Tribuna/Футбол/Блогі/Спортивный канал/Усе кажуць пра Месі, але ў «Інтэры» ёсць яшчэ адзін герой: брамнік тры гады таму быў нікому не патрэбны, а цяпер гуляе з легендай і дапамог узяць першы трафей у гісторыі клуба

Усе кажуць пра Месі, але ў «Інтэры» ёсць яшчэ адзін герой: брамнік тры гады таму быў нікому не патрэбны, а цяпер гуляе з легендай і дапамог узяць першы трафей у гісторыі клуба

Гісторыя Дрэйка Кэлендэра 👏🏻

Аўтар — Alex Zagorski
24 жніўня, 19:52
Усе кажуць пра Месі, але ў «Інтэры» ёсць яшчэ адзін герой: брамнік тры гады таму быў нікому не патрэбны, а цяпер гуляе з легендай і дапамог узяць першы трафей у гісторыі клуба

Прыход Ліянеля Месі ў амерыканскі «Інтэр» Дэвіда Бекхэма даў вокамгненны вынік: з моманта дэбюту аргенцінца 22 ліпеня клуб з Маямі здабыў восем перамог у васьмі матчах, а сам Месі, які паўдзельнічаў ва ўсіх сустрэчах, выбіў 10+3 па «гол+пас». Не дзіва, што такі перфоманс збірае мільённыя прагляды пасля кожнага матчу, але пасля двух апошніх поспехаў футбольнае кам'юніці не заўважыла вырашальны фактар іншага гульца, а дарма. Распавядаем, чым вызначыўся 25-гадовы брамнік «чапляў» Дрэйк Кэлендэр.

Эпізод №1. Першы трафей у гісторыі «Інтэра»

20 жніўня «Інтэр» у фінале Кубка ліг Паўночнай і Цэнтральнай Амерыкі сустракаўся з «Нэшвілам». У актыўную фазу гульня ўвайшла пасля голу Месі на 23-й хвіліне. Супернік адгуляўся ў другім тайме, і гэта перавяло сустрэчу ў валідольную серыю пенальці. Кэлендэр пачаў сэйвіць ужо на другім удары – пацягнуў стрэл Рэндэла Леала:

Перамагчы па выніку пяці спроб у «Інтэра» не атрымалася праз нерэалізаваны 11-метровы Віктара Улоа. У выніку серыя дайша да ўдараў брамнікаў, і то быў зорны час кіпера «чапляў» – спачатку Кэлендэр забіў, а потым здзейсніў сэйв і прынёс камандзе першы трафей у гісторыі:

Эпізод №2. Паўфінал Кубку ЗША супраць лідара MLS

Праз чатыры дні пасля трыумфу «Інтэр» гуляў у паўфінале Кубку ЗША з сур'ёзным супернікам у асобе «Цынцынаці», лідара бягучага чэмпіянату МЛС. Матч атрымаўся насычаным сам па сабе: камбэк «чапляў» з 0:2 дзякуючы двум асістам Месі, рэзультатыўная нічыя 3:3 у асноўны час і пасля экстратаймаў. Дарэчы, перавесці гульню ў дадатковыя два таймы атрымалася дзякуючы голу на 97-й хвіліне:

Ізноў серыя пенальці, ізноў галоўным героем стаў Кэлендэр, які пацягнуў удар Ніка Хаглунда. Пасля гэтага пераможны гол аформіў 18-гадовы Бэнжамін Крэмашы:

У фінале «Інтэр» згуляе супраць «Х'юстан Дынама», матч адбудзецца 29 верасня.

А ў чым прыгажосць гісторыі?

Нягледзячы на 25-гадовы ўзрост Дрэйка Кэлендэра, яго прафесійная кар'ера ў футболе распачалася не так даўно. У юнацтве футбаліст трэнаваўся ў акадэміі клуба МЛС «Сан-Хасэ Эрткуэйс», але загуляць там не атрымлівалася, таму Кэлендэр пайшоў вучыцца ў Каліфарнійскі ўніверсітэт на спецыяльнасць «Юрыспрудэнцыя». Там ён трапіў у склад універсітэцкай каманды «Каліфорнія Голдэн Беарз» і ў лізе NCAA згуляў у 54 матчах, што, тым не менш, не паспрыяла развіццю кар'еры – пасля атрымання адукацыі Дрэйк засвяціўся ў камандзе пятага дывізіёна ЗША, але нават там не правёў аніводнай сустрэчы.

І тут пашанцавала: у 2020-м толькі што створаны «Інтэр» меў патрэбу ў футбалістах, і на пазіцыю брамніка выбар быў зроблены на карысць Кэлендэра – яго вымянялі ў «Сан-Хасэ Эрткуэйс» на пік другога раўнда драфта. Спачатку Дрэйка накіравалі ў фарм-клуб з Д2 «Форт-Лодэрдэйл», дзе 7 траўня 2021 года ён дэбютаваў у прафесійным футболе. Праз год, 19 сакавіка 2022 года, Кэлендэр згуляў за асноўную каманду ў МЛС, дарэчы, у матчы супраць моцнага «Цынцынаці». А пасля траўмы канкурэнта па пазіцыі Ніка Марсмана, Дрэйк стаў асноўным брамнікам.

Ад моманту дэбюту за «Інтэр» трансферны кошт Кэлендэра падняўся з 75 тысяч еўра да 1,5 мільёна. Цяпер футбаліст, які быў нікому не патрэбны ў 22-гадовым узросце, гуляе ў адной камандзе з Месі і дапамагае клубу, які паверыў у яго, браць першыя ў гісторыі трафеі.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты