Прэтандэнт на самы дрэнны пенальці. Японскі форвард ударыў у бок вуглавога сцяжка
Але потым выправіўся прыгожым голам.
Гэты матч японец Юя Осака запомніць на ўсё жыццё. Былы гулец нямецкіх «Кёльна» і «Вердэра» зараз з'яўляецца адным з лідараў клуба «Вісэл Кобэ». У самым пачатку гульні супраць «Токіа» госці атрымалі права на пенальці. Біць з кропкі падрыхтаваўся найлепшы бамбардзір каманды Осака. Але праз некалькі імгненняў сам пенальтыст ляжаў на газоне, а мяч ляцеў кудысьці ў бок вуглавога сцяжка.
Дзеля справядлівасці адзначым, што Юя падслізнуўся. Таму як след не патрапіў па мячы. Але самае галоўнае, што небарака змог выправіцца ў другім тайме. Пры ліку 1:1 ён падахвоціўся біць штрафны і трапіў у самую дзявятку. Ідэальнае выкананне з мінімальнымі шанцамі для брамніка. Больш за тое, гэты бліскучы гол стаў пераможным.
Вось так, на працягу аднаго матча японскі форвард змог пабываць у дзвюх супрацьлеглых ролях: удзельніка пацешнага канфузу і галоўнага героя гульні. Будзьце як Осака, не апускайце рукі пасля няўдач.