Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Курс для пачаткоўца ад ветэрана. Себасцьен Аж’е паказаў Кале Раванпэры, як можна выступаць на Ралі Монтэ-Карла
Блогі

Курс для пачаткоўца ад ветэрана. Себасцьен Аж’е паказаў Кале Раванпэры, як можна выступаць на Ралі Монтэ-Карла

Новы сезон!

23 студзеня 2023, 15:40
Курс для пачаткоўца ад ветэрана. Себасцьен Аж’е паказаў Кале Раванпэры, як можна выступаць на Ралі Монтэ-Карла

Фота: wrc.com

У мінулы ўік-энд Ралі Монтэ-Карла традыцыйна адкрыла новы сезон чэмпіянату свету. Прайшло яно не сказаць, што зусім ужо традыцыйна, але чакана.

Вайна ва Украіне, якая з новай моцай пачалася амаль год таму, пакуль што не скончылася, але ідзе таксама чаканым чынам – строга па плане агрэсара: пачалася з «Киева за три дня», а працягваецца ўстаноўкай сістэма СПА на дахах дамоў Масквы. І гэта Украіна яшчэ не атрымала ўсёй неабходнай для вызвалення зброі, якую яна атрымае ўсё роўна і не толькі вызваліцца сама, але і дапаможа вызваліцца беларусам. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Прадказаць, чым скончыцца сезон чэмпіянату свету па ралі, што стартаваў у мінулы чацвер, цяжэй, чым вынік вызваленчай барацьбы ўкраінскага народа. Аднак пакуль што здаецца, што зрабіць гэта не надта цяжка, бо надта ўжо відавочным чынам дамінавалі ў Манака (а на самой справе, як вядома, пераважна на тэрыторыі Францыі) гоншчыкі Таёты – дзейсны чэмпіён Кале Раванпэра і былы і васьміразовы Себасцьен Аж’е.

Француз у гэтым сезоне, як і ў мінулым, выступае па скарочанай праграме, але б’ецца на роўных з усімі. Вось і на Ралі Монтэ-Карла ён пачаў дамінаваць фактычна з шэйкдаўна, а потым пралідзіраваў з першага спецучастка ў чацвер да фінальнага ў нядзелю. Тады як Раванпэры за другое месца прыйшлося пазмагацца, асабліва ў пятніцу.

Як і перад усімі канкурэнтамі маладога фіна, перад ім паўстаў не такі ўжо і просты выбар шын. Так, Еўропа, насуперак надзеям звар’яцелага расійскага дыктатара, не замярзае, і Ралі Монтэ-Карла гэтым разам атрымалася практычна бясснежным. Таму абуваць свае машыны гоншчыкам прыйшлося ў гуму для сухога асфальту, перагрэць якую на серпантынах перавалу Коль дэ Турыні было вельмі проста.

Аднак надзеі на высокае месца чэмпіёна 2019 года Ота Цянака забілі не шыны. Эстонец у гэтым сезоне вярнуўся ў M-Sport Ford, і на першым этапе пакутаваў ад тэхнічных праблем. На яго Puma Rally1 ў чацвер з ладу выйшла электрыка, праз што ён застаўся без пятай перадачы. У першы спаборніцкі дзень, зрэшты, было толькі два спецучасткі, і да пятніцы механікі каманды гэту праблему вырашылі. Толькі яна змянілася новай.

Гібрыдная Puma ў мінулым годзе, хоць дзевяціразовы чэмпіён свету па ралі Себасцьен Лёб якраз Ралі Монтэ-Карла на ёй у 2022-м і выйграў, самай хуткай, мякка кажучы, не была. Пакуль што не заўважна, што сітуацыя выправілася ў 2023-м, і Цянак на ёй скласці годную канкурэнцыю ў пятніцу не мог – яму проста не хапала тэмпу.

Практычна ўвесь дзень От правёў на чацвёртай пазіцыі, але яго адставанне ад Аж’е толькі расло. А ў суботу на яго машыне з ладу выйшаў ужо ўзмацняльнік рулявога кіравання. У пятніцу, дарэчы, з такімі ж праблемамі сутыкнуўся яго партнёр па камандзе П’ер-Луі Любэ.

У былога партнёра Ота Цьеры Нэвіля, які застаўся ў Hyundai, справы ішлі лепей, хаця апярэдзіць канкурэнта з Таёты Элфіна Эванса яму дапамог пракол правай задняй шыны на GR Yaris Rally 1 валійца, які ён злавіў на пятым спецучастку ў пятніцу і які каштаваў яму прыблізна сорак секунд.

А вось Раванпэра па выніках наступнага допа апярэдзіў бельгійца па чыстай хуткасці, і потым толькі кантраляваў адрыў ад яго. За Аж’е, зрэшты, дзейснаму чэмпіёну было не ўгнацца, хаця і машына Себасцьена працавала не бездакорна. Напрыклад, у пятніцу на Ярысе француза ўзніклі непаладкі электрычнага складніку сілавой устаноўкі.

Хаця з трыццаці шасці секунд па выніках пятніцы да 18,8 па выніках усяго ралі Раванпэра адставанне ад Аж’е скараціў у асноўным дзякуючы таму, што Сэб асцярожнічаў. Збольшага гэта дапамагло Кале выйграць фінальны суперспэшл і пакласці ў сваю скарбонку пяць бонусных ачкоў.

Таму менавіта ён з 23 баламі ў чэмпіянаце з’яўляецца яго сапраўдным лідарам, хоць і фінішаваў на Ралі Монтэ-Карла другім. Ад Аж’е, які ў дзявяты раз выйграў знакамітую гонку, фін адстае ўсяго на тры ачкі, а Себасцьен, нагадаю, будзе выступаць толькі на асобных этапах. Нэвіль жа, які заняў трэцяе месца, першую тройку замыкае і ў турнірнай табліцы, маючы 17 балаў.

Дзякуючы дублю на першым этапе Toyota адразу моцна адарвалася ад Hyundai у камандным заліку, дзе лідзіруе з 51 ачком. У карэйскай каманды, якую ў гэтым сезоне ўзначаліў былы глава каманды Renault у Формуле 1 Сірыль Абітэбуль, толькі 26 ачкоў і другая пазіцыя. M-Sport Ford з 16 баламі на трэцяй.

З малодшых катэгорый на Ралі Монтэ-Карла была прадстаўленая толькі WRC2, дзе перамог быў расіянін Мікалай Гразін, які выступае на новай Škoda Fabia RS Rally2, але, праз злачынствы яго краіны, пад нейтральным сцягам. Ён да апошняга абараняўся ад француза Йохана Русэля на Citroën C3 Rally2 і апярэдзіў яго па выніках апошняга спецучастка ўсяго на 4,5 секунды.

Але пазней з зрэзку павароту на чатырнаццатым допе Гразін атрымаў штраф у пяць секунд, што адкінула яго на другое месца ў класе і на дзясятае ў абсалюце. Русэль такім чынам перамог з перавагай усяго ў палову секунды. Трэцяе месца заняў іспанец Пэпэ Лопес на Hyundai i20 N Rally2.

Ралі Монтэ-Карла было першым з запланаваных у гэтым сезоне трынаццаці этапаў WRC, сярод якіх ёсць як традыцыйныя, так і ўжо крыху забытыя старыя і абсалютна новыя. Напрыклад, у каляндар вярнулася Ралі Чылі, якое пройдзе ў канцы верасня – пачатку кастрычніка. А ў канцы кастрычніка адбудзецца Ралі Цэнтральная Еўропа, якое будзе базіравацца ў Германіі і акрамя яе пройдзе па тэрыторыі Аўстрыі і Чэхіі. Другі ж этап пройдзе ў Швецыі 9-12 лютага.

Іншыя пасты блога

Усе пасты