150 трактароў і фаеры вакол аўтобуса: так фанаты ў Нідэрландах праводзілі каманду на матч за выхад у Эрэдывізі
«Дэ Графсхап» – нідэрландская каманда з Дуцінхема па мянушцы «суперфермеры». Перад матчам, які мог стаць вырашальным за выхад у Эрэдывізі, балельшчыкі натхнялі каманду з дапамогай дзясяткаў трактароў. Вось ужо дзе сапраўдныя футбольныя фермеры:
Больш за 150 трактароў ўтварылі калідор для клубнага аўтобуса, правёўшы так каманду ў Амстэрдам. Там «Дэ Графсхап» павінен быў гуляць з «Йонг Аякс» – другой камандай «Аякса».
Не абышлося без прыгожага піра-шоу. Тыя, хто не змог паехаць на трактарах, махалі гульцам з моста.
Такая магутная падтрымка не дапамагла. «Дэ Графсхап» згуляў 1:1 – гэта ўжо трэцяя запар нічыя для каманды. Рашэнне задачы выхаду ў вышэйшую лігу прыйдзецца адкласці на апошні тур (12 мая). «Фермеры» згуляюць дома з дзесятай камандай лігі – «Хелмонд Спорт».
Чаму «суперфермеры»?
Мянушка прыляпілася да клубу ў пачатку 1990-х. У сезоне-1990/91 «Дэ Графсхап» выйграў другую лігу і выйшаў у Эрэдывізі, ні разу не прайграўшы за сезон. Супернікі ў той час, спрабуючы абразіць каманду, называлі гульцоў і яе заўзятараў фермерамі. Але фанаты не пакрыўдзіліся, а ператварылі мянушку ў свой адметны знак, дадаўшы да яго прыстаўку «супер».
Невядома, хто першым прыдумаў мянушку. Некаторыя прыпісваюць гэта футбалісту Хансу Краай-малодшаму, які гуляў за «Дэ Графсхап» у сезоне-1991/92 і ўпершыню вымавіў «суперфермеры» у гутарцы з журналістамі.
***
У апошні раз «Дэ Графсхап» гуляў у эліце ў сезоне-2018/19. У мінулым сезоне каманда ішла на цяперашнім другім месцы, якое дае права на прамы выхад у Эрэдывізі. Але з-за пандэміі леташні чэмпіянат адмянілі.
Клуб і ўлады горада ўжо рыхтуюцца да таго, што прыйдзецца стрымліваць святкаванні фанатаў. «Грандыёзнага свята не будзе, – кажа ў інтэрв’ю Omroep Gelderland гендырэктар «Дэ Графсхап» Ханс Мартэйн Остендорп. – Нічога не можа быць арганізавана, і мы не будзем гэтага рабіць. Мы заклікаем заўзятараў ад імя клуба паглядзець гульню дома».
Мэр Марк Боуманс таксама выказаўся: «Як і многія іншыя, я таксама падтрымліваю клуб. Але мяне вельмі турбуе тое, што вялікія групы людзей збіраюцца разам. Узровень інфікавання высокі, а бальніцы ў Ахтерхуке (рэгіён, куды ўваходзіць Дуцінхэм) усё яшчэ перапоўненыя».
Зрэшты, фанатаў «Камбуура», якія два тыдні таму масава адсвяткавалі выхад у Эрэдывізі, такія заклікі не спынілі – гэтак жа, як і заўзятараў «Аякса», якія магутна адсвяткавалі 35-е чэмпіёнства ў мінулыя выходныя.
Мэр разумее, што калі «Дэ Графсхап» усё ж выйдзе ў вышэйшы дывізіён, то сутыкнецца з тым жа самым: «Мы не наіўныя, таму ведаем, што некаторыя хочуць выйсці да стадыёна, калі іх каманда падымаецца наверх. Мы рыхтуемся да гэтага і думаем аб розных сцэнарах».
Фото: twitter.com/DeGraafschap