Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Вы не паверыце, хто ў беларускім футболе рэальны эксперт па Блізкім Усходзе: яшчэ 7 гадоў таму адчуваў, што можа быць небяспечна

Вы не паверыце, хто ў беларускім футболе рэальны эксперт па Блізкім Усходзе: яшчэ 7 гадоў таму адчуваў, што можа быць небяспечна

Глеб скрозь гады.

Аўтар — Alex Zagorski
10 кастрычніка, 16:28
Вы не паверыце, хто ў беларускім футболе рэальны эксперт па Блізкім Усходзе: яшчэ 7 гадоў таму адчуваў, што можа быць небяспечна

7 кастрычніка палестынская тэрарыстычная групоўка ХАМАС распачала буйнамаштабнае ўторгненне ў Ізраіль з тэрыторыі Сектара Газа. Яно суправаджалася найбуйнейшым з вайны Суднага дня (1973 год) ракетным абстрэлам габрэйскай дзяржавы, масавымі забойствамі мірных жыхароў і ўзяццем закладнікаў.

У адказ на дзеянні палестынцаў улады Ізраіля ўвялі ваеннае становішча (таксама ўпершыню з 1973-га) і распачалі аперацыю «Жалезныя мячы». Па звестках на вечар 9 кастрычніка, загінулі па меншай меры 900 ізраільцян (260 з іх – ахвяры расправы на музычным фестывалі пад кібуцам Рэім), 2741 чалавек атрымалі раненні. У той жа час Палестына паведамляе пра 704 загінулых у Сектары Газа і 4 тысячах параненых. Ідзе гаворка пра паўтары тысячы знішчаных удзельнікаў нападу з боку ХАМАС.

Вядома пра трох пацярпелых грамадзян Беларусі, адзін з якіх знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане.

Фота: ізраільскія ваенныя праходзяць міма забітых баевікамі ХАМАС мірных жыхароў у Сдэрдоце.

Фота: праца ізральскай сістэмы супрацьпаветранай абароны «Жалезны купал».

Фота: удар арміі Ізраіля па Сектары Газа.

Ізраіль у апошнія часы з'яўляецца даволі папулярным кірункам развіцця кар'еры для беларускіх футбалістаў. Напрыклад, у мінулым годзе Ілля Шкурын у складзе «Макабі» з Петах-Тыквы станавіўся чэмпіёнам тамтэйшага Д2, а ў першай палове бягучага года Іван Бахар гуляў за «Ірані» з Кір'ят-Шманы. Цяпер жа ў Ізраілі выступаюць Дзяніс Палякоў («Хапаэль» Хайфа, Д1), Андрэй Лаўранчук («Макабі-Ахі» Іскаль, Д4) і Георгій Манастырскі («Хапаэль Бнэй» Фурэйдзіс, Д4). Палякоў, нагадаем, трапіў у склад зборнай Беларусі на матчы кваліфікацыі ЧЕ супраць Румыніі і Швейцарыі – учора футбаліст спрабаваў пакінуць краіну, каб далучыцца да нацыяналкі.

Ізраільскі этап кар'еры мог быць і яшчэ ў аднаго беларускага футбаліста, вядомага па выступах за лонданскі «Арсенал» і «Барселону». Некалі зорны Аляксандр Глеб у 2016 годзе мог перайсці пасля БАТЭ ў «Хапаэль» з Беэр-Шэвы, але менавіта праз ізраільска-палестынсцкі канфлікт не стаў гэтага рабіць:

– Паглядзеў на карце, дзе знаходзіцца Беэр-Шэва – аказалася, зусім блізка ад Палестыны. Узнікла лёгкае «мандрэ», таму не стаў спяшацца. А трэнер «Хапаэля» пакрыўдзіўся. Ну, у выніку я апынуўся ў турэцкім «Генчлербірлігі», – распавядаў Глеб цяпер заблакаванаму «Прэсболу».

Беэр-Шэва з'яўляецца адміністрацыйным цэнтрам Паўднёвай акругі Ізраіля. Мяжа з усходняй часткай Палестыны знаходзіцца ўсяго ў 19 кіламетрах ад горада, да Сектара Газа ад Беэр-Шэвы – 49 кіламетраў.

У момант магчымага пераходу Глеба ў ізральскі клуб канфлікт паміж краінамі не знаходзіўся ў гарачай фазе, тым не менш, пагроза існавала заўсёды. Так, у 2016-м адбыліся два тэракты ў Тэль-Авіве: 8 сакавіка араб з нажом напаў на турыстаў (загінуў 1 чалавек, 10 атрымалі раненні), а 8 чэрвеня двое прадстаўнікоў ХАМАС учынілі стральбу па наведвальнікам аднаго з рэстаранаў (4 загінулых, 16 параненых). Тым не менш, інтуіцыі Глеба можна толькі пазайздросціць.

Найлепшае ў блогахБольш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты