Tribuna/Футбол/Блогі/Скандальнае звальненне і ўсяго 34 паразы. Хто такі Арнэ Слот, які стане новым трэнерам «Ліверпуля»

Скандальнае звальненне і ўсяго 34 паразы. Хто такі Арнэ Слот, які стане новым трэнерам «Ліверпуля»

Яго стыль футбола падыходзіць мерсісайдцам.

11 траўня, 15:12
Скандальнае звальненне і ўсяго 34 паразы. Хто такі Арнэ Слот, які стане новым трэнерам «Ліверпуля»

Пасля таго, як стала вядома, што Юрген Клоп пакіне «Ліверпуль» у канцы сезона, мерсісайдцы адразу ж пачалі шукаць новага трэнера. Самымі актыўнымі фігурантамі ў медыя выступалі Хабі Алонса і Рубен Амарым, але пераемнікам, безумоўна, паспяховага менеджара скаўзераў у эру прэм'ер-лігі, верагодна, стане нідэрландзец Арнэ Слот.

«Ліверпуль» настолькі засяродзіўся на яго падпісанні, што гатовы выплаціць за яго кампенсацыю ў памеры больш за 10 млн еўра, а сам 45-гадовы спецыяліст адкрыта выказаў жаданне ўзначаліць англійскі клуб.

Хто такі Арнэ Слот і чаму яго прызначэнне можа стаць правільным рашэннем кіраўніцтва клуба? Распавядаем.

І ў «АЗ» (нягледзячы на скандальнае звальненне), і ў «Феенордзе» Слота суправаджаў поспех. Ён – адзін з найлепшых нідэрландскіх трэнераў

Арнэ Слота яшчэ не абвясцілі новым галоўным трэнерам «Ліверпуля», аднак заўзятары мерсісайдцаў ужо шукаюць цікавыя гісторыі, па якіх можна параўнаць нідэрландца з Юргенам Клопам – і, што цікава, знаходзяць нават невідавочныя рэчы.

Слот, як і Клоп, ніколі не быў суперзорным футбалістам, але калі вышэй за другую Бундэслігу немцу скокнуць не ўдалося, то Арнэ нагуляў больш за 200 матчаў у Эрэдывізі. Галоўны клуб у яго кар'еры – «Зволе», у якім ён пачынаў і заканчваў свой футбольны шлях.

Відавочна, што менавіта ў «Зволе» Слот атрымаў свой першы трэнерскі досвед – год папрацаваў з юнацкімі камандамі, а затым адразу адправіўся за неацэнным досведам асістэнта ў «Камбюр». Пасля трох гадоў у «Камбюры» на Арнэ пільнавала чарговае павышэнне, бо ў Алкмары яго чакаў легендарны для «АЗ» Ён ван дэр Бром.

Ван дэр Бром легендарны ў першую чаргу таму, што ў якасці галоўнага трэнера ён правёў на чале каманды найбольшую колькасць матчаў у гісторыі (216, пабіў рэкорд Луі ван Гала). Пасля двух гадоў сумеснага супрацоўніцтва Ён пакінуў «АЗ» і перадаў каманду надзейнаму пераемніку – ужо падрыхтаванаму да працы галоўным трэнерам Арнэ Слоту.

У першых 17 матчах пад кіраўніцтвам Слота «АЗ» пацярпеў толькі адну паразу і, у рэшце рэшт, прэтэндаваў на першае за 11 гадоў чэмпіёнства ў Нідэрландах. У сезоне 2019/20 алкмарцы ішлі бок у бок з «Аяксам» і па стане на 7 сакавіка мелі аднолькавую колькасць ачкоў з амстэрдамцамі (па 56). Зрэшты, якраз тады ўдарыла «карона», сезон спачатку прыпынілі, а пасля і ўвогуле вырашылі ануляваць – гэта магло быць толькі трэцяе ў гісторыі клуба чэмпіёнства.

У наступнай кампаніі «АЗ» не атрымалася кваліфікавацца ў групавы этап Лігі чэмпіёнаў (у трэцім кваліфікацыйным раўндзе адляцелі ад кіеўскага «Дынама»), але старт сезона ўсё роўна здаўся вельмі нядрэнным – у каманды было 0 параз у дзевяці матчах чэмпіянату, а таксама 8 ачкоў у пяці матчах групы ЛЕ (тады нават перамагалі «Напалі» на выездзе), як раптам Арнэ Слота звольнілі. Чаму?

Кіраўніцтва клуба даведалася, што Слот праводзіў перамовы з «Феенордам» наконт будучага супрацоўніцтва, таму без ваганняў вырашыла скасаваць кантракт з трэнерам на падставе: «Нам патрэбен спецыяліст, які цалкам сканцэнтраваны на камандзе», – выразна заявіў тэхнічны дырэктар «АЗ» Макс Хёйберц, каментуючы звальненне Слота.

Арнэ пакінуў алкмарцаў толькі з дзесяццю паразамі ў 58 матчах ва ўсіх спаборніцтвах і ў якасці самага паспяховага трэнера каманды ў гісторыі ў Эрэдывізі (2,15 ачкоў за матч). Але ў той жа час нідэрландзец усё ж дамовіўся з «Феенордам» – і ўзначаліў ратэрдамцаў летам 2021-га пасля паўгадавой паўзы.

У «Феенордзе» Слот без лішніх рухаў яшчэ раз даказаў, што з'яўляецца адным з найлепшых нідэрландскіх спецыялістаў, нягледзячы на ўсе размовы пра скандальнае звальненне з «АЗ». Ужо ў першым жа сезоне ён вывеў каманду ў фінал Лігі канферэнцый, у якім ратэрдамцы прыкра саступілі «Роме», у другім выйграў другое для клуба чэмпіёнства Нідэрландаў у XXI стагоддзі, а ў цяперашняй кампаніі ўжо падняў над галавой Кубак краіны.

Больш за тое, калі б не шалёны аверперформ ПСВ з Петэрам Бошам, «Феенорд» і ў гэтым сезоне мог бы стаць чэмпіёнам Нідэрландаў, бо каманда Слота ўсё яшчэ можа набраць больш ачкоў (цяпер мае 78 і два матчы ў запасе), чым у пераможнай кампаніі таго года (82).

Каманда Арнэ ні разу не прайгравала двойчы запар у Эрэдывізі, забівае ў сярэднім 2,3 мячы за гульню і ў гэтым сезоне аформіла 10 галоў у вароты «Аякса» ў двух матчах. На чале каманды з Ратэрдама Слот прайграў усяго 24 са 146 матчаў – надзвычай уражальны паказчык.

У еўракубках, праўда, у «Феенорда» не ўсё складалася найлепшым чынам. У Лізе чэмпіёнаў гэтага сезона ратэрдамцам не ўдалося выйсці з групы з «Атлетыка», «Лацыа» і «Селтыкам», але яны зноў адправіліся ў ЛЕ. Зрэшты, як і летась, на іх шляху ўжо ў трэці раз за тры сезоны стала «Рома», якая на гэты раз спыніла іх на стадыі 1/16 фіналу. Менавіта ў міжнародных спаборніцтвах Слот пакуль не сказаў сваё слова, але, магчыма, «Ліверпуль» яму ў гэтым дапаможа.

На першы погляд, футбол Слота падыходзіць «Ліверпулю». А ў камандзе яшчэ і ёсць нямала суайчыннікаў

Пакуль што, вядома, цяжка спрагназаваць, што чакае Слота ў «Ліверпулі» – мерсісайдцы бяруць трэнера, які заявіў пра сабе на ўзроўні чэмпіянату Нідэрландаў і пакуль сур'ёзна не стрэліў у еўракубках. Зрэшты, у Арнэ сапраўды ёсць усе перадумовы для таго, каб быць паспяховым на Туманным Альбіёне.

Ідэальны рэцэпт – салата з тактычных здабыткаў нідэрландца і падбору гульцоў «Ліверпуля».

Звычайна пры валоданні мячом каманды Слота гуляюць па схеме 4-2-3-1 – і гэта ўжо добрая навіна для скаўзераў. Арнэ заахвочвае футбалістаў гуляць першым нумарам, кантраляваць мяч і браць на сябе ініцыятыву, таму ўпэўненая гульня ў цэнтры поля – адзін з найважнейшых аспектаў яго філасофіі. «Double pivot» усярэдзіне фармуе трыкутнік са стандартнай дзясяткай, у той час як вінгеры на флангах таксама актыўна ўдзельнічаюць у кантролі мяча, часта ссоўваючыся ў цэнтр.

Наперадзе нідэрландцу патрэбен ярка выражаны цэнтрфорвард (у «Феенордзе», напрыклад, ім быў забіўны мексіканец Санцьяга Хіменес), таму на першы погляд здаецца, што Дарвін Нуньес павінен быць безальтэрнатыўна асноўным, таму што і Дыёгу Жота, і Кодзі Гакпа ў Клопа больш выступаюць адцягнутымі форвардамі і дзейнічаюць з глыбіні.

Таксама не варта недаацэньваць важнасць абарончай лініі ў білд-апе Арнэ. Нідэрландзец не хавае, што кайфуе ад каманд Пепа Гвардыёлы і Раберта Дэ Дзербі і спрабуе імплементаваць некаторыя іх ідэі ў свой футбол. Напрыклад, галкіпер у Слота звычайна заахвочвае прэсінг суперніка і шукае свабоднага партнёра, каб у далейшым за кошт хуткіх перадач у свабоднай зоне разрываць высокі блок апанентаў. Для падобных фінтоў Слоту патрэбны і ўпэўненыя на мячы цэнтральныя абаронцы (здаецца, Ібраіма Канатэ будзе над чым папрацаваць), і ўменне Трэнта Аляксандэра-Арнольда граць інвертаванага фулбека.

У той жа час, гульню яго каманд цяжка назваць «маруднай». Той жа «Феенорд» гуляе ў вельмі энергічны і дынамічны футбол, які часам нават нагадвае «Ліверпуль» Клопа.

Увогуле 45-гадовы спецыяліст «памяшаны» на атакуючым канцэпце футбола і пастаянным пошуку новых рашэнняў для патэнцыйна праблемных момантаў. І «АЗ», і «Феенорд» Слота славіліся ўменнем хутка перабудоўвацца і быць гатовым да перамен у гульні суперніка – не ў апошнюю чаргу дзякуючы Арнэ і яго трэнерскаму штабу.

Немагчыма абысці і факт, што ў «Ліверпулі» Слот будзе працаваць з трыма суайчыннікамі – ван Дэйкам, Гравенберхам і Гакпа, таму яго адаптацыя да каманды можа прайсці хутка і без цяжкасцяў.

Цікава, што з яшчэ адным мерсісайдскім нідэрландцам, памочнікам Клопа Пепам Лейндэрсам, у Арнэ добрыя стасункі, але ці застанецца ён у трэнерскім штабе – пакуль вялікае пытанне. Лейндэрс быццам бы хоча вярнуцца да самастойнай трэнерскай кар'еры, але патэнцыйнае супрацоўніцтва са старым знаёмым, магчыма, паўплывае на яго рашэнне.

Слот ужо мог апынуцца ў АПЛ – летась адмовіў «Тотэнхэму»

У англійскай прэм'ер-лізе Арнэ Слот мог апынуцца яшчэ летась – «Тотэнхэм» нібыта бачыў яго адным з галоўных кандыдатаў на пасаду галоўнага трэнера і актыўна цікавіўся яго паслугамі.

Зрэшты, да канкрэтных перамоў нават не дайшло, бо нідэрландзец адразу ж выразна заявіў, што не збіраецца пакідаць «Феенорд»: «Маё жаданне – застацца і працягваць працаваць над тым, што мы стварылі летась. Усе перамовы з клубам заўсёды былі выключна ў гэтым напрамку».

«Шпоры» ў далейшым засяродзіліся на падпісанні Энджа Пастэкоглу, а Слот, здаецца, сёлета ўжо дакладна гатовы зрабіць наступны вялікі крок.

Фота: IMAGO/Box to Box Pictures/Yannic, PEC Zwolle, IMAGO/www.imago-images.de, Giuseppe Maffia/NurPhoto, Liverpool FC, IMAGO/Box to Box Pictures/Tom Bo

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты