Tribuna/Футбол/Блогі/Дзейны чэмпіён свету, Азар і яшчэ 12 цікавых вольных агентаў пасля закрыцця трансфернага акна

Дзейны чэмпіён свету, Азар і яшчэ 12 цікавых вольных агентаў пасля закрыцця трансфернага акна

Яны яшчэ могуць узмацніць кагосьці.

6 верасня, 05:50
1
Дзейны чэмпіён свету, Азар і яшчэ 12 цікавых вольных агентаў пасля закрыцця трансфернага акна

У топавых еўрапейскіх чэмпіянатах закрылася трансфернае акно, але вялікая колькасць вядомых гульцоў так і не змаглі знайсці сабе футбольныя клубы. Тут - найбольш цікавыя і вядомыя.

Давід дэ Хеа, 32 гады

Папярэдні клуб: «Манчэстэр Юнайтэд»

Трансферны кошт (па версіі Transfermarkt): 13 млн еўра

Дасведчаны іспанскі кіпер пакінуў МЮ пасля 12 гадоў у клубе. Давід дэ Хеа быў апошнім гульцом у асноўным складзе «чырвоных д'яблаў», хто выйграваў АПЛ яшчэ з Алексам Фергюсанам.

Ужо праз некалькі дзён пасля сыходу з'явілася інфармацыя, што футбалістам цікавіўся «ПСЖ», а таксама «Баварыя». Па чутках, на кантакт з гульцом выходзіў «Рэал», які пачаў шукаць замену Куртуа, але мадрыдскі клуб абраў Кепу.

Эдэн Азар, 32 гады

Папярэдні клуб: «Рэал»

Трансферны кошт (па версіі Transfermarkt): 5 млн еўра

Улетку бельгійца звязвалі з клубамі Францыі, Бельгіі, ЗША, Бразіліі і, вядома, Саудаўскай Аравіі. Але Эдэн усім адмовіў. Здаецца, Азар блізкі да завяршэння таго, каб павесіць буцы на цвік, хаця ў чэрвені адмаўляў такі сцэнар.

Каспер Шмейхель, 36 гадоў

Папярэдні клуб: «Ніца»

Трансферны кошт (па версіі Transfermarkt): 2 млн еўра

Дасведчаны датчанін, які мінулы сезон правёў у Лізе 1, таксама знаходзіцца без клуба. 1 верасня «Ніца» паведаміла, што галкіпер пакінуў каманду, скасаваўшы кантракт па згодзе бакоў.

Раней паведамлялася, што кандыдатуру Шмейхеля разглядаў «Чэлсі» ў якасці замены Кепы, які перайшоў у «Рэал» на правах арэнды. А цяпер найбольш наблізіўся да падпісання Каспера «Андэрлехт».

Папу Гомес, 35 гадоў

Папярэдні клуб: «Севілья»

Трансферны кошт (па версіі Transfermarkt): 3 млн еўра

Пераможца ЧС-2022 у Катары Папу Гомес таксама не мае каманды. Пасля трох гадоў у «Севільі» аргенцінец пакінуў яе 1 верасня свабодным агентам. У іспанскай камандзе ён паспеў згуляць 92 матчы і забіць 10 мячоў.

Улетку яго звязвалі з «Монцай», якая выступае ў Серыі А. Таксама была інфармацыя, што паўабаронца атрымаў выгадную прапанову з Саудаўскай Аравіі.

Шкадран Мустафі, 31 год

Папярэдні клуб: «Левантэ»

Трансферны кошт (па версіі Transfermarkt): 1 млн еўра

Чэмпіён свету ў складзе зборнай Германіі і экс-гулец «Арсенала» знаходзіцца ў статусе вольнага агента ад 1 ліпеня. Папярэдняй камандай Мустафі быў іспанскі «Левантэ», які гуляў у мінулым сезоне ў Сегундзі. Нямецкі абаронца правёў 3 матчы, забіўшы адзін мяч.

Клубаў, якія жадаюць падпісаць абаронцу, пакуль не знайшлося.

Раберта Перэйра, 32 гады

Папярэдні клуб: «Удынезэ»

Трансферны кошт (па версіі Transfermarkt): 6 млн еўра

Аргенцінскі паўабаронца, які правёў апошнія чатыры гады ў Італіі ў складзе «Удынезэ», таксама знаходзіцца без каманды. Улетку «Інтэр» прапаноўваў Перэйры двухгадовы кантракт, але клуб і гулец не змаглі дамовіцца.

Альфрэда Марэлас, 27 гадоў

Папярэдні клуб: «Рэйнджэрс»

Трансферны кошт (па версіі Transfermarkt): 6 млн еўра

Таленавіты калумбійскі нападаючы, які паспеў забіць за «Рэйнджэрс» больш за 100 мячоў, пакінуў гэтым летам каманду. У мінулым сезоне калумбіец адгуляў 45 матчаў і вызначыўся 12 разоў.

Улетку хадзілі чуткі, што Марэласам цікавіўся «Эвертан», а таксама «Нотынгем Форэст» і «Севілья», але ні адзін з клубаў не падпісаў гульца.

Джэсі Лінгард, 30 гадоў

Папярэдні клуб: «Нотынгем Форэст»

Трансферны кошт (па версіі Transfermarkt): 8 млн еўра

Вечна малады англічанін мінулы сезон правёў у «Нотынгеме». Джэсі Лінгард спрабаваў перазапусціць сваю кар'еру ў новай камандзе, але атрымалася не вельмі: паўабаронца адгуляў даволі слаба, зрабіўшы ўсяго 4 рэзультатыўныя дзеянні за 20 матчаў.

Нядаўна хадзілі чуткі, што футбаліст пачаў трэнавацца з «Вест Хэмам» і што «малатабойцы» прапанавалі яму кантракт, але выніку ў гэтай гісторыі пакуль няма.

Нагадаем, што футбаліст раней ужо выступаў за «Вест Хэм» на правах арэнды ў сезоне 2020/21. Тады правёў цудоўнае паўгоддзе, забіўшы 9 мячоў і аддаўшы 4 асісты ў 16 матчах.

Санці Міна, 27 гадоў

Папярэдні клуб: «Сельта»

Трансферны кошт (па версіі Transfermarkt): 4 млн еўра

«Сельта» скасавала кантракт пасля скандалу. Іспанца падазравалі ў згвалтаванні, якое ён, як кажа бок абвінавачання, здзейсніў у 2017 годзе. Пракуратура прасіла для футбаліста 8 гадоў у турме, а Санці Міну не прызналі вінаватым у справе, але асудзілі на 4 гады за сексуальныя дамаганні.

Мінулы сезон форвард правёў у «Аль-Шабабі» ў арэндзе, дзе зрабіў 11 рэзультатыўных дзеянняў за 29 матчаў.

Карым Беларабі, 33 гады

Папярэдні клуб: «Баер»

Трансферны кошт (па версіі Transfermarkt): 1,5 млн еўра

Нямецкі гулец, які выступаў за «Баер» з 2011 года, пакінуў каманду гэтым летам. Беларабі пасля прыходу Хабі Алонса пачаў рэдка выходзіць на поле, згуляўшы ўсяго 10 матчаў ва ўсіх турнірах мінулага сезону.

На гэты момант чутак пра новую каманду няма.

Серхіа Асенха, 34 гады

Папярэдні клуб: «Рэал Вальядалід»

Трансферны кошт (па версіі Transfermarkt): 1 млн еўра

Яшчэ адзін дасведчаны галкіпер знаходзіцца без каманды, трохразовы пераможца Лігі Еўропы, які мінулы сезон правёў у «Рэал Вальядалідзе». У мінулым сезоне Асенха адгуляў 12 матчаў і толькі адзін з іх быў «сухім».

Чуткі адносна новай каманды Серхіа пакуль не з'яўляліся.

Філ Джонс, 31 год

Папярэдні клуб: «Манчэстэр Юнайтэд»

Трансферны кошт (па версіі Transfermarkt): 1,5 млн еўра

Герой мемаў праз сваю фотагенічнасць падчас гульні летам пакінуў «Манчэстэр Юнайтэд» пасля 12 гадоў у клубе. За гэты час Філ Джонс згуляў 251 гульню і забіў 7 мячоў.

Яго хацеў падпісаць Уэйн Руні ў «Дзі Сі Юнайтэд», але трансфер так і не адбыўся.

Жэром Баатэнг, 35 гадоў

Папярэдні клуб: «Ліён»

Трансферны кошт (па версіі Transfermarkt): 800 тысяч еўра

Нямецкі дасведчаны абаронца, які мінулы сезон правёў у «Ліёне», да гэтага часу не знайшоў новую каманду. Баатэнг у мінулым сезоне адгуляў усяго 8 матчаў ва ўсіх турнірах, а затым пакінуў клуб пасля двух гадоў супрацы.

Пра завяршэнне кар'еры не абвяшчаў, але і чутак пра новую каманду не было.

Морган Шнайдэрлін, 33 гады

Папярэдні клуб: «Каньяспор»

Трансферны кошт (па версіі Transfermarkt): 1,5 млн еўра

Цікавая гісторыя здарылася з экс-гульцом «Эвертана». Морган Шнайдэрлін 1 жніўня падпісаў кантракт з «Каньяспорам», а ўжо 10-га бакі скасавалі кантракт па ўзаемнай згодзе – і француз зноў стаў вольным агентам.

Фота: Maurizio Borsari/Global Look Press

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты