Tribuna/Хакей/Блогі/Хорошие тексты/У Беларусі ганялi шайбу яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя! Сучасны хакей прыдумалi пазней

У Беларусі ганялi шайбу яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя! Сучасны хакей прыдумалi пазней

Гiстарычны сюрпрыз.

Аўтар — KentYara98
27 студзеня, 17:00
1
У Беларусі ганялi шайбу яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя! Сучасны хакей прыдумалi пазней

Фота мае iлюстрацыйны характар

Беларуcкае выданне Bar24.by знайшло цікавы факт: на тэрыторыi сучаснай Беларусi ганялi шайбу за некалькi год да першай вядомай гульнi ў хакей!

У часопісе «Kłosy» (№236 за 1870 год) знайшлася нататка польскага этнографа Эдварда Хлапіцкага. Ён напрыканцы 1869 года падарожнічаў па Заходняй Беларусі i адсылаў у друк запiсы таго, што бачыў. I вось якую забаву ён сустрэў у вёсцы Лысiцы, якая цяпер адносiцца да Нясвiжскага раёна Мiнскай вобласцi.

А вось пераклад з заўвагамi:

«Праязджаючы гэтую вёску, спыніўся на нейкі час, каб даць каням адпачынак. На пляцоўцы каля карчмы адбывалася ў гэты святочны дзень дзіўная народная гульня пад назвай «Качалкі» альбо «Кражка» (польскае Krążka цяпер можна перакласцi i «кружок», i «шайба»).

Вясковая моладзь, падзеленая на дзве групы, стаяла насупраць за 40 сажняў (гэта значыць больш за 80 метраў) адзін ад аднаго. Кожны хлопец быў узброены доўгай, на пару локцеў (гэта значыць прыблiзна ў метр даўжынёю) палкай.

Пасля пастраення ў роўную лінію адна з груп пачала піхаць кіямі кінутую перад ею, на тры цалі шырынёю і цалю вышынёю (прыкладна 7,5 на 2,5 см) драўляны кружок. Другi бок ўвесь час адбіваў сваімі кіямі шайбу ў іншы бок.

Адбіванне тое адбывалася ў розных напрамках, падобна, як стрэлы з гармат. Гэта значыцца гарызантальна, рыкашэтам, з падлётам у вышыню – у залежнасці ад удару. Адбітая такім чынам шайба ўздымалася ў паветра, часта наносячы забойныя ўдары па розных частках цела, калі толькі яе не паспявалі адбіць, каб ляцела назад».

Як бачна, забава «Качалкі» нагадвае сучасны хакей. Хіба што няма брамы.

Радзімай сучаснага хакея лічыцца Канада. У 1763 годзе брытанскія салдаты прывезлі з сабой на гэтую зямлю хакей на траве. Аднак у Канадзе доўгія і суровыя зімы. Прымацоўваючы разакі для сыру да сваіх чаравікаў, канадцы гулялі ў гэтую гульню на замерзлых рэках, азёрах і іншых вадаёмах.

3 сакавіка 1875 года ў Манрэалі на катку «Вікторыя» быў праведзены першы хакейны матч – упершыню на лёдзе паставілі брамы. Iнфармацыя была зафіксаваная ў Montreal Gazette. Кожная з каманд складалася з дзевяці чалавек, гулялі драўлянай шайбай («шыні»), а ахоўную экіпіроўку запазычылі з бейсбола.

У 1877 годзе некалькі студэнтаў Манрэальскага Універсітэта Макгіл распрацавалі першыя сем хакейных правілаў. У 1879 годзе зрабілі гумовую шайбу. Праз некаторы час гульня стала настолькі папулярнай, што ў 1883 годзе была прадстаўлена на штогадовым Манрэальскім зімовым карнавале. У 1885 годзе ў Манрэалі была заснавана Аматарская хакейная асацыяцыя.

У Расійскай імперыі, да якой адносiлася ў тыя часы Беларусь, у хакей не гулялі. Першыя сучасныя матчы адбыліся ў СССР толькі 22 снежня 1946 года.

Іншыя пасты блога

Усе пасты