Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/«Чэлсі» чысціць склад – ужо зарабілі 14 млн і развітаюцца яшчэ з кучай футбалістаў

«Чэлсі» чысціць склад – ужо зарабілі 14 млн і развітаюцца яшчэ з кучай футбалістаў

У каманды будзе новае аблічча.

2 ліпеня, 10:23
«Чэлсі» чысціць склад – ужо зарабілі 14 млн і развітаюцца яшчэ з кучай футбалістаў

Мінулы сезон стаў для «Чэлсі» не толькі катастрафічна жахлівым у кантэксце вынікаў, але перш за ўсё праблемным у кадравым плане, які спрыяў усім іншым праблемам. У апошнія два трансферных вокны лонданцы патрацілі велізарныя сродкі і закупіліся кучай новых футбалістаў – таму ў другой частцы сезону адной распранальні для ўсіх футбалістаў было недастаткова.

Цяпер прыйшоў час разбірацца з усімі гэтымі праблемамі. «Чэлсі» абвясціў пра прызначэнне Маўрысіа Пачэціна галоўным трэнерам каманды, а зараз наводзіць парадак і сярод футбалістаў.

Клуб ужо зарабіў на выходных трансферах больш за 140 млн еўра

Перш за ўсё, «пенсіянераў» пакінулі Жаау Фелікс і Дэніс Закарыя, якія у мінулым сезоне гулялі ў Лондане на правах арэнды.

Н'Гало Кантэ, з якім усё ж не дамовіліся пра новае пагадненне, пакінуў клуб свабодным агентам і падпісаў кантракт з «Аль-Іціхадам», дзе будзе зарабляць 100 млн еўра за сезон.

У тым жа кірунку, але ў іншыя клубы перайшлі сенегальцы Эдуар Мендзі і (нечакана) Каліду Кулібалі – за іх, праўда, лонданцы ўжо атрымалі грошы. Мендзі за 18,5 млн еўра з'ехаў у «Аль-Ахле», а кантракт Кулібалі за 23 млн еўра выкупіў «Аль-Хілаль».

Аднак летам Чэлсі аддае сваіх футбалістаў не толькі ў Саудаўскую Аравію, але і прамым канкурэнтам па англійскай прэм'ер-лізе. «Ман Сіці», напрыклад, абвясціў пра падпісанне Матэа Ковачыча, які замяняе ў складзе «гараджан» Ілкая Гюндагана, за 29,1 млн еўра, а найлепшы гулец «Чэлсі» ў мінулым сезоне Кай Хаверц адправіўся ў лонданскі «Арсенал» за 70 млн еўра.

У спісе «на выхад» – яшчэ паўкаманды

Безумоўна, самая балючая страта для заўзятараў «Чэлсі» гэтым летам – выхаванец клубнай акадэміі Мэйсан Маунт, які вось-вось пяройдзе ў «Манчэстэр Юнайтэд» за больш за 60 млн еўра.

Капітан Сесар Аспілікуэта ўжо дамовіўся з «Інтэрам» пра 2-гадовы кантракт, паведамляе Фабрыцыа Рамана. У еўрапейскую сталіцу моды, але па другі бок барыкад, таксама адпраўляецца Рубен Лофтус-Чык. Англічанін ужо прайшоў медагляд і хутка афіцыйна завершыць свой трансфер у «Мілан» за 15-20 млн еўра.

Магчыма, партнёрам Лофтус-Чыка па камандзе і ў наступным сезоне будзе Крысціян Пулішыч. Амерыканец таксама пагадзіўся на пераход у «Мілан», але клубы ўсё яшчэ вядуць перамовы па суме трансферу – італьянцы гатовыя заплаціць 15 млн еўра, а «Чэлсі» хоча ўсё 25-30.

Яшчэ адзін флангавы вінгер «пенсіянераў», Каллум Хадсан-Адоі, у мінулым сезоне які гуляў за леверкузенскі «Баер», таксама пакіне каманду – на гэты раз, здаецца, на паўнавартаснай аснове. Ім цікавяцца «Фулхэм» і «Нотынгем Форэст», і сам футбаліст хоча застацца ў АПЛ.

Хакім Зіеш, які ўзімку ледзь не апынуўся ў «ПСЖ», павінен быў стаць аднаклубнікам Крышціяну Раналду ў «Аль-Насры», аднак заваліў медагляд з-за пашкоджання калена. Па даных журналіста Санці Ауны, саудаўцы зараз сумняваюцца ў падпісанні футбаліста, аднак канчатковае рашэнне яшчэ не было прынята. Не здзівімся, калі ён усё ж пяройдзе ў новы трэндавы чэмпіянат.

Цікавая сітуацыя з цэнтрфорвардамі. П'ера-Эмерыка Абамеянга лічылі кандыдатам на выхад нумар адзін, але пакуль няма інфармацыі пра інтарэс з боку любога клуба. Лагічным для габонца быў бы варыянт з усё той жа Саудаўскай Аравіяй, але ці патрэбен ён там камусьці – галоўнае пытанне.

Рамелу Лукаку атрымаў прапанову ад «Аль-Хілаля», але патрабуе 90 млн еўра ў год, з-за чаго клуб адмовіўся яго падпісваць. Бельгіец паведаміў, што ў наступным сезоне хоча гуляць толькі ў «Інтэры», а дзіўны інсайд пра пачатк перамоваў з «Міланам» увогуле заблытаў пытанне пра ягоную будучыню. У «Чэлсі» ён, падобна, сапраўды не застанецца, а калі ніхто не захоча выкупіць яго кантракт, магчымы варыянт з яшчэ адной арэндай.

Давід Фафана, хутчэй за ўсё, паедзе ў арэнду ў новы фарм-клуб лонданцаў «Страсбур».

***

Наколькі маштабную чыстку праводзяць «пенсіянеры», паказваем на глыбіні іх складу на мінулы сезон:

Цікава, што са стартавага складу, які выходзіў на пераможны фінал ЛЧ у сезоне 2020/21, застанецца толькі 3 гульца (пасля афіцыйнага сыходу Аспілікуэты).

Пакуль адзіныя афіцыйныя навічкі – гэта Нкунку і 17-гадовы ямаец-наўнейм. Але трансферы яшчэ абавязкова будуць

Паўтарэння двух папярэдніх трансферных вокнаў у выкананні «Чэлсі» ніхто і не чакаў. Прыярытэтная задача цяпер – пачысціць склад напярэдадні новага сезона з новым трэнерам, але новыя падпісанні ніхто не адмяняў.

Перш за ўсё, правы абаронца Мала Гюста, якога яшчэ зімой набылі ў «Ліёна» і пакінулі дайграваць сезон у Францыі, новую кампанію пачне як паўнацэнны гулец англійскага клуба.

Таксама лонданцы нарэшце афіцыйна абвясцілі пра пераход Крыстафера Нкунку. Пра яго было вядома яшчэ з мінулай восені – кажуць, менавіта тады «пенсіянеры» выплацілі яго клаўсулу ў памеры 60 млн еўра, каб пазбегнуць канкурэнцыі ў летняе міжсезонне.

Француз, які ў двух апошніх сезонах за «Лейпцыг» здзейсніў 87 (!) дзейсных дзеянняў у 88 матчах, павінен стаць новым лідэрам нападаў Маўрысіа Пачэціна. На Нкунку ўскладаюць вялікія надзеі, бо ён – паўнавартасная замена адначасова Гавертцу, Маўнту і Феліксу.

Іншы пачатковец лонданцаў – 17-гадовы ямаец Дужуан Рычардс. Форвард маладзёжнай каманды мясцовага клуба «Фінікс Акедэмі» далучыцца да новага клуба ў лістападзе, калі яму споўніцца 18 гадоў. На днях ён забіў дэбютны гол за нацыянальную зборную Ямайкі, але хуткага з'яўлення ў першай камандзе «Чэлсі» ад яго ніхто не чакае – Рычардс або будзе гуляць за моладзевы склад, або адправіцца ў арэнду для рэгулярнай гульнявой практыкі.

Новай дзявяткай лонданцаў стане цэнтрфорвард «Вільярэала» Нікалас Джэксан. 22-гадовы сенегалец ужо прайшоў медагляд напярэдадні пераезду ў Лондан, але «пенсіянеры» афіцыйна аб'явяць пра яго трансфер ўжо ў пачатку ліпеня.

Яшчэ адна патэнцыйная інвестыцыя ў будучыню – набыццё правага вингера «Сантаса» Анжэла Габрыэла. Па інфармацыі The Athletic, бразільскі клуб ужо прыняў прапанову ў памеры 15 млн еўра, а 18-гадовы футбаліст падпіша кантракт на 5 гадоў і адразу ж адправіцца ў арэнду ў «Страсбург».

Чуткі звязваюць «Чэлсі» яшчэ з тузінам футбалістам (у тым ліку – з Неймарам), але да канкрэтыкі з імі пакуль не даходзіць. Магчымы трансфер варатара пасля сыходу Мендзі, а ўзмацненне ў цэнтр поля павінна стаць прыярытэтам.

Іншыя пасты блога

Усе пасты