Tribuna/Футбол/Блогі/Эдзін Тэрзіч – галоўны герой гэтага «Дортмунда». Яшчэ 12 гадоў таму ён заўзеў за каманду Клопа з трыбун

Эдзін Тэрзіч – галоўны герой гэтага «Дортмунда». Яшчэ 12 гадоў таму ён заўзеў за каманду Клопа з трыбун

Калісьці параіў, як скарыстаць Модрыча, а цяпер у фінале ЛЧ.

10 траўня, 02:35
Эдзін Тэрзіч – галоўны герой гэтага «Дортмунда». Яшчэ 12 гадоў таму ён заўзеў за каманду Клопа з трыбун

Што скажаце пра магію? Здаецца, трэба пачынаць у яе верыць.

У еўракубкавым сезоне 2012/13 дортмундская «Барусія» выйграла «групу смерці», у чвэрцьфінале прайшла іспанскую каманду, а ў 1/2-й наткнулася на калектыў, з якім ужо сустракалася ў сваім квартэце – выбіла яго і выйшла ў фінал Лігі чэмпіёнаў, які праходзіў на «Уэмблі». Праз 11 гадоў гісторыя паўтарылася – ізноў «група смерці», ізноў іспанская каманда ў чвэрцьфінале, стары знаёмы ў 1/2-й і вырашальны матч на «Уэмблі».

У 2013-м галоўным стваральнікам гэтай гісторыі быў Юрген Клоп, якога ў Дортмундзе з цёплай усмешкай згадваюць і дагэтуль. Многія заўзятары лічаць менавіта Юргена найлепшым трэнерам каманды за шмат гадоў, але сёння яго спадчыну можа засланіць чалавек, які 12 гадоў таму назіраў за «Барусіяй» Клопа з трыбун.

Нарэшце надышоў час бліжэй пазнаёміцца з Эдзінам Тэрзічам.

У 2012-м Тэрзіч заўзеў за «Дортмунд» на трыбунах, а цяпер вывеў каманду ў фінал ЛЧ

Нядаўна ў «Дортмундзе» адбыліся змены ў кіраўніцтве – легендарны для каманды Ларс Рыкен стаў новым CEO па спартыўнай частцы, Матыяс Замер, які раней быў незалежным дарадцам менеджменту, цяпер будзе больш актыўна ўключацца ў прыняцце рашэнняў, а Свен Міслінтат, якога лічаць найлепшым скаўтам у гісторыі клуба, вярнуўся і стаў новым тэхнічным дырэктарам. Улічваючы тое, што спартдыр клуба – шматгадовы капітан «Барусіі» Себасцьян Кёль, а ўзімку да трэнерскага штаба далучыліся былыя гульцы Нуры Шахін і Свен Бендэр, можна зрабіць выснову, што на «Вестфаленштадыёне» збіраюць «дортмундскія сэрцы» – але больш за ўсё такім тэрмінам можна ахарактарызаваць якраз Эдзіна Тэрзіча.

Тэрзіч нарадзіўся непадалёк ад Дортмунда і з дзяцінства заўзее за «чорна-жоўтых». З футбольнай кар'ерай у Эдзіна не ўсё пайшло па плане (самы вядомы клуб, за які ён выступаў – «Ватэншайд 09», гэтая назва вам нешта кажа?), але адразу пасля яе завяршэння ён стаў нядрэнным функцыянерам.

З 2010-га па 2013-ы Тэрзіч займаў пасаду скаўта, а таксама быў асістэнтам Ханеса Вольфа ў камандах U-17, U-19 і дублях «Барусіі».

У 2012-м па дапамогу да Тэрзіча звярнуўся Славен Біліч. Тагачасны трэнер зборнай Харватыі рыхтаваў каманду да першага матча на чэмпіянаце Еўропы супраць Ірландыі і пацікавіўся ў Тэрзіча, ці ёсць у яго разгорнутая аналітыка па ірландцах – і ў Эдзіна яна была. Тады будучы фіналіст Лігі чэмпіёнаў параіў Білічу выкарыстоўваць Луку Модрыча глыбей, таму што ірландцы цалкам перакрывалі пазіцыю дзясяткі, а таксама зрабіць акцэнт на стандартах і навесах у штрафную плошчу, улічваючы рост абаронцаў суперніка. Харватыя перамагла 3:1 – Модрыч проста ззяў, дзейнічаючы з глыбіні, а Манджукіч двойчы забіў галавой.

З тых часоў яны пачалі камунікаваць больш – ужо праз год Славен узяў Эдзіна ў свой трэнерскі штаб у «Бешыкташы», а ў 2015-м яны абодва з'ехалі ў «Вест Хэм».

Немец правёў амаль 200 матчаў у якасці асістэнта харвата, але ў 2018-м вярнуўся ў родны «Дортмунд».

Тэрзіч стаў асістэнтам Люсьена Фаўра, пад кіраўніцтвам якога «Барусія» вельмі наблізілася да чэмпіёнства ў сезоне 2018/19. Эдзін быў галоўным камунікатарам у распранальні (перш за ўсё дзякуючы добраму ўзроўню валодання англійскай мовай) і меў аўтарытэт сярод футбалістаў. У канцы 2020-га, калі каманда крыху пасыпалася, Фаўра звольнілі – і пошукі новага трэнера адклалі ажно да лета, даўшы шанец Тэрзічу ўзяць руль у свае рукі.

І той не падвёў. Прыняў амаль разабраную каманду, якая пасля 1:5 ад «Штутгарта» дома займала пятае месца, і адразу ж пачаў нацэльваць яе перш за ўсё на вынік. У рэшце дортмундцы скончылі сезон другімі, выйграўшы ў Бундэслізе 9 матчаў запар у канцы сезона. Кваліфікацыю ў чвэрцьфінал Лігі чэмпіёнаў, дзе «Дортмунд» саступіў «Ман Сіці», таксама лічылі вялікім поспехам. Але наперадзе быў галоўны трыумф таго сезона – Кубак Германіі.

Тады Тэрзіч упершыню зарэкамендаваў сябе як кубкавы трэнер. На шляху да фіналу «Барусія» перамагла браўншвейгскі «Айнтрахт», «Падэрборн», менхенгладбахскую «Барусію» і «Хольштайн Кіль», а ў вырашальным матчы разнесла «Лейпцыг» Юліяна Нагельсмана 4:1.

Пасля перамогі ў сеціве пачалі распаўсюджваць ужо легендарнае фота Эдзіна з 2012-га, калі ён падтрымліваў каманду Юргена Клопа ў фінале Кубка супраць «Баварыі» з трыбун берлінскага «Алімпіяштадыёна». Гэтую фатаграфію дапаўнялі прыгожыя падводкі накшталт «ад фаната – да трыумфатара».

Нягледзячы на поспех, усім было зразумела, што ўлетку «Барусію» ўзначаліць новы трэнер, але прызначэнне Марка Розэ стала для Тэрзіча своеасаблівым крокам наперад. Розэ прыязна прапаноўваў Эдзіну застацца ў трэнерскім штабе, але кіраўнік праўлення «Дортмунда» Ханс-Яахім Вацке падрыхтаваў для яго цяплейшае месца – пасаду тэхнічнага дырэктара.

Дзесьці цягам года фанаты «чорна-жоўтых» не маглі зразумець, чым займаецца Тэрзіч у структуры клуба, як раптам стала вядома, што Розэ і «Барусія» вырашылі спыніць супрацу пасля ўсяго аднаго сезона. Як стала вядома пазней, паміж бакамі адбыўся невялікі канфлікт інтарэсаў, але кіраўніцтва не моцна трымалася за Марка менавіта таму, што паўнавартаснае прызначэнне Тэрзіча новым галоўным трэнерам каманды на працягу ўсяго сезона было планам Б.

Усё, што было далей, вы ведаеце.

У сваім першым сезоне на чале «Дортмунда» Эдзін Тэрзіч быў надзвычай блізкі да чэмпіёнства ў Бундэслізе і прайграў яго літаральна на апошніх хвілінах сезона.

Сёлета ў каманды не ўсё добра ў чэмпіянаце Германіі, але пра Тэрзіча ўсё роўна кажуць усе – ён трэці пасля Отмара Хіцфельда і Юргена Клопа трэнер, які вывеў дортмундскую «Барусію» ў фінал Лігі чэмпіёнаў.

І толькі ўявіце, колькі разоў вы яшчэ ўбачыце фота з 2012-га, калі Эдзін выйграе гэтую ЛЧ.

Пры гэтым «Дортмунд» часта губляе пункты, а Тэрзіч знаходзіцца на мяжы звальнення

Тэрзіч вельмі блізкі да таго, каб прымусіць фанатаў «Барусіі» нарэшце перастаць думаць пра Юргена Клопа. Перамога ў Лізе чэмпіёнаў можа перакрыць усе няўдачы, якія здараліся з «Дортмундам» за апошнія два сезоны – а іх было дастаткова.

З пачатку сезона 2022/23 «чорна-жоўтыя» згулялі 93 матчы пад кіраўніцтвам Тэрзіча, у якіх перамаглі ўсяго 54 разы, 20 разоў згулялі ўнічыю і 19 разоў саступілі. Менавіта цяпер каманда Эдзіна бярэ ў сярэднім 1,96 пункты за гульню – нават менш, чым было ў Люсьена Фаўра на момант звальнення (2,01).

У мінулым сезоне пасля першага кола ніхто і марыць пра чэмпіёнства «Барусіі» не мог – каманда адставала ажно на 9 пунктаў ад «Баварыі» і правяла некалькі фантастычна правальных матчаў восенню. Зрэшты, у другой палове сезона «Дортмунд» пацярпеў толькі адну паразу (якраз ад мюнхенцаў) і трымаў лёс чэмпіёнства ў сваіх руках.

У гэтым сезоне актыўна хадзілі размовы пра звальненне Тэрзіча. Перад працягам кантракта са зборнай Германіі Юліяна Нагельсмана лічылі галоўным прэтэндэнтам на яго месца, а затым пераключылі фокус на Нуры Шахіна, які мае амбіцыі ў найбліжэйшай будучыні працаваць галоўным трэнерам. Нават звычайная статыстыка перамог «Барусіі» ў гэтым сезоне зусім не ўражвае – перамаглі ў 26 матчах, не перамаглі ў 21-м.

Заўзятары ўвесь час крытыкуюць каманду за адсутнасць відовішчнага футбола, да якога яны прызвычаіліся яшчэ з часоў Клопа, Тухеля і Фаўра. Тэрзіч можа згуляць прыгожа ў адным матчы, але таксама можа сесці глыбока ў абарону ў іншым, адбівацца ўсімі магчымымі метадамі і перамагаць праўдамі і няпраўдамі. Хтосьці патрабуе відовішча і эмоцый – гэтага «Барусіі» не хапае, але Эдзін бярэ вынікам.

«Дортмунд» не гуляў у фінале Лігі чэмпіёнаў ні з Абамеянгам і Мхітаранам, ні з Холандам і Белінгемам. А з Фюлькругам і Забіцэрам згуляе. І гэта заслуга Эдзіна Тэрзіча.

Фота: IMAGO/Moritz Mueller, Ralf Ibing/augenklick/firo Sportphoto, West Ham United FC, Jürgen Fromme/firo Sportphoto, Bernd Thissen/dpa

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты