Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Ясныя тэндэнцыі Гран Пры Латвіі. Гонкі сусветнага мотакросу ў Кегумсе абмалявалі сітуацыю ў абедзвюх катэгорыях

Ясныя тэндэнцыі Гран Пры Латвіі. Гонкі сусветнага мотакросу ў Кегумсе абмалявалі сітуацыю ў абедзвюх катэгорыях

Цім Гайсэр паступова адрываецца ў MXGP, Яга Гіртс спрачаецца за лідарства з Томам Віалем у MX2. Усё проста, калі браць глабальную сітуацыю, але гэта не значыць, што заўсёды ўсё адназначна ў асобных гонках.

28 апреля 2022, 20:36
Ясныя тэндэнцыі Гран Пры Латвіі. Гонкі сусветнага мотакросу ў Кегумсе абмалявалі сітуацыю ў абедзвюх катэгорыях

Фота: mxgp.com

Цім Гайсэр паступова адрываецца ў MXGP, Яга Гіртс спрачаецца за лідарства з Томам Віалем у MX2. Усё проста, калі браць глабальную сітуацыю, але гэта не значыць, што заўсёды ўсё адназначна ў асобных гонках.

Дзе ўсё ясна, зразумела, і кантрасна, як дзень і ноч, гэта ў вайне Украіны з расійска-фашысцкімі захопнікамі. Яшчэ ніколі дабрыня і зло не вызначаліся так яскрава. Агрэсія закамплексаванага дыктатара супраць суседзяў, якія абралі свабоду і незалежнасць ад яго імперыі, а таксама жудасныя злачынствы бандзюкоў з другой арміі свету не пакінулі паўтонаў.

Не засталося і сумневаў, што Украіна пераможа і паступова вызваліць усе гарады, якія вораг дзякуючы сваёй масе захапіў. Свет усвядоміў, ад каго ўкраінцы яго зараз абараняюць, і за цаной ужо не стаіць. Заможныя краіны адна за адной адпраўляюць Украіне амаль усе магчымыя ўзбраенні і фінансавую дапамогу.

Галоўная ж зброя ўкраінцаў – іх чалавечая годнасць і сапраўдная, а не па загадзе зверху, любоў да радзімы. Мужнасць з якой яны яе абараняюць, натхніла ўсіх. Каб ім дапамагчы, усё магчымае робяць і беларусы, якія ў будучыні імкнуцца жыць у міры са сваімі паўднёвымі суседзямі і сябраваць з імі. Вядома, змагаюцца яны і за вызваленне нашай краіны, якое стане непазбежным пасля перамогі ўкраінцаў. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Балтыйскія краіны і, у прыватнасці Латвія, добра разумеюць, што такое рускі свет, асабліва калі ён прыходзіць да цябе, хоць ты яго і не завеш. Таму ўсе яны, і Латвія ў тым ліку, Украіне дапамагаюць. А Латвія яшчэ і гонкі сусветнага ўзроўню ў сябе прымае. У мінулыя выхадныя да яе завітаў чэмпіянат свету па мотакросе.

Траса ў Кегумсе добра ўсім знаёмая, MXGP прыязджае на яе не ўпершыню. Што, зрэшты, не адмяняе таго факту, што яна даволі складаная нават сухая, а калі яшчэ дождж ідзе… Падчас кваліфікацыйных гонак, праўда, абышлося без яго, і ў MX2 гоншчык завадской каманды Monster Energy Yamaha Factory Racing перамог без праблем. А вось падчас першага з галоўных заездаў з неба ўжо капала, і жорсткі пясок стаў яшчэ і слізкім.

Адным з тых, хто ў такіх умовах памыліўся і ўпаў, стаў гоншчык Red Bull KTM Factory Racing Том Віаль, які прыбыў у Латвію, лідзіруючы ў чэмпіянаце. Непрыемнасць здарылася з ім у самым пачатку гонкі, калі ён спрабаваў утрымацца за Гіртсам, які ў сваю чаргу трымаўся ззаду пераможцы першага этапу ў Вялікабрытаніі Сімонам Лангенфельдэрам з Red Bull GasGas Factory Racing.

Немец выйграў быў хол-шот на старце і доўгі час узначальваў пелатон, але на апошніх кругах страціў тэмп і прапусціў Гіртса, які і перамог, а таксама нарвежца з F&H Kawasaki Racing Кэвіна Хоргма і французскага партнёра Гіртса па камандзе Цібольта Беністана, якія фінішавалі другім і трэцім адпаведна. Хоргма потым яшчэ і пачаў хол-шотам другі заезд, падчас якога дажджу ўжо не было. Але гэта не ўратавала яго ад падзення ў канцы дзясятага круга, праз якое фінішаваў ён толькі чацвёртым.

Гіртс, зрэшты, на той момант усё роўна быў ужо наперадзе. Пры гэтым адразу пасля старту перад ім апынуўся яшчэ і Маціа Гуаданьіні, які ў гэтым годзе выступае ў складзе завадской каманды GasGas. Другая гонка, у адрозненні ад першай, у якой італьянец фінішаваў чатырнаццатым, абышлася для яго без падзенняў, але тут яму не ўдалася ўтрымацца ў першай тройцы. Яго абагнаў не толькі, не толькі Гіртс, але і Кай де Вольфа з Nestaan Husqvarna Factory Racing, і Віаль, якія і склалі Яга кампанію ў першай тройцы, і нават Хоргма.

Кэвін, негледзячы на адносна няўдачную другую гонку, суседнічаў з Гіртсам, які чыста перамог на Гран Пры Латвіі, на другой ступені выніковага подыуму. Трэцяе месца ў Кегумсе заняў Віаль, у якога Гіртс адабраў лідарства ў чэмпіянаце, але толькі намінальна – у іх абодвух па 244 ачкі! Лангенфельдэр падняўся на трэцюю пазіцыю, але ізноў жа толькі фармальна, бо той жа 181 бал, што і ў яго, маюць таксама дэ Вольф і Мікель Хааруп! Там і Хоргма са сваімі 176 ачкамі блізка. У заліку вытворцаў у MX2 таксама стала шчыльней: Yamaha вярнула сабе лідарства, але з 266 ачкамі ўсяго на шэсць апярэджвае KTM, які цяпер другі. Блізка і GasGas з яго 230 баламі і нават Kawasaki, у якой 215 ачкоў.

У старэйшай катэгорыі MXGP напал барацьбы не такі. Усё ж такі, два самых моцных канкурэнта Ціма Гайсэра – пакуль яшчэ дзейсны чэмпіён Джэфры Херлінгс і Рамэн Фэвр – па-ранейшаму па-за гульнёй праз траўмы, атрыманыя ў міжсезонні. Ну а Хорхе Прада з завадскога калектыву GasGas, магчыма, і ўяўляў сабой рэальную пагрозу славенцу з завадской Хонды, калі б не памыляўся так часта і так груба.

Вось і ў першай гонцы, калі траса таксама была мокрай, іспанец рэалізаваў перамогу першай стартавай пазіцыі, якую здабыў у кваліфікацыйным заездзе, і выйграў ужо сто шосты свой хол-шот. Лідзіраваў Хорхе пасля гэтага доўга, пакуль мясцовая зорка Паўльс Йонас з каманды Standing Construct Husqvarna Factory Racing радаваў хатнія трыбуны, ідучы на другой пазіцыі, акурат перад Гайсэрам.

Цім за дзясяты і адзінаццаты круг усё ж пакінуў ззаду абодвух супернікаў, што катастрофай ні для каго з іх не было. Прада ж, пабачыўшы, што можа адыграцца, павіс у Гайсэра пад канец гонкі на заднім коле, і атакаваў яго на скоку на трампліне, калі да фінішу заставаліся не тое што апошнія кругі, а апошнія павароты.

Вось толькі на прызямленні, Прада стукнуўся аб матацыкл Гайсэра і паваліўся. Фінішаваць здолеў, але толькі дванаццатым, і гэта яму яшчэ пашанцавала, бо сур’ёзных траўм ён не атрымаў і на старт другой гонкі выйшаў. На шчасце, Хорхе не заваліў Гайсэра, які фінішаваў першым. Ну а Йонас парадаваў сваіх суайчыннікаў, атрымаўшы адмашку клецістым сцягам другім. Трэцім фінішаваў суайчыннік Прада з каманды Honda 114 Motorsports Рубэн Фернандэс.

У другой гонцы Прада паспрабаваў адыграцца, але ўпаў ужо на другім кругу, фінішаваўшы ў выніку толькі трынаццатым. Ён і хол-шот не выйграў, аддаўшы гэтую прывілею Йонасу. Вось хто быў сапраўдным героем Гран Пры Латвіі! Прапусціў Паўльс толькі загадзя хутчэйшага за яго Гайсэра, ізноў фінішаваўшы другім. Фернандэс зноў спрачаўся за трэцюю пазіцыю, але гэтым разам саступіў яе гоншчыку завадской Ямахі Глэну Колдэнхофу.

Але па выніках латвійскага этапу Рубэн заняў трэцяе месца. Хоць публіка, зразумела, найбольш была ўзрадаваная тым, што на другім апынуўся Йонас. Ну а Гайсэру і хапіла і ўласнай радасці за самога сябе – ён не толькі перамог, але і замацаваўся на лідарскай пазіцыі ў чэмпіянаце. У славенца 286 ачкоў супраць 220 у Прада, які застаўся другім.

Максім Рэно, які ў Кегумсе фінішаваў спачатку шостым, а потым пятым, у сваю чаргу захаваў трэцюю пазіцыю і наблізіўся да Хорхе на адлегласць у пяць балаў. Honda з 286 ачкамі працягвае лідзіраваць у заліку вытворцаў, дзе Yamaha засталася другой, але блізка падпусціла да сябе GasGas – у іх 249 і 233 ачкі адпаведна.

Наступны прыпынак чэмпіянату свету па мотакросе будзе ў другі раз у гэтым сезоне італьянскім, і на гэты раз гэта будзе ўжо менавіта Гран Пры Італіі. Ён пройдзе 6-8 мая ў Маджыоры.

Другие посты блога

Все посты