Tribuna/Іншыя/Блогі/Гай Рычы – самы спартыўны рэжысёр у гісторыі. Рабіў акцёраў са спартсменаў і зняў легендарную рэкламу Nike

Гай Рычы – самы спартыўны рэжысёр у гісторыі. Рабіў акцёраў са спартсменаў і зняў легендарную рэкламу Nike

І трапляў у скандалы з расіянамі.

30 красавіка, 14:44
Гай Рычы – самы спартыўны рэжысёр у гісторыі. Рабіў акцёраў са спартсменаў і зняў легендарную рэкламу Nike

Вялікабрытанія дала свету мноства вядомых кінарэжысёраў, якія сталі легендамі. Ад Альфрэда Хічкока да Крыстафера Нолана, брытанцы заўсёды задавалі стандарты кінематографа. Але, на жаль, большасць з іх сталі сусветна вядомымі дзякуючы сваёй працы ў Галівудзе. За вельмі рэдкімі выключэннямі ўсё чыста англійскае кіно станавілася папулярным дзякуючы свайму гумару. У шырокі свет маглі вырвацца толькі легендарныя Монці Пайтан, Містар Бін і Бэні Хіл. Здымаць штосьці пра Брытанію лічылася непапулярным і нецікавым, пакуль не з'явіўся Гай Рычы.

Менавіта Рычы быў адным з першых, хто перавярнуў брытанскі кінематограф у 90-я. Дзве яго дэбютныя стужкі, «Карты, грошы, два ствалы» і «Вялікі куш», ужо сталі легендарнымі. І ў адрозненне ад большасці суайчыннікаў, найлепшыя яго фільмы былі зняты ў Англіі і пра Англію.

Але якая ж Брытанія без спорту? Менавіта таму, здымаючы фільмы пра сваю Радзіму, Гай Рычы не мог пазбегнуць спартыўнай тэматыкі, і гэтая сувязь прасочваецца цягам усёй яго кар'еры. Менавіта пра яе мы сёння пагаворым.

Запусціў кінакар'еру адразу некалькіх спартсменаў: запрашаў Бэкхэма, але марыў пра Анры

Сам Рычы прызнаваўся, што амаль усе сюжэтныя лініі сваіх «брытанскіх» фільмаў браў з вячорак у пабах, слухаючы розныя гарадскія легенды і байкі. З самага пачатку ён хацеў, каб у яго здымаліся тыя людзі, якія самі жылі на вуліцах і ведаюць, што гэта такое.

Гэта сёння Джэйсан Стэтхэм – прызнаны мудрэц на ўзроўні Канфуцыя і адзін з самых вядомых галівудскіх акцёраў, але ў канцы 80-х ён быў прафесійным скакуном у ваду. Зорак з неба не хапаў, але тым не менш уваходзіў у склад зборнай Вялікабрытаніі, маючы найвышэйшае дасягненне ў выглядзе 8-га месца на Гульнях Садружнасці ў 1990-м. І менавіта таму Джэйсан вырашыў пакінуць спорт. Спачатку падзарабляў гандлем кантрафактнымі таварамі, а затым стаў мадэллю для розных рэкламных агенцый.

Там яго і сустрэў малады Гай Рычы, які пачынаў кар'еру як рэжысёр рэкламных ролікаў. Даведаўшыся пра паўкрымінальнае мінулае Стэтхэма, Рычы прапанаваў яму ролю ў сваім дэбютным фільме. І менавіта роля Бэйкана ў «Картах…» стане пачаткам станаўлення зоркі сусветнага маштабу. І гэты фільм запусціў не толькі яго акцёрскую кар'еру.

«Для мяне гэты хлопец уяўляў нешта вельмі брытанскае, чаго насамрэч было вельмі мала ў кіно ў той час. Плюс ён вельмі экстраардынарны чалавек, і я хацеў гэта прынесці ў свой фільм. Ён – гэта сапраўднае ўвасабленне Англіі такой, якая яна ёсць. Было б вялікай памылкай не выкарыстаць Віні». Як вы ўжо маглі здагадацца, гэтымі словамі Рычы апісваў легендарнага Віні Джонса.

Спартыўная кар'ера Джонса была нашмат больш паспяховая, чым у Стэтхэма. Віні сапраўды можна лічыць легендай брытанскага футбола. Яго «Уімблдон» у 1988 годзе выйграў Кубак Англіі ў самога «Ліверпуля», а сам ён увасабляў сабой тыповага касталома з любой англійскай лігі. Таксама ён падарыў свету адну з самых легендарных фатаграфій у гісторыі футбола, калі вельмі цікавым спосабам вырашыў прытрымаць Пола Гаскойна.

«Я ніколі не звязваў сваё жыццё з кіно. Ведаў, што мая футбольная кар'ера падыходзіць да канца, але ніколі не думаў, што стану акцёрам. Я яшчэ прафесійна гуляў у футбол, калі мне патэлефанаваў Гай і прапанаваў зняцца ў камэа ў яго фільме. Я яшчэ тады падумаў: «Похер, будзе весела». Ну а далей вы ведаеце», – так Віні Джонс расказваў пра старт акцёрскага шляху.

І сапраўды, ніхто не чакаў, што персанаж Вялікага Крыса так спадабаецца гледачам, а звычайны футбаліст будзе выглядаць больш праўдападобна, чым прафесійныя акцёры. Так футбаліст Віні Джонс і стаў акцёрам Віні Джонсам.

Ды і гэта яшчэ не ўсё. Адзін вельмі вядомы футбаліст свайго часу атрымліваў экранныя хвіліны ў фільмах Рычы – і гэта ніхто іншы, як сам Дэвід Бэкхэм. А гісторыя трапляння Дэвіда ў кіно простая – яны амаль суседзі з Рычы. Іх дзеці ходзяць у адну школу, самі яны ходзяць у адзін паб і нават займаюцца ў адной спартыўнай зале. Менавіта таму Гай спачатку ўгаварыў Дэвіда зняцца ў невялікім камэа ў фільме «Чалавек з А.Н.К.Л.», а ўжо потым даў яму ўсё яшчэ эпізадычную, але больш вялікую ролю ва ўласнай экранізацыі гісторыі пра Караля Артура.

Але ёсць спартсмены, якіх рэжысёр так і не паспеў пакуль зняць. Рычы ў адным інтэрв'і прама спыталі, каго з футбалістаў ён бы яшчэ хацеў зняць, а ён адказаў, што гэта быў бы адназначна Цьеры Анры. Але гэтае жаданне не адзінае, што звязвае Гая з «Арсеналам».

З дзяцінства за «Чэлсі», але адно з найлепшых прома ў гісторыі спорта зняў з «Арсеналам»

Брытанец заўсёды прызнаваўся, што яго любімым клубам дзяцінства быў «Чэлсі». Але таксама казаў, што любіў менавіта стары олдскульны «Чэлсі» яшчэ да таго, як яго купіў Абрамовіч. Менавіта пакупка яго любімага клуба расійскім алігархам стала адной з галоўных сюжэтных ліній яго фільма «Рок'н'рольшчык». У фільме вельмі недвухсэнсоўна прысутнічаў расійскі мільярдэр з прозвішчам Амовіч.

Гэты фільм пазначыў сувязь Рычы не толькі з Чэлсі, але і з галоўным англійскім стадыёнам. Сцэны здымаліся на легендарным «Уэмблі». І гэта не апошні стадыён у Лондане, які патрапіў у фільм Рычы. «Эмірэйтс» «Арсенала» засвяціўся ў «Джэнтльменах».

Але самая галоўная сувязь Гая з «Арсеналам» палягала ў той самай рэкламе. Як мы памятаем, Рычы прыйшоў у кіно з рэкламнага бізнесу, дзе выступаў рэжысёрам розных ролікаў. І нават стаўшы вельмі вядомым, усё роўна час ад часу працягваў здымаць розныя прома.

Нулявыя напэўна былі пікам для спартыўных рэклам. Такія гіганты як Nike і adidas кожны год спаборнічалі ў крэатыўнасці, спрабуючы высветліць, хто выпусціць лепшую рэкламу сваіх прадуктаў. І вось Nike запрасілі ўжо сусветна вядомага англійскага рэжысёра для таго, каб ён зняў для іх рэкламу. І ён яе зрабіў, выпусціўшы «Take It To The Next Level».

Сказаць, што гэта было легендарна, значыць нічога не сказаць. Рычы ўвасобіў мару мільёнаў дзяцей, зняўшы ад першай асобы гісторыю і шлях звычайнага футбаліста ад «Нядзельнай лігі» да ўдзелу ў чэмпіянаце свету. І па сюжэце наш герой станавіўся якраз гульцом кананіраў. Дарэчы, вельмі многія думаюць, што героем роліка з'яўляецца Робін ван Персі, бо менавіта ён у той час гуляў і за «Арсенал», і за зборную Нідэрландаў. Але ў Nike гэта абвяргалі, спасылаючыся на тое, што гэта проста звычайны гулец, якім можа быць хто заўгодна.

Але ў Гая Рычы былі і іншыя прома-ролікі, якія ў бягучых абставінах камусьці могуць падацца не вельмі прыемнымі.

Рычы вельмі часта пападаў у скандалы з расіянамі. Нават пасля пачатку вайны

У Гая Рычы дастаткова скандалаў, звязаных з расіянамі. Яшчэ ў 2018 годзе ён рабіў ролік, прысвечаны чэмпіянату свету, які праводзіўся ў Расіі. У ім ён зняў расійскага футбаліста Фёдара Смолава. Але скандал палягаў у тым, што большасць кадраў, у якіх быццам бы паказвалася Расія, насамрэч была знятая ў Кіеве, што нават выклікала афіцыйную рэакцыю ад пасольства Украіны ў Вялікабрытаніі.

Можна сказаць, што ў 2018 годзе яшчэ не ўсе бачылі сапраўднае аблічча Расіі, але працяг быў і пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. У 2022 годзе адзін з фільмаў Рычы быў адкладзены і адпраўлены на пераздымку, бо там галоўнымі злодзеямі мусілі быць «украінскія бандыты». Акрамя таго, летась аказалася, што расійскі «Кінапошук» стаў афіцыйным партнёрам фільмаў Рычы і будзе фінансаваць іх здымку. Гэта дае права расіянам на свабодны пракат фільмаў брытанца на тэрыторыі Расіі. А апошні скандал выклікала сцэна з нядаўняга нэтфліксаўскага серыяла «Джэнтльмены», у якой распавядаецца, што ўкраінцы і расіяне ў Англіі спакойна сядзяць побач, нібы ніякай вайны не было.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты