Tribuna/Футбол/Блогі/Шкурын намінаваны на званне найлепшага нападніка Экстракласы, а як складваўся лёс пераможцаў мінулых гадоў?

Шкурын намінаваны на званне найлепшага нападніка Экстракласы, а як складваўся лёс пераможцаў мінулых гадоў?

15 траўня, 04:07
Шкурын намінаваны на званне найлепшага нападніка Экстракласы, а як складваўся лёс пераможцаў мінулых гадоў?

Ілля Шкурын праводзіць сапраўды выдатны сезон за мелецкую «Сталь» у Польшчы: 15 галоў і пяць асістаў, пры гэтым паказнік чаканых мячоў беларуса складае 7.98, што дае оверперфоманс амаль у два разы, а значыць шыкоўную рэалізацыю. Таксама варта заўважыць, што ў Эрыка Экпазіта з «Шлёнска», які зараз узначальвае рэйтынг бамбардзіраў адразу 6 галоў з пенальці, у той час, калі Шкурын усе свае мячы забіў з гульні (і лідаруе па дадзеным паказніку).

Гэта дае падставы думаць, што беларус заслугоўвае на званне найлепшага нападніка чэмпіянату. Давайце згадаем, як складваліся кар'еры тых, хто за апошнія 5 сезонаў браў дадзеную ўзнагароду.

2022-23

У мінулым годзе чэмпіёнам Польшчы стаў «Ракуў» з Чэнстаховы, які вельмі добра вядомы Іллі, але, на жаль, з сумнага досведу. Аднак найлепшым нападнікам быў прызнаны форвард «Ягелоніі» Марк Гуаль. У 31 гульні чэмпіяната іспанец забіў 16 мячоў і аддаў 8 галявых перадач.

Заканамерным развіццём кар'еры стаў пераход у польскі гранд – варшаўскую «Легію», якая 15 разоў станавілася чэмпіёнам Польшчы, 20 разоў брала Кубак краіны і выступала на групавых стадыях Лігі чэмпіёнаў, Лігі Еўропы і Лігі Канферэнцыі. Гуаль з «Легіяй» згуляў у групе Лігі Канферэнцыі, але паспяховым пераход назваць усё ж складана: зараз іспанец за 31 матч адзначыўся шасцю галамі і чатырма галамі. Пры гэтым «Ягелонія», за якую Гуаль выступаў год таму, за два туры да канца чэмпіянату ідзе першай і на 6 ачкоў апяраджае «Легію», якая знаходзіцца на трэцім месцы.

2021-22

У сезоне 2021-22 чэмпіёнам стаў пазнаньскі «Лех» і найлепшым нападнікам быў прызнаны капітан польскіх «чыгуначнікаў» швед Мікаэль Ішак. Цікава, што тады форвард з 18 мячамі не быў найлепшым бамбардзірам турніру, больш за яго забіў футбаліст «Ракува» Іві Лопес (20 галоў).

Пасля таго трыумфу Ішак згуляў з «Лехам» у Лізе Канферэнцый, дзе пазнаньскі клуб дайшоў да стадыі 1/4 фіналу і саступіў толькі «Фіарэнціне», якая па выніку саступіла «Вест Хэму» толькі ў фінале. У тым жа годзе швед працягнуў кантракт з «Лехам» да 2025 года, аднак вясной 2024 з'явіліся чуткі, што Ішак жадае змяніць чэмпіянат.

Калі размаўляць пра асабістыя дасягненні, то ў сезоне 2022-23 Ішак адзначыўся 11 галамі і чатырма галявымі перадачамі ў 23 гульнях, выніковасць у бягучым сезоне захавалася на такім жа ўзроўні – 10+3 у 22 матчах чэмпіянату.

2020-21

Апошняе чэмпіёнства «Легіі» прыйшлося якраз на сезон 2020-21 і тады найлепшым нападнікам быў прызнаны чэшскі форвард варшавянаў Томаш Пекхарт, які тады настраляў 22 мячы.

Пасля такога сезону Пекхарт, які пачынаў дарослую кар'еру ў «Тотэнхэме», атрымаў выклік у зборную на Еўра-2020 і нават правёў 15 хвілін супраць англічанаў.

Наступны сезон стаў больш сціплым – 9+1 у 31 гульні чэмпіянату і, пасля канца кантракту, пераехаў у турэцкі «Газіантэп», той самы які мінулым летам цікавіўся Уладзіславам Марозавым. Аднак у Турцыі Пекхарт не змог паказаць свае найлепшыя якасці і, пасля аднаго гола ў 12 гульнях, кантракт быў датэрмінова скончаны ў лістападзе 2022. У студзені 2023 чэх вярнуўся ў «Легію», дзе выступае і сёння: пяць галоў і два асісты ў 13 гульнях за другую палову сезона 2022-23 і восем галоў у 24 матчах цяперашняга чэмпіянату.

2019-20

Сезон 2019-20 скончыўся чэмпіёнствам «Легіі», але найлепшым форвардам быў прызнаны датскі нападнік «Леха» Крысціян Гутк'яер (24 галы ў 34 матчах), беларускія заўзятары могуць памятаць гэтага форварда па яго хет-трыку ў матчы кваліфікацыі Лігі Еўропы паміж «Лехам» і салігорскім «Шахцёрам» (3:1).

Такія выступы зацікавілі «Монцу», якая тады вытупала ў Серыі В і змагалася за выступ у наймацнейшы дывізіён. За два гады ў італьянскім Д2 з «Монцай» Гутк'яер правёў 60 матчаў, забіў 20 мячоў і аддаў пяць асістаў.

Калі «Монца» выйшла ў Серыю А Гутк'яер прайграў канкурэнцыю і за год правёў толькі 27% магчымага гульнявога часу (адзін гол за 542 гульнявыя хвіліны ў 22 матчах).

У гэтым сезоне датчанін выступае за «Венецыю», якая змагаецца за выхад у Д1. З камандай Гутк'яер выйшаў у плэй-оф за права гуляць у Серыі А, футбаліст з'яўляецца важным гульцом клуба: ён другі бамбардзір «Венецыі» з 11 галамі і двума асістамі ў 38 матчах чэмпіянату.

2018-19

Сезон 2018-19 стаў паспяховым для «Пяста», фанаты якога сябруюць з БАТЭ, а найлепшам форвардам быў прызнаны 35-гадовы іспанец Ігор Ангуло, які тады забіў 24 галы за «Гурнік» з Забжэ.

Наступны сезон Ангуло таксама правёў у клубе Верхняй Сілезіі і адзначыўся 16 галамі і шасцю галявымі перадачамі ў 36 матчах.

Пасля форвард свабодным агентам перайшоў у індыйскі «Гоа», зрабіў 16 галоў у 19 матчах Індыйскай Суперлігі (у гэтым жа чэмпіянаце выступае добра знаёмы беларускім заўзятарам Фёдар Чарных), наступны год, таксама ў Суперлізе, Ангуло правёў за «Мумбай Сіці» (10 + 2 у 19 гульнях), а пасля завяршыў прафесійную кар'еру.

Тут, у канцы, можна зрабіць выснову, што найлепшым нападнікам не заўсёды прызнаюць найлепшага бамбардзіра. Таксама варта заўважыць, што Гуаль, Пекзарт і Гуткя'ер атрымалі магчымасці заключыць добрыя кантракт і пайсці на павышэнне, а Ішак змог добра перазаключыць пагадненне. Толькі Ангуло фактычна ніяк не змог выкарыстаць такі статус, але і ён на момант атрымання ўзнагароды знаходзіўся ўжо на заключным этапе кар'еры.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты