Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Молаш і Жукоўскі правялі зімовыя канікулы з карысцю – з'ездзілі за новым вопытам, але выбралі вельмі розныя клубы

Молаш і Жукоўскі правялі зімовыя канікулы з карысцю – з'ездзілі за новым вопытам, але выбралі вельмі розныя клубы

Хто на Кіпр, хто ў Турцыю.

Аўтар — KentYara98
18 студзеня, 20:30
Молаш і Жукоўскі правялі зімовыя канікулы з карысцю – з'ездзілі за новым вопытам, але выбралі вельмі розныя клубы

Заканчэнне футбольнага сезона – не заўсёды падстава ісці ў водпуск. Адразу 2 беларускія трэнеры аддалі перавагу навучальным паездкам.

Трэнер бронзавага прызёра чэмпіянату Беларусі Дзмітрый Молаш абраў для стажыроўкі кіпрскі «Арыс», дзе працуе іншы беларускі спецыяліст Аляксей Шпілеўскі. Як расказваў коуч жодзінцаў, пра стажыроўку ён дамаўляўся асабіста і прайшла яна даволі паспяхова. Хоць Молаш і не дзяліўся падрабязнасцямі, але адзначаў, што яму арганізавалі вельмі сардэчны прыём: усе паказалі, расказалі, вельмі прадуктыўна пагаварылі.

У Шпілеўскага ёсць чаму павучыцца не толькі Молашу – малады па трэнерскіх мерках спецыяліст ужо паспеў папрацаваць у Германіі, Казахстане. У 2020-м з «Кайратам» ён стаў пераможцам казахстанскага чэмпіянату, а ў 2023-м з «Арысам» выйграў чэмпіянат Кіпра і стаў уладальнікам суперкубка гэтай краіны.

Молаш падкрэсліў, што паездка да Шпілеўскага стала класным вопытам, з якога ён узяў штосьці для сябе. «Аляксей – думаючы, дасведчаны спецыяліст, які літаральна захлёбваючыся кажа пра футбол, у яго свая філасофія. У кожнага трэнера трэба браць лепшае», – распавядаў пасля вяртання дадому трэнер.

А вось галоўны трэнер «Атырау» Віталь Жукоўскі для пошуку новых футбольных рашэнняў абраў менш відавочнае месца. Беларускі спецыяліст разам са сваім штабам адправіўся ў Белек, дзе зараз знаходзіцца «Ахмат». Адзін з самых скандальны клуб РПЛ ідзе пасля першага круга на 13-м месцы турнірнай табліцы.

Такая цікавасць абумоўлена тым, што са жніўня 2023-га клуб з Гронага ўзначальвае экс-гулец беларускай зборнай Міраслаў Рамашчанка, з якім Жукоўскі пазнаёміўся 2 гады таму пад час працы ў БАТЭ.

Рамашчанка, які доўгі час асіставаў Станіславу Чарчэсаву, у тым ліку ў польскай «Легіі», венгерскім «Ферэнцварошы» і зборнай Расіі, не змог вывесці грозненскую каманду з крызісу. З ім у руля каманда атрымала ўсяго 3 перамогі, 5 нічыіх і 6 паражэнняў у РПЛ. Затое ён паспеў прысвяціць перамогу ў Кубку Расіі над «Крыламі Саветаў» кіраўніку Чачні Рамзану Кадыраву – чалавеку, які прызначае на кіруючыя пасады сваіх сваякоў, ухваляе збіццё людзей з іншымі поглядамі і змагаецца з прадстаўнікамі ЛГБТ у сваім рэгіёне.

Разам са сваім трэнерскім штабам Жукоўскі наведаў некалькі трэніровак «Ахмата» на зборах у турэцкім Белеку. Трэнер «Атырау» адзначыў, што грозненскі клуб заўжды добра паказваў сябе і быў канкурэнтаздольны, а таксама звярнуў увагу на метады Рамашчанкі. Маўляў, ён дае прыстойную нагрузку і не імкнецца ад трэніроўкі да трэніроўкі даць нешта новае, а дазваляе футбалістам зразумець і запомніць, што яны робяць.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты