Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Уік-энд на літару «Г». На мотакросавым Гран Пры Ламбардыі запальвалі Гіртс і Гайсэр

Уік-энд на літару «Г». На мотакросавым Гран Пры Ламбардыі запальвалі Гіртс і Гайсэр

Італьянская Мантуя ў мінулыя выхадныя прыняла ў сябе другі этап чэмпіянату свету па мотакросе, які прайшоў добра для Ціма Гайсэра і выдатна для Яга Гіртса. І па-рознаму для ўсіх астатніх удзельнікаў.

12 марта 2022, 01:18
Уік-энд на літару «Г». На мотакросавым Гран Пры Ламбардыі запальвалі Гіртс і Гайсэр

Фота: mxgp.com

Італьянская Мантуя ў мінулыя выхадныя прыняла ў сябе другі этап чэмпіянату свету па мотакросе, які прайшоў добра для Ціма Гайсэра і выдатна для Яга Гіртса. І па-рознаму для ўсіх астатніх удзельнікаў.

Нажаль толькі, ужо больш за два тыдні жартаваць надзвычай цяжка. Расійскае ваеннае уварванне ва Украіну разбурыла жыццё нашых паўднёвых суседзяў, сяброў, братоў і сясцёр. Беспрэцэдэнтная жорсткасць у дачыненні да мірных грамадзян, артылерыйскія, ракетныя і бомбавыя ўдары па бальніцах, дзіцячых садах і жылых масівах, а таксама пагроза ядзернай катастрофы разам з катастрофай гуманітарнай у выглядзе пары мільёнаў бежанцаў і жыхароў гарадоў у варожым атачэнні прымусіла ўвесь свет здранцвець у жаху.

Не здранцвелі толькі мужныя ўкраінцы і ўкраінкі, якія з першых гадзін пачалі біць ворага і трымаць абарону. Бліцкрыг, які планаваў дробны закамплексаваны зайздросны мсцівы расійскі дыктатар, праваліўся адразу, наткнуўшыся на сапраўдны гераізм тых, хто любіць сваю родную зямлю і свой народ. Апынуўшыся ў нечалавечых умовах, украінцы не толькі захавалі чалавечую годнасць, салідарызаваўшыся незалежна ад поглядаў адзін аднаго, а яшчэ і згуртаваліся ў крутую народную армію, у кулак, які цяпер выбівае піцерскаму гопніку яго зубы.

Я ў чарговы раз выказваю ўкраінцам сваё захапленне імі і зычу ім перамогі. А яшчэ ў чарговы раз прашу ў іх прабачэння ад імя беларусаў, якім зараз сорамна за тое, што іх да гэтага мірную краіну зрабілі саўдзельніцай ваеннага злачынства. Паверце, даражэнькія, што мы жадаем вам толькі дабрыні і міру. Мы, якія самі апынуліся ў акупацыі пасля таго, як наш мясцовы дыктатар гвалтоўна захапіў уладу, утрымаўшыся толькі на дубінках амапаўцаў і грошах свайго крамлёўскага гаспадара, пакутуем зараз таксама.

Некаторым з нас пашанцавала болей, і яны знайшлі магчымасць эвакуіравацца ў тым ліку ва Украіну, каб цяпер разам з вамі апынуцца ў пекле. Але і каб дапамагаць вам жа цяпер: каб біць ворага разам з вамі ў беларускіх батальёнах, каб прымаць украінцаў у сваіх дамах у краінах Еўропы, дзе некаторыя з нас таксама апынуліся. Мы як можам будзем імкнуцца дапамагчы вам вызваліць і сваю краіну, і нашу, таму паспрабуйце, калі ласка, адрозніваць нас ад нашага з вамі агульнага ворага. Слава Україні! Героям слава! Жыве Беларусь!

Перакананы, што ў будучыні вольныя народы Еўропы, у тым ліку беларусы і ўкраінцы, будуць высвятляць, хто мацнейшы, толькі ў спартыўных спаборніцтвах, як той жа мотакрос, у якім выступаюць гоншчыкі з самых розных краін. Другі этап яго сусветнага чэмпіянату ў мінулы ўік-энд прайшоў у Італіі, на трасе ў Мантуе.

Траса добра ўсім вядомая, але ад таго не меней складаная. Памылак яна не даруе, а памыляцца многія пачалі ўжо ў кваліфікацыйных гонках. Адным з нямногіх, хто не памыліўся ў заездзе малодшай катэгорыі MX2, быў гоншчык завадской каманды Monster Energy Yamaha Factory Racing, які і перамог, забяспечыўшы сабе лепшую стартавую пазіцыю ў асноўных гонках.

Першую малады бельгіец потым выйграў, здаецца, увогуле не напружваючыся, хоць хол-шотам пачаў і не ён, а француз Том Віаль з каманды Red Bull KTM Factory Racing. Але Гіртс у самым пачатку абагнаў спачатку нарвежскага райдэра каманды F&H Kawasaki Racing, а потым і самога Віаля, каб за астатні час адарвацца ад яго амаль на пяць з паловай секунд.

Віаль сваю другую пазіцыю захаваў, а вось Хоргма трэцюю не, фінішаваўшы толькі шостым. За права замкнуць тройку мацнейшых наогул барацьба ішла актыўная. Трэцім пабывалі і італьянец Андэа Адама з каманды SM Action Racing Team’s YUASA Battery, і нідэрландскі гоншчык Nestaan Husqvarna Factory Racing Кай дэ Вольф, якому ў выніку і пашчасціла быць трэцім і які быў у коле фаварытаў другога заезду.

Хол-шот там ізноў выйграў Віаль, які затым быццам бы замацаваўся на лідарскай пазіцыі, але замест таго, каб канвертаваць яе ў перамогу, памыліўся ў самым пачатку гонкі на адным з трамплінаў, і праляцеў шмат метраў асобна ад свайго матацыкла, толькі цудам пазбегшы траўм. Фінішаваў француз, праўда, толькі дваццаць першым.

Лідарская пазіцыя пасля таго інцыдэнту перайшла да Адама, але ў яго за спінай ужо паспеў раскаціцца Гіртс, які пасля непрыемнасці Віаля стаў трэцім. Ён абагнаў спачатку дэ Вольфа, а потым і Андрэа, якога пазней пакінуў ззаду і пераможца папярэдняга Гран Пры Вялікабрытаніі Сімон Лангенфельдэр з каманды Red Bull GasGas Factory Racing. Адама фінішаваў трэцім, але па выніках этапу саступіў толькі Гіртсу і заняў другое месца. Кай дэ Вольф падняўся на ніжнюю ступень подыуму.

Гіртс пакінуў Мантую і лідарам чэмпіянату з 90 ачкамі. Лангенфельдэр, які ў першай гонцы фінішаваў сёмым, у турнірнай паліцы апусціўся на другі радок, у яго 86 балаў. З 74 замыкае першую тройку дэ Вольф. У заліку вытворцаў лідараў фактычна два – Yamaha і GasGas маюць па 90 ачкоў, і японцы займаюць першую пазіцыю толькі па дадатковых паказчыках. Роўна на дзесяць ачкоў меней у KTM, які размяшчаецца на трэцяй пазіцыі.

У катэгорыі MXGP лідар чэмпіянату Цім Гайсэр таксама пачаў з перамогі ў кваліфікацыйнай гонцы, дзе пабароўся з завадскім гоншчыкам Ямахі Джэрэмі Сівэрам. У асноўных заездах, праўда, галоўным супернікам славенца з завадской Хонды быў не швейцарац. Хол-шот у першым, напрыклад, выйграў таксама завадчанін, але ўжо з GasGas, іспанец Хорхе Прада.

Вось на яго Гайсэр і насядаў увесь час, але абагнаць так і не здолеў, задаволіўшыся другой пазіцыяй. Трэцяя дасталася дзейснаму чэмпіёну катэгорыі MX2 Максіму Рэно – партнёру Сівэра па Ямахе. Сам Джэрэмі, адкаціўшыся ў пачатку заезду на восьмую пазіцыю, потым усё ж дабраўся да чацвёртай.

Другую гонку, разбурыўшы традыцыі, хол-шотам адкрыў не Прада, а нямецкі гоншчык каманды JM Honda Racing Генры Якобі. На першай пазіцыі, зрэшты, надоўга ён не затрымаўся, прапусціўшы наперад спачатку Сівэра, а хутка пасля і Гайсэра. Джэрэмі і Цім павялі спрэчку за лідарства, якая скончылася на карысць славенца пасля таго, як швейцарац упаў. Не катастрафічна, але некалькі пазіцый страціў, фінішаваўшы ў выніку на пятай.

Дарэчы, Сівэру давялося пабіцца з Прада, які быў хутчэйшы і меў шанцы патрапіць у першую тройку, але на апошнім кругу ўпаў і фінішаваў толькі сёмым. Не абышлося без памылак і ў Гайсэра, аднак ён сваю першую пазіцыю не згубіў і нават не падпусціў да сябе занадта блізка Рэно, які прыйшоў да фінішу другім, адстаўшы ад Ціма на сем секунд. Трэцяя пазіцыя дасталася нідэрландскаму гоншчыку завадской каманды Standing Construct Husqvarna Factory Racing Браяну Богерсу.

Гайсэр перамог і па выніках Гран Пры Ламбардыі. Рэно заняў другое месца, Прада трэцяе. У чэмпіянаце Цім захаваў лідарства і мае 94 ачкі, Прада з 82 баламі другі, Рэно, у якога 77 ачкоў, займае трэцюю пазіцыю. Honda з тымі ж 94 ачкамі лідзіруе ў заліку вытворцаў, Yamaha, адстаючы на дзесяць балаў, застаецца другой, на два ачкі абганяючы GasGas, які па-ранейшаму трэці.

Наступны этап сусветнага мотакросавага чэмпіянату адбудзецца ў наступныя выхадныя, 19-20 сакавіка, у Аргенціне, на трасе ў Віла ла Агастура. Каляндар першынства, дарэчы, на гэтым тыдні быў удакладнены. Адменены па зразумелых прычынах расійскі этап, які меўся прайсці 30 красавіка-1 мая, заменены Вялікім Прызам Італіі, толькі пройдзе ён тыднем пазней, 7-8 мая. Затое ў любімай усімі Маджыоры.

Акрамя гэтага апошні этап пройдзе 9-10 верасня, на тыдзень раней, чым планавалася спачатку. Гэта будзе першы ў гісторыі Гран Пры Амана. А 25 верасня, ужо пасля сканчэння сезону, у амерыканскім Рэдбадзе пройдзе Мотакрос Нацый.

Другие посты блога

Все посты