Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Моцнае лета «Арсенала»: выдаткавалі больш за ўсё ў свеце (3 топ-трансферы), а зараз рыхтуюцца чысціць склад

Моцнае лета «Арсенала»: выдаткавалі больш за ўсё ў свеце (3 топ-трансферы), а зараз рыхтуюцца чысціць склад

Артэта збіраецца зноў змагацца за чэмпіёнства ў АПЛ.

Аўтар — Бона Сфорца
24 ліпеня, 06:48
Моцнае лета «Арсенала»: выдаткавалі больш за ўсё ў свеце (3 топ-трансферы), а зараз рыхтуюцца чысціць склад

Адна з галоўных падзей мінулага сезона - тое, што «Арсенал» усё ж не стаў чэмпіёнам Англіі і літаральна аддаў чарговы трафей у рукі Пепу Гвардыёле і ягонаму «Ман Сіці».

Зрэшты, лонданцы робяць усё, каб леташняя кампанія была не разавай акцыяй у кантэксце барацьбы за тытул, а новай старонкай у сучаснай гісторыі клуба.

Для гэтага «кананіры» ўжо прадуктыўна папрацавалі на трансферным рынку – падпісалі топавых выканаўцаў, якія павінны дапамагчы дасягаць высокіх мэт, а разам з тым метадычна чысцяць сваю распранальню.

Распавядаем, як ідзе перабудова каманды Мікеля Артэты.

«Арсенал» улетку выдаткаваў больш за ўсіх – накупіў на 230 млн еўра і закрыў праблемныя пазіцыі

Па стане на 22 ліпеня «Арсенал» з вялікім адрывам лідаруе ў спісе каманд, якія пакуль што больш за ўсё патраціліся падчас летняга трансфернага акна. Лонданскі клуб «раздаў» ужо больш за 230 млн еўра (па дадзеных Transfermarkt), але гэта – моцная інвестыцыя ў выглядзе топ-футбалістаў, якія прыехалі абараняць колеры каманды.

◉ 116,6 млн еўра выдаткавалі на Дэклана Райса.

Топавы англійскі апорнік меў варыянты з «Баварыяй» і «Ман Сіці» (хаця існуе тэорыя, што «гараджане» быццам бы ўвайшлі ў гонку, каб дапамагчы «Арсеналу» паскорыць пераход), але вырашыў застацца ў Лондане – і такім чынам стаў найдаражэйшым трансферам «кананіраў» у клубнай гісторыі.

За кошт бонусных выплат, таксама ўключаных у пагадненне з «Вэст Хэмам», 24-гадовы Райс выйдзе на першае месца і ў спісе самых дарагіх англійскіх футбалістаў (абыдзе Джэка Грыліша, за якога «Сіці» заплаціў 117,5 млн еўра).

Дэклан будзе гуляць за «Арсенал» пад сваім улюбёным 41-м нумарам.

◉ Яшчэ 75 млн еўра адправіліся на рахунак «Чэлсі», які пагадзіўся адпусціць Кая Хаверца.

Таленавітаму немцу проста неабходна было змяніць клуб, а «Арсенал» выглядаў менавіта той камандай, у якую яму было б проста ўпісацца і ў якой ён змог бы рэалізаваць свой патэнцыял.

Часткова пацвердзілі такое меркаванне яго першыя спарынгі за новы клуб. 24-гадовы Хаверц у большасці сваёй гуляў на пазіцыі левага цэнтральнага/атакуючага паўабаронцы (там, дзе, па сутнасці, ён і можа праявіць свае найлепшыя якасці) і ўжо нават вызначыўся першым голам за «кананіраў».

◉ Трэці, але не менш важны трансфер «Арсенала» – цэнтрбек Юрыен Цімбер, за якога «Аякс» атрымаў 40 млн еўра.

Траўма Вільяма Саліба ў другой частцы мінулага сезона згуляла з «кананірамі» злы жарт – пасля ягонага пашкоджання ў каманды пачалася няўдалая серыя ў чэмпіянаце, а раўнацэннай замены на лаўцы запасных не знайшлося (прабач, Роб Холдынг).

Новы якасны цэнтральны абаронца стаў адным з прыярытэтаў Мікеля Артэты на трансферным рынку, і падпісанне 22-гадовага нідэрландца дапаможа не проста стварыць глыбіню складу на праблемнай пазіцыі, але і скласці на ёй сур'ёзную канкурэнцыю.

***

Прыблізна так будзе выглядаць стартавы склад «Арсенала» ў новым сезоне:

Пакуль што «Арсенал» афіцыйна пакінулі толькі 3 футбалісты. Джака правёў нядрэнны сезон, але будзе гуляць у Бундэслізе

Нягледзячы на анансаваны распродаж, пакуль «Арсенал» афіцыйна пакінулі ўсяго 3 футбалісты.

◉ Сезон 2022/23 стаў безумоўна найлепшым у кар'еры Граніта Джакі – як у кантэксце індывідуальнай гульні і ўплыву на каманду, так і ў кантэксце рэзультатыўнасці (7+7 у англійскай прэм'ер-лізе і яшчэ 2 галы ў Лізе Еўропы).

Магчыма, гэта і стала прычынай, чаму леверкузенскі «Баер», які з траўня кантактаваў з атачэннем швейцарца адносна магчымага трансферу, пагадзіўся заплаціць за яго 25 млн еўра.

У Джакі ў свой час былі праблемы з заўзятарамі «кананіраў», а яго сыход лічылі пытаннем часу. Артэце ўдалося пераканаць яго застацца, нягледзячы на тое, што ён ужо «сядзеў на валізах», у выніку – Граніт сышоў пад апладысменты мясцовых фанатаў.

◉ Іншы продаж – значна менш прыкметны, але таксама выгадны для лонданцаў.

У 2020-м «Арсенал» падпісаў цэнтрбека «Фламенга» Пабла Мары за 6 млн еўра. На жаль, іспанцу не ўдалося замацавацца ў сталіцы Вялікабрытаніі, таму ён паехаў па арэндах у Італію – спачатку ва «Удынезэ», а затым у «Монцу».

У складзе леташняга навічка Серыі А ў Мары ўсё пайшло выдатна – ён прапусціў толькі некалькі матчаў праз траўму, увогуле быў асноўным цэнтральным абаронцам і нават аднойчы, нягледзячы на статус арандаванага гульца, выводзіў яе на поле ў статусе капітана.

«Монца» засталася задаволеная яго выступамі, таму выкупіла кантракт за 4,9 млн еўра.

◉ Сышоў і Энслі Мэйтлэнд-Найлз. 25-гадовы паўабаронца стаў свабодным агентам і, па чутках, можа далучыцца да «Эвертана».

Але «Арсенал» яшчэ будзе прадаваць – кандыдатаў на выхад дастаткова

Выдаткаваўшы 231,6 млн еўра і пакуль зарабіўшы на продажах усяго 29,9, «Арсенал» яшчэ абавязкова будзе збываць футбалістаў у летняе трансфернае акно, каб палепшыць свой фінансавы стан – тым больш кандыдатаў на выхад дастаткова.

Пасля пераходу Цімбера ў «кананіраў» – перабор цэнтральных абаронцаў. Чакаецца, што ў складзе абавязкова застануцца Саліба, Габрыел і Ківёр, таму нехта з пары Голдынг-Трасці павінен пакінуць калектыў. Магчымае рашэнне праблемы – Роб пагодзіцца быць 5-м цэнтрбекам для «экстранай» сітуацыі, а Остан ізноў паедзе ў арэнду.

Сэдрык Саарэш, Кіран Цірні або Нуну Таварэш, Махамед Эль-Нені, Альбер Самбі Лаконга, Нікаля Пепе і Маркіньяс таксама наўрад ці будуць гуляць за лонданцаў у новым сезоне.

Складаная сітуацыя са шматлікімі пытальнікамі развіваецца вакол Томаса Партэя і Фаларына Балогуна.

Ганцам цікавяцца саудаўскія клубы і «Ювентус». «Арсенал» быццам і не супраць прадаць 30-гадовага футбаліста, якому ўжо знайшлі замену, сам Партэй наўрад ці захоча быць рэзервістам на фоне прыезду Райса, менавіта таму яго сыход – актуальная тэма.

Балогун, які ў мінулым сезоне забіў 22 мячы за «Рэймс», катэгарычна адмаўляецца зноў ехаць у арэнду. Па звестках СМІ, гулец згодны на сыход толькі на паўнавартаснай аснове. Праблемны момант – 50 млн еўра, якія лонданскі клуб хоча зарабіць на продажы.

***

Артэта прызнаўся, што ён «вельмі задаволены» трансфернай кампаніяй «Арсенала» гэтым летам і спадзяецца, што навічкі змогуць дапамагчы камандзе здабываць трафеі.

Можа, возьмуць АПЛ ужо ў новым сезоне?

Фота: Arsenal FC, Bayer 04 Leverkusen, Alessio Morgese, Alex Grimm/REUTERS

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты