Tribuna/Футбол/Блогі/Облак выцягнуў серыю пенальці з «Інтэрам» – і вывеў валявы «Атлетыка» ў 1/4 фіналу ЛЧ

Облак выцягнуў серыю пенальці з «Інтэрам» – і вывеў валявы «Атлетыка» ў 1/4 фіналу ЛЧ

«Барусія» прайшла ПСВ.

14 сакавіка, 10:25
Облак выцягнуў серыю пенальці з «Інтэрам» – і вывеў валявы «Атлетыка» ў 1/4 фіналу ЛЧ

У вечар заключных матчаў 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў «Атлетыка» і дортмундская «Барусія» выйгралі свае супрацьстаянні ў «Інтэра» і ПСВ адпаведна і сталі апошнімі чвэрцьфіналістамі гэтага розыгрышу.

Але зрабілі гэта ў рознай манеры. Дортмундцы – у асноўны час, мадрыдцы – толькі ў серыі пенальці.

«Атлетыка» вырваў валявую перамогу над «Інтэрам», каб дабіць леташніх фіналістаў ЛЧ у серыі пенальці

2:1, першы матч – 0:1, серыя пенальці 3:2

Матч у адказ атрымаўся больш выніковым і драматычным за першую сустрэчу ў Мілане. Усё ж гэта было супрацьстаянне другой найлепшай атакі гэтага розыгрышу ЛЧ супраць ці не найлепшай яго абароны.

У Мадрыдзе падапечныя Сімеонэ і Індзагі абмяняліся галамі ўжо да перапынку. Спачатку Дзімарка на 33-й хвіліне ўдалым ударам скончыў класную атакуючую камбінацыю міланцаў.

А ўжо праз дзве хвіліны Грызман, які выйшаў на першы пасля траўмы матч, хутка аднавіў парытэт, калі мяч дакаціўся да яго пасля ўдару партнёра і кікса суперніка.

Дзякуючы гэтаму мячу, які стаў шостым для француза ў гэтым розыгрышы ЛЧ, ён параўняўся з найлепшымі бамбардзірамі турніру. Столькі ж у Мбапэ, Холанда і Кейна.

На правах гаспадара і каманды, якая саступае ў ліку па суме двух матчаў, «Атлетыка» дамінаваў на працягу ўсяго асноўнага часу, нанёсшы агулам удвая больш удараў па варотах, чым «Інтэр».

І хаця вельмі доўга гэта не прыносіла пладоў, мадрыдцы свайго дамагліся на 87-й хвіліне. Коке знайшоў пасам Дэпая ў штрафной суперніка, і Мемфіс магчымасць рэалізаваў.

Гэты гол перавёў гульню ў авертайм, хаця яшчэ да канца асноўнага часу падапечныя Сімеонэ маглі вырваць перамогу па суме двух матчаў. Але Рыкельме прабіў над варотамі з такой пазіцыі:

Падобнае адбылося ўжо ў авертайме, калі той жа Дэпай небяспечна прабіў з некалькіх метраў, замыкаючы прастрэл з флангу, але Зомер здолеў адбіць.

І гэта толькі самыя яскравыя эпізоды. Бо ў цэлым момантаў у гульні хапала. 37 удараў па варотах, 14 з іх у створ – такая спадчына абедзвюх каманд за 120 хвілін гульні.

Вядома, большую частку з іх нанеслі хлопцы Сімеонэ, але не столькі, каб лічыць несправядлівым тое, што гэтае супрацьстаянне вырашылася ў серыі пенальці. Там мадрыдцы выйгралі 3:2 дзякуючы сейвам Облака.

Калі ў гаспадароў з кропкі памыліўсятолькі Сауль, удар якога пацягнуў Зомер...

...то ў гасцей памыліліся адразу трое. Облак адбіў удары Санчэса

і Класена,

а найлепшы гулец каманды Індзагі Лаўтара прабіў апошні пяты ўдар над варотамі.

«Атлетыка»: Дэпай ✅, Сауль ❌, Рыкельме ✅, Карэа ✅

«Інтэр»: Чалханаглу ✅, Санчэс ❌, Класен ❌, Ачэрбі ✅, Марцінес ❌

У выніку леташні фіналіст ЛЧ «Інтэр» гэтым разам спыніўся ўжо на стадыі 1/8 фіналу, у той час як «Атлетыка» трэці раз за апошнія пяць сезонаў выходзіць у чвэрцьфінал турніру. І робіць гэта заслужана.

«Барусія» і ПСВ стварылі кучу момантаў, але забівалі толькі дортмундцы

2:0, першы матч – 1:1

У Дортмундзе пасля 1:1 у Эйндховене каманда Эдзіна Тэрзіча вельмі хутка паказала, хто тут гаспадар – як на полі, так і ў супрацьстаянні.

Джэйдан Санча ўжо на 3-й хвіліне більярдна прабіў з-за межаў штрафной, трапіўшы дакладна ў кут варот Бенітэса.

Такім чынам Джэйдан забіў свой першы мяч у плэй-оф раўндзе ЛЧ у кар'еры.

Такі пачын не ператварыў матч у перастрэлку, хаця мы былі блізкія да гэтага, бо каманды за матч нанеслі 32 удары на дваіх, палова з іх – у створ!

Аднак у галы гэта вельмі доўга не канвертавалася. А калі канвертавалася, суддзя фіксаваў афсайд. Так здарылася на 77-й хвіліне, калі Фюлькруг замкнуў навес са штрафнога.

ПСВ мог караць фаварыта і пераводзіць матч у авертайм. Але ўжо ў дададзены час Люк дэ Ёнг прабіў над варотамі з вось такой выгаднай пазіцыі:

Таму нідэрландцы атрымалі самі. Ройс скарыстаўся падзеннем абаронцы гасцей і рэалізаваў без праблем выхад на самотнага Бенітэса.

У выніку 2:0 і праход «Барусіі» ў чвэрцьфінал ЛЧ, дзе яна апошні раз бывала тры сезоны таму.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты