Tribuna/Баскетбол/Блогі/Боэлі ў «Чэлсі» – кананічная гісторыя замежніка, які прыйшоў не ў свой спорт. Мы ўжо бачылі такое ў НБА

Боэлі ў «Чэлсі» – кананічная гісторыя замежніка, які прыйшоў не ў свой спорт. Мы ўжо бачылі такое ў НБА

Тады гэта не завяршылася добра, але ў «сініх» яшчэ ёсць шанец усё змяніць.

8 траўня, 06:50
Боэлі ў «Чэлсі» – кананічная гісторыя замежніка, які прыйшоў не ў свой спорт. Мы ўжо бачылі такое ў НБА

У 2022 годзе амерыканскі бізнесмен Тод Боэлі завяршыў набыццё англійскага футбольнага клуба «Чэлсі». А сезон-2022/23 стаў першым паўнавартасным сезонам «сініх» без грошай расіяніна Рамана Абрамовіча ажно з далёкага 2003-га. І ён, мякка кажучы, атрымаўся зусім няўдалым – сотні мільёнаў на трансферы, пастаянныя змены галоўных трэнераў, адсутнасць выразнай гульні і, што галоўнае, нармальных вынікаў (хоць «Чэлсі» і гуляў ў чвэрцьфінале Лігі чэмпіёнаў, хайлайт сезона – гэта тое, што за шэсць тураў да яго завяршэння лонданцы ўсё яшчэ не гарантавалі сабе прапіску ў АПЛ на наступны сезон, затое гарантавалі адсутнасць ЛЧ ці ЛЕ).

Першы сезон Боэлі ў «Чэлсі» можна назваць кананічным шляхам замежніка, які прыйшоў у новы і зусім незнаёмы для сябе спорт і не зразумеў усіх яго тонкасцяў.

І гэта працуе не толькі калі амерыканцы заходзяць у футбол, але і ў зваротным напрамку – мы ўжо бачылі тое ж самае ў НБА.

Амерыканскія спартыўныя праекты Боэлі функцыянуюць значна больш паспяхова, чым «Чэлсі». Хаця і там шмат нюансаў

Калі вы думалі, што цікавасць Тода Боэлі да «Чэлсі» ўзялася наўпрост з неба, то гэта зусім не так. Бізнесмен ужо дастаткова даўно ў спорце ў ЗША:

– яму належыць 20% акцый бейсбольнага клуба «Лос-Анджэлес Доджэрз» (прыйшоў у 2012-м, каманда двойчы прайгравала ў «Сусветнай серыі» (фінал бейсбольнай MLB) у 2017-м і 2018-м і стала чэмпіёнам у 2020 годзе);

– з'яўляецца саўладальнікам каманды жаночай НБА «Лос-Анджэлес Спаркс» (прыйшоў у 2014-м, «Спаркс» сталі чэмпіёнкамі ў 2016-м і прайгралі фінал-2017);

– у 2021-м набыў долю ў «Лэйкерз» з НБА;

– таксама з'яўляецца ўладальнікам кіберспартыўнай арганізацыі Cloud9;

Так, усе каманды, у якія Боэлі прыходзіў у якасці інвестара, дасягалі істотных вынікаў толькі праз некалькі сезонаў (гаворка менавіта пра «Доджэрз» і «Спаркс», у якіх Тод ужо дастаткова даўно і працу якіх можна ацаніць на дыстанцыі). Але не забываем, што ў «Спаркс» Боэлі, па-першае, не моцна кіруе ўсімі працэсамі (з'яўляецца толькі адным з шэрагу ўладальнікаў), а па-другое, у жаночай НБА існуе зарплатная столь, якая ніяк не дазволіла б правесці палітыку «набуду ўсіх топаў і стану чэмпіёнам».

Аднак такая схема спрацавала ў бейсболе (у MLB адсутнічае фіксаваная цвёрдая столь заробкаў) і «Доджэрз» здолелі стаць чэмпіёнамі, узяўшы «Сусветную серыю» з трэцяй спробы, але перад гэтым сабраўшы ў сябе на вядучых ролях некалькіх MVP і шматразовых удзельнікаў Матча ўсіх зорак.

У «Чэлсі» ж Тод Боэлі мае значна больш улады і ўдзельнічае ў значна большай колькасці працэсаў, чым у сваіх амерыканскіх спартыўных арганізацыях. Прычым дзейнічае не сам, а з іншым саўладальнікам клуба Бехдадам Эгбалі (які нават актыўней за Боэлі намагаецца паглыбляцца і кантраляваць усе працэсы). І гэта галоўная памылка.

Ён вырашыў адразу пайсці па падобнай да чэмпіёнскіх «Доджэрз» схеме – марнуе шалёныя грошы на новых футбалістаў, выпісвае ім немалыя кантракты, раздзьмуў ростэр каманды да таго, што ўсім не хапіла месца ў клубнай распранальні, якую прыйшлося пашыраць.

Але ў футболе гэта не працуе, бо ён моцна адрозніваецца ад паўночнаамерыканскага спорту і таго, як робяцца справы там.

Боэлі ў «Чэлсі» = Прохараў у «Брукліне». Яму трэба кардынальна змяніць падыход, каб дабіцца вынікаў

Каб надоўга не спыняцца на працы расійскага бізнесмена Міхаіла Прохарава ў камандзе НБА «Бруклін Нэтс», коратка ўзгадаем ягоны шлях там і тое, чаго ён у выніку дасягнуў (спойлер: нічога).

Прохараў набыў кантрольны пакет акцый «Нэтс» у 2008-м, калі каманда гуляла яшчэ ў Нью-Джэрсі, і пачаў будаўніцтва новай хатняй арэны ў Брукліне, куды і перавёз каманду пасля. Бізнесмен хацеў даць штуршок развіццю расійскага баскетбола і атрымалася ўсё цалкам у расійскім стылі – гучныя размовы і абяцанні рэзультатаў за некалькі сезонаў (чытаць як «за тры дні»), а на выхадзе – нуль. Зеро.

Пры Прохараве «Нэтс» выдалі найгоршы сезон у гісторыі арганізацыі. А затым расійскі бізнесмен пракруціў шалёны трэйд з «Бостанам», падпісаўшы ў «Бруклін» Кевіна Гарнэта, Пола Пірса і Джэйсана Тэры і ўтварыўшы першае «Вялікае трыа «Нэтс». Заплаціў больш за 90 мільёнаў долараў падатку на раскошу, выйграў з імі адну серыю плэй-оф, нічога не дасягнуў акрамя таго, што прывёз у «Бруклін» расіян Кірыленку і Мазгова і прадаў спачатку «Нэтс», а затым і новую арэну клуба Джозэфу Цаю (а «Бостан», дарэчы, з тых драфт-пікаў, на якія тады развёў Прохарава, пабудаваў сваю цяперашнюю каманду, якая гуляла ў фінале НБА ў 2022-м).

Чаму ў яго нічога не выйшла? Бо ён узяўся за працу, не разумеючы, як усё працуе на самой справе. Прохараў асабіста ўдзельнічаў амаль ва ўсіх працэсах, нават у тых, дзе нічога не разумеў, вырашыў, што можна «закідаць каманду грашыма» (разадзьмутая плацёжка і рэкордны падатак на раскошу – гэта як раз сюды) і ўсё атрымаецца (не атрымалася) і, што самае жудаснае, нівеляваў ролю галоўнага трэнера. У «Брукліне» ён мяняўся ледзь не кожны сезон, а часам і па некалькі разоў на год.

Цяпер яшчэ раз – ці нічога гэта не нагадвае?

Прыйшоў багаты дзядзька з абсалютна іншай краіны з абсалютна іншым спартыўным менталітэтам, накідаў шмат грошай, сам палез весці працэсы, у якіх не разбіраецца, і змяняе трэнераў часцей, чым шкарпэткі (калі хто забыўся, то нагадаю, што сезон «Чэлсі» пачынаў з Томасам Тухелем – ён трэнаваў «сініх» яшчэ ў верасні, а не ў мінулым жыцці, як можа здацца пасля Грэма Потэра і вяртання Фрэнка Лэмпарда).

Нездарма існуе фраза «ў чужы манастыр са сваім статутам не ходзяць». Так, ты можаш сапраўды карэнным чынам змяніць клуб, лігу ці цэлы від спорту сваім рэвалюцыйным падыходам, але гэта выпадак адзін на мільярд. Ва ўсіх іншых варыянтах – табе проста трэба гуляць па тых правілах, на якія ты пагадзіўся, калі прыйшоў у гэты клуб, у гэтую лігу і ўвогуле ў гэты спорт у гэтай краіне.

У АПЛ дакладна не спрацуе бейсбольная схема «выдаткаваць шмат грошай на найлепшых гульцоў і выйграць тытул», таму што MLB – гэта ўсё ж найлепшая бейсбольная ліга свету, якая мае выразную колькасць клубаў і дзе хоча гуляць кожны. АПЛ у футболе такой не з'яўляецца (хоць часам ёй і спрабуюць надаць такі статус), а значыць канкурэнтаў і так шмат, не толькі ў межах Англіі, але і ва ўсім сусветным футболе ў цэлым. Да таго ж у любы момант на рынку можа з'явіцца новы багаты канкурэнт, які перакрые прапановы «Чэлсі» і забярэ гульца сабе.

Схема вядзення спраў па любой іншай паўночнаамерыканскай спартыўнай лізе, да якой прывык Боэлі, у АПЛ не спрацуе таксама – тут няма столі заробкаў, няма сумленнага размеркавання маладых актываў паміж клубамі (гаворка пра драфты ці драфт-пікі).

Тоду Боэлі трэба даверыць усю важную карпатлівую працу скаўтынгу і падбору футбалістаў, якія падышлі б камандзе, тым, хто разбіраецца ў гэтым лепш і для каго гэта з'яўляецца непасрэднай працай, а не намагацца самастойна ахапіць неабсяжнае і кантраляваць усё самастойна. А яшчэ набрацца цярпення і выбудаваць дакладны план развіцця клуба, зразумець, куды яны рухаюцца і чаго жадаюць, і, нарэшце, спыніць прымаць неабдуманыя імпульсіўныя рашэнні.

Праблема пакуль іншая – здаецца, што Тод Боэлі не гатовы гэта ўсвядоміць і нешта змяніць. Нявызначанасць з галоўным трэнерам (вольныя коўчы ўжо самі палохаюцца ісці ў гэты «Чэлсі», дзе кожны дзень мяняюцца планы і ніхто сам не ведае, чаго ён хоча), пастаянны акцэнт на новых маштабных трансферах (нам трэба яшчэ больш дарагіх футбалістаў!), а не на тым, як выбрацца з крызісу рэзультатаў і разабрацца з усімі ўнутранымі праблемамі, якія ўзніклі ў камандзе за гэты сезон, усё яшчэ тут і ўзмацняюцца кожны дзень.

Фота: Goal.com, Bradley Collyer, Nick Potts/PA:Press Association, Jim McIsaac/NBA

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты