выйграў хол-шот, цяпер ужо іграў на лідара каманды. Ён удала прытрымліваў на першых кругах Фэвра, пакуль Херлінгс абганяў Кайролі і Сівера, а пасля таго, як Джэфры абагнаў нарэшце і Рамэна, Хорхе не стаў яму перашкаджаць, працягнуўшы адтарможваць француза.

Доўга гэта рабіць у Прада не атрымалася, і Фэвр пазней яго ўсё ж абагнаў, а затым фінішаваў другім, аднак сваю ролю іспанец выканаў. Хай нават ён прапусціў пазней і Гайсэра з Сіверам. Затое Херлінгс перад фінальнай гонкай зраўняў лік з Фэврам – у іх было па 683 ачкі. Ідэальная інтрыга! Нажаль, ненадоўга.

Так, на першым кругу Фэвр здолеў абагнаць Прада, які стаў абсалютным пераможцам па колькасці хол-шотаў у сезоне – іх у Хорхе набралася ажно васямнаццаць. Але Херлінгс ззаду накочваў рашуча, і на другім кругу сам абагнаў Рамэна. А праз пару кругоў той яшчэ і памыліўся на выхадзе з аднаго з паваротаў і ўпаў, прапусціўшы яшчэ і Гайсэра.

Пасля гэтага Херлінгсу можна было ўжо не ірваць жылы празмерна, Джэфры нават мог прапусціць Ціма, бо Фэвр неўзабаве пачаў адставаць усё болей і болей. Гайсэр і сапраўды крыху пад’ехаў да Херлінгса, але да атакі справа ўсё ж не дайшла, і славенец задаволіўся другой пазіцыяй. Другім ён стаў і па выніках Гран Пры Мантуі, у якім Фэвр заняў трэцяе месца, як і ў апошняй гонцы. На подыумнай цырымоніі усе яго эмоцыі адлюстроўваў яго твар.

І зусім супрацьлеглых эмоцый не хавалі ў KTM, уключаючы Джэфры Херлінгса. Перамога ў абедзвюх гонках і на этапе і другі ў яго кар’еры чэмпіёнскі тытул (першы нідэрландзец заваяваў у 2018 годзе), цалкам заслужаны ўсімі выпрабаваннямі ўжо мінулага сезону. Выражаны ён 708 ачкамі, што ўсяго на пяць болей, чым у новага віцэ-чэмпіёна свету па мотакросе – Рамэна Фэвра. Гайсэр з 688 баламі размясціўся на трэцяй пазіцыі. KTM у MXGP перамог таксама перамог, яго гоншчыкі прынеслі яму 842 балы. Kawasaki заняла другую пазіцыю, набраўшы 708 ачкоў і на шэсць апярэдзіўшы Хонду, якая замкнула тройку мацнейшых.

Сезон сусветнага мотакросу выйшаў па-сапраўднаму цікавым і напружаным, і цяпер трэба толькі назапасіць цярпення, каб дачакацца наступнага, які проста абавязаны прайсці як мінімум не меней весела. Хоць крыху шкада, што гэты скончыўся.

Як, дарэчы, і чэмпіянат свету па аўтагонках на цягавітасць. Праз пару гадзін пасля публікацыі ўчарашняга артыкулу пра гонку 8 гадзін Бахрэйна стала вядома, што ў Porsche адклікалі і пратэст, што падалі ў Міжнародны апеляцыйны суд FIA. Так што вынікі, якія мы ўчора падводзілі, сталі канчатковымі.

Ну а Джэфры Херлінгса і KTM мы віншуем з перамогай! Мацнейшыя перамаглі ў напружаным спаборніцтве з роўнымі і моцнымі супернікамі, якое працягвалася да самага фіналу. А гэта ў апошні час здараецца не так і часта.

Другие посты блога

Все посты