Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Кантрасты Лакапэль-Марываля. Этап у Францыі адлюстраваў становішча ў абедзвюх катэгорыях чэмпіянату свету па мотакросе

Кантрасты Лакапэль-Марываля. Этап у Францыі адлюстраваў становішча ў абедзвюх катэгорыях чэмпіянату свету па мотакросе

Гонкі чэмпіянату свету па мотакросе ў французскім Лакапэль-Марывалі ў малодшай і старэйшай катэгорыях прайшлі па розных сцэнарыях, але ў адпаведнасці з трэндамі. Рэно замацаваў лідарства ў MX2, а ў MXGP на яго ў роўнай ступені прэтэндуюць тры гоншчыка з трох розных каманд.

12 октября 2021, 17:14
Кантрасты Лакапэль-Марываля. Этап у Францыі адлюстраваў становішча ў абедзвюх катэгорыях чэмпіянату свету па мотакросе

Фота: mxgp.com

Гонкі чэмпіянату свету па мотакросе ў французскім Лакапэль-Марывалі ў малодшай і старэйшай катэгорыях прайшлі па розных сцэнарыях, але ў адпаведнасці з трэндамі. Рэно замацаваў лідарства ў MX2, а ў MXGP на яго ў роўнай ступені прэтэндуюць тры гоншчыка з трох розных каманд.

1 620-метровая грунтавая траса ў Лакапэль-Марывалі добра знаёмая ўсім удзельнікам чэмпіянату свету па мотакросе – на ёй шмат гадоў праводзяцца перадсезонныя гонкі сусветнага першынства. Але яго афіцыйны этап яна ў мінулыя выхадныя прымала ўпершыню, адлюстраваўшы ўсю папярэднюю частку сезону.

Хоць трэк больш ці менш знаёмы ўсім удзельнікам чэмпіянату, але французы ўсё роўна маюць на ім пэўную перавагу як мінімум з прычыны элементарнай геаграфіі. Найбольшае іх прадстаўніцтва ў малодшай катэгорыі MX2, таму не дзіўна, што яны там і задавалі тон. Найперш гэта тычыцца прадстаўніка Red Bull KTM Factory Racing Тома Віаля, які дамінаваў і перамог у абедзвюх гонках.

Хол-шотамі пакуль што дзейсны чэмпіён таксама пачаў абедзве, тады як яго суайчыннік і лідар чэмпіянату Максім Рэно стартаваў у іх не лепшым чынам. На першым кругу першага заезду гоншчык Monster Energy Yamaha Factory Racing апынуўся спачатку ў канцы першай дзясятцы. І хоць затым Максім эфектыўна прарываўся, да першай тройкі дабрацца ў яго не атрымалася.

У тым ліку праз яго бельгійскага партнёра па камандзе Яга Гіртса, з якім у яго развярнулася барацьба пад канец гонкі. Яга доўга не пускаў Максіма наперад, аднак той усё ж здолеў знайсці прарэху ў яго абароне, выйшаў наперад і фінішаваў чацвёртым. Першую ж тройку замкнуў аўстралійскі гоншчык Rockstar Energy Husqvarna Factory Racing Джэд Бітан. А партнёр Віаля па KTM Маціа Гуаданьіні забяспечыў свайму калектыву пераможны дубль, фінішаваўшы другім.

Паўтарыць поспех у другой гонцы ў італьянца не атрымалася. Рэно стартаваў ужо больш паспяхова, і так шмат пазіцый, як у першым заездзе, адыгрываць яму не прыйшлося. Абагнаўшы спачатку Бітана, а пасля кароткага супрацьстаяння і партнёра Віаля і Гуаданьіні Рэнэ Хофера, Максім апынуўся ізноў за спінай Гіртса. Яшчэ раз пабадаўшыся са сваім партнёрам па завадской Ямахе некалькі кругоў, француз зноў яго абышоў, пагнаўшыся за Гуаданьіні – той, на шчасце, быў паблізу.

На барацьбу з італьянцам Рэно затраціў значна меней часу, хутка абагнаў і яго і фінішаваў у выніку другім. Хаця на подыуме Максім размясціўся на ступень ніжэй за Маціа, які забяспечыў дубль сваёй камандзе і па выніках усяго французскага Гран Пры, які выйграў Віаль. Том і ў чэмпіянаце ў чарговы раз падняўся вышэй – на чацвёртую пазіцыю. Але са сваімі 372 ачкамі ён усё роўна далёка ад Рэно, які толькі замацаваў сваё лідарства.

У Максіма пасля дванаццаці этапаў 488 балаў супраць 397 у Гіртса, які застаўся на другой пазіцыі. Гуаданьіні, аднак, скараціў адставанне ад Яга да чатырох ачкоў, а таксама разам з Віалем дапамог KTM захапіць лідарства ў заліку вытворцаў. Праўда, з Ямахай, якая цяпер на другой пазіцыі, у аўстрыйскага брэнду роўная колькасць ачкоў – па 531. Husqvarna з 405 па-ранейшаму замыкае першую тройку.

Калі ў MX2 сітуацыя больш ці менш зразумелая, і Рэно там хутка зможа датэрмінова аформіць тытул, то ў MXGP не вырашана нічога, і французскі этап толькі абвастрыў спаборніцтва за чэмпіёнства. На яго, як было адзначана ў пачатку гэтага артыкула, прэтэндуюць тры прадстаўніка трох розных каманд. Француз, на радасць гледачам, што прыйшлі на гонкі ў Лакапэль-Марывалі, сярод іх таксама ёсць.

Менавіта ён – гоншчык Monster Energy Kawasaki Racing Team Рамэн Фэвр – і стаў галоўным героем першага заезду. Хол-шот на сваё імя запісаў іншы фаварыт чэмпіянату Джэфры Херлінгс з Red Bull KTM Factory Racing, але Фэвр, абагнаўшы ў пачатку гонкі швейцарца Джэрэмі Сівера з Monster Energy Yamaha Factory Racing, пачаў паступова набліжацца і да нідэрландца. І на восьмым кругу пакінуў ззаду і яго, амаль адразу стварыўшы даволі камфортны адрыў.

Херлінгс паспрабаваў быў контратакаваць, узняўшы тэмп на апошніх кругах і наблізіўшыся да француза. Аднак той выстаяў пад уціскам з боку канкурэнта і фінішаваў першым. Херлінгс стаў другім, Сівер замкнуў першую тройку. Дзейснаму чэмпіёну і на той момант яшчэ лідару чэмпіянату Ціму Гайсэру ў першай гонцы не пашанцавала – і стартаваў ён не надта ўдала, адкаціўшыся бліжэй да дзясятай пазіцыі, і фінішаваў толькі шостым.

Завадскі гоншчык Хонды паспрабаваў рэабілітавацца ў другім заездзе, у якім старт для яго прайшоў ужо лепей. Да фінішу славенец прыйшоў трэцім, але ў лік галоўных герояў усё роўна не патрапіў. Там паспрабаваў аказацца Антоніа Кайролі, які ў першай гонцы фінішаваў пятым, а цяпер стаў аўтарам хол-шоту. Але ў выніку памылкі на першым жа кругу прапусціў наперад свайго партнёра па KTM Херлінгса з Фэврам, а пазней і Гайсэра, так да фінішу і застаўшыся на чацвёртай пазіцыі.

Ну а якраз Херлінгс і Фэвр і сталі зноў галоўнымі дзейнымі асобамі гонкі. Нідэрландзец пэўны час лідзіраваў, аднак ізноў жа на восьмым кругу саступіў пазіцыю французу. Пачуццё дэжавю ўзмацнілася, калі на апошніх кругах Джэфры зноў нагнаў Рамэна і пачаў ціснуць на яго. Але гэтым разам на шаснаццатым кругу ён змог абагнаць канкурэнта з Kawasaki. Той паспрабаваў контратакаваць, аднак Херлінгс паспяхова адбіўся і фінішаваў першым.

Пры роўнай колькасці заробленых на этапе балаў вышэй у выніковым пратаколе этапу MXGP аказваецца той, хто на вышэйшай пазіцыі фінішаваў у другім заездзе. Таму на вяршыню подыуму ў Лакапэль-Марывалі падняўся Херлінгс. Фэвр заняў другое месца, Гайсэр стаў трэцім.

У такім жа парадку яны размяшчаюцца і ў асабістым заліку чэмпіянату. Джэфры, у якога 460 балаў, вярнуў сабе лідарства, але Рамэн саступае яму шэсць ачкоў, а Гайсэр дзесяць. Тут перастаноўкі не проста магчымыя, яны яшчэ абавязкова будуць. Верагодныя яны і ў заліку вытворцаў, але меней, калі казаць пра першую пазіцыю, якую з 565 ачкамі займае KTM. Вось за другую Honda і Kawasaki б’юцца адчайна – у іх па 459 балаў.

Анансуючы Гран Пры Францыі і звяраючыся з календаром чэмпіянату свету па мотакросе, я ў аглядзе папярэдняга нямецкага этапу ў які ўжо раз не заўважыў слана, за што ў каторы ўжо раз і выбачаюся перад сваімі чытачамі. Гэта не Лакапэль-Марываль ёсць апошнім адзіночным этапам перад доўгім візітам MXGP у Італію, а Гран Пры Іспаніі, які ў бліжэйшы ўік-энд пройдзе на трасе ў сталіцы гэтай краіны Мадрыдзе. Затое чым болей этапаў, тым непрадказальней вынікі сезону!

Другие посты блога

Все посты