Tribuna/Футбол/Блогі/Футбол 2.0/Футбалісты ў Беларусі страцілі пачуццё ўласнай годнасці, а з іх робяць ахвяр. Але ж гэта толькі новы эпізод серыяла «Языкі ў сраках»

Футбалісты ў Беларусі страцілі пачуццё ўласнай годнасці, а з іх робяць ахвяр. Але ж гэта толькі новы эпізод серыяла «Языкі ў сраках»

Вось ён – кошт крывадушнасці.

Блог — Футбол 2.0
16 траўня, 19:41
1
Футбалісты ў Беларусі страцілі пачуццё ўласнай годнасці, а з іх робяць ахвяр. Але ж гэта толькі новы эпізод серыяла «Языкі ў сраках»

Насталі вельмі дзіўныя часы. Тая самая вар’яцкая сістэма, якая цкавала Сароку, Івуліна, Шавеля і дзясяткі іншых спартоўцаў, цяпер занятая навядзеннем парадку ў футболе. Расследуюць змовы, знаходзяць хабары, разбіраюцца ў стымуляванні (але гэта недакладна).

Пакуль губазікаўцы блытаюцца і не з першай спробы разумеюць, хто і каму зліваў матчы. Віна Юрэвіча пакуль зафіксавана на такім узроўні: «ён сядзеў на трыбуне і ўсім кіраваў».

Разбірацца ў гэтай мышынай валтузні няма аніякага жадання. Бруд і сорам. Беларускі футбол ператварыўся ў сметнік даўно, але пакуль ніхто так і не змог патлумачыць, навошта «Шахцёру» трэба было стымуляваць «Энергетык», які таксама прэтэндаваў на чэмпіёнства.

«Шахцёр» - самая мутная каманда вышэйшай лігі. Але цікава, што за сраку яе ўзялі зусім не праз дзіўныя трансферы, пра якія вялікая расследаванне рабіў Івулін яшчэ 5 год таму. Схапілі «Шахцёр» за нейкія дзіўныя стымуляванні. Ну і, канешне, ні слова пра Галаватага, без якога ўвогуле нічога не адбываецца ў Салігорску. У любым расследаванні самая цяжкое – не выйсці на саміх сябе.

Самае дзіўнае пакаранне панёс Гардзяйчук. Па нашай інфармацыі, менавіта да яго звярнуўся адзін з футбалістаў «Шахцёра» і прапанаваў грошы. Гардзяйчук адмовіўся, але ў АБФФ не паведаміў, за што, здаецца, і быў пакараны. Таксама мы бачым, што шмат слоў падтрымкі атрымлівае Юрэвіч – футбольны бамонд не верыць у ягоную прадажнасць.

І тут вельмі проста зрабіць з футбалістаў ахвяр. Калега Хадасевіч два месяцы займаецца гэтым на сваім ютуб-канале. Расказвае, што футбалістаў, якія трапілі ў чорны спіс, пакаралі ні за што. Пакаралі ні за што – гэта праўда. Але гэта класічная сітуацыя.

«Калі нацысты хапалі камуністаў, я маўчаў: я ж не быў камуністам. Калі яны саджалі сацыял-дэмакратаў, я маўчаў: я ж не быў сацыял-дэмакратам. Калі яны хапалі сяброў прафсаюза, я маўчаў: я ж не быў сябрам прафсаюза. Калі яны прыйшлі за мной - заступіцца за мяне было ўжо няма каму».

Вось зараз прыйшлі за футбалістамі. Спачатку – чорныя спісы, зараз – незразумелая навала са стымуляваннем. Прыйшлі за футбалістамі, якія ў 2020 годзе прабляялі нешта зусім траваеднае праз месяц пасля пачатку пратэстаў. Якія прамаўчалі, калі збівалі іх калег. Якія прамаўчалі, калі пасадзілі Івуліна. Якія маўчаць зараз, калі ў іх забіраюць прафесію.

І калі выстаўляць футбалістаў ахвярамі – гэта значыць пазбаўляць іх суб’ектасці. Зноў за іх павінен нехта нешта вырашыць, каб яны змаглі гуляць у футбол. А самі футбалісты могуць сябе абараніць? Насамрэч гэта галоўнае пытанне, якое трэба ставіць.

Што маглі зрабіць футбалісты, каб іх не прэсаваў ГУБАЗіК цяпер.

1. У 2020-м годзе выказацца так, як выказваліся выкладчыкі ўніверсітэта, медыкі, рабочыя і шмат хто яшчэ, а не вось гэта нешта незразумелае супраць гвалту. Можна казаць, што ад голасу аднаго асобнага футбаліста нічога не залежыць. Але ў краіне знайшлося шмат настаўнікаў, якія бездакорна падлічылі галасы на сваіх участках. А вось смелых футбалістаў у краіне аказалася значна менш.

2. Выказаць салідарнасць з тымі, хто трапіў у жорны рэжыму, а не ганебна маўчаць, калі б'юць тваіх. Здраджваць – гэта дрэнна. Кідаць сяброў – яшчэ горш.

3. Паслаць нахер усіх, хто выконвае загады па забароне прафесіі разам з іх камісіямі, апошнімі шанцамі і лістамі аб памілаванні. Пагаджацца на прыніжэнне, праз якое вымушаюць праходзіць людзей у 30-35 год, - гэта не мець уласнай годнасці. Тым больш, калі табе прапануюць яшчэ і значна менш грошай.

4. Быць гатовым сысці з клуба/зборнай і гуляць у іншай краіне. У футбалістаў, дарэчы, больш абароненыя кантракты, чым у настаўнікаў, шахцёраў і гэтак далей. УЕФА сочыць, каб клубы разлічваліся і адкруціцца тут атрымліваецца вельмі рэдка.

Але – нуль салідарнасці. Нуль думак пра калег. Толькі свая срака і памер міскі з сёрбавам. Міска, дарэчы, становіцца ўсё меншай. У «Гомелі», напрыклад, ужо няма заробкаў больш за 4 тысячы рублёў з падаткамі. То бок – на рукі ніхто не атрымлівае больш за тысячу долараў.

Праўда, і гэта зашмат.

Разумееце, беларускаму футболу не патрэбныя футбалісты, якія не маюць уласнай годнасці. На полі вельмі добра бачна, на што ты здольны – не толькі як футбаліст, але і як чалавек. Насамрэч софт-скілы не менш важныя, чым хуткасць і ўменне фінціць. На футбольным полі ўсё бачна. І таму ганебныя вынікі еўракубкаў і зборнай не выпадковыя. Не могуць людзі, якія не ў стане абараніць сябе, абараніць гонар краіны. Хаця б на футбольным полі.

А ГУБАЗіК і далей будзе займацца тым, чым займаецца. Гэта цана крывадушнасці. І абараніць цяпер футбалістаў няма каму. Таму што ў свой час яны прамаўчалі.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

вирус
2 красавіка 2020, 17:49
Усе пасты