Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Чэмпіянат без чэмпіёнаў. Новы сезон сусветнага мотакросу стартаваў у Аргенціне без Ціма Гайсэра і Тома Віаля

Чэмпіянат без чэмпіёнаў. Новы сезон сусветнага мотакросу стартаваў у Аргенціне без Ціма Гайсэра і Тома Віаля

14 сакавіка 2023, 20:03
Чэмпіянат без чэмпіёнаў. Новы сезон сусветнага мотакросу стартаваў у Аргенціне без Ціма Гайсэра і Тома Віаля

Фота: mxgp.com

Мотагонкі, у тым ліку мотакрос, траўманебяспечныя нават для лепшых з тых, хто імі займаецца. Вось і дзейсныя чэмпіёны MXGP Цім Гайсэр і Том Віаль на пэўны час выбылі з ладу праз няўдалыя падзенні перад пачаткам новага сезону. Таму на першым этапе ў Аргенціне бліскалі іншыя.

Больш за год таму бліснуць сваёй вайсковай аперацыяй супраць Украіны вырашыў звар’яцелы расійскі дыктатар, але замест пераможнага шэсця па Кіеву ён атрымаў па сваіх іржавых іклах. Якія, аднак, пакуль што застаюцца ў яго, і ён ухапіўся імі за захопленыя землі. Абавязак усяго свету – дапамагчы Украіне іх вызваліць і разбіць войска захопнікаў, што дапаможа вызваліцца і беларусам. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Без вайны пасярод Еўропы свет дакладна быў бы лепшым, а вось сусветны мотакрос без адразу двух сваіх лепшых прадстаўнікоў выглядаў у мінулы ўік-энд крыху асірацелым. Таму пажадаем і Ціму Гайсэру, і Тому Віалю хутчэй ачуняць і вярнуцца на трасы, каб зрабіць гонкі цікавейшымі. З імі першы этап – Гран Пры Аргенціны і Патагоніі – дакладна прайшоў бы весялей.

Хаця як мінімум першыя гонкі ўік-энду ў абедзвюх катэгорыях чэмпіянату свету і так выйшлі падзейнымі. Гаворка пра суботнія кваліфікацыйныя гонкі, якія былі ўведзеныя ў мінулым сезоне. А ў гэтым іх вынікі сталі непасродна ўплываць на становішча ў турнірнай табліцы, таму што за іх пачалі налічваць дадатковыя балы.

Атрымліваюць іх лепшыя дзесяць пілотаў – дзесяць пераможца і адно той, хто фінішуе дзясятым. Гэтыя ачкі ідуць у чэмпіянат, аднак не ўлічваюцца пры падвядзенні вынікаў ўік-энду, таму Гран Пры выйграе той, хто найбольш за ўсіх ачкоў набірае ў галоўных нядзельных заездах. Хоць, натуральна, ніхто нікому ўсё роўна не забараняе набіраць максімальныя 60 балаў за ўік-энд.

Вось у дзейснага віцэ-чэмпіёна катэгорыі MX2 Яга Гіртса гэта якраз атрымалася. Хаця магло б і не атрымацца, калі б у першай нядзельнай гонцы пашанцавала яго французскаму партнёру па завадскім калектыве Monster Energy Yamaha Factory Racing MX2 Цібольту Беністану, а таксама навабранцу каманды Nestaan Husqvarna Лукасу Коэнэну. Апошні выйграў хол-шот на старце, але хутка ўпаў. Беністан жа ў пачатку гонкі быў хутчэйшым за Гіртса і абагнаў яго на трэцім кругу, але потым паваліўся і ён, калі ў адным з паваротаў 1 670-метровай трасы сутыкнуўся з адным з кругавых.

Ззаду ў француза ўляцеў яшчэ і Кай дэ Вольф, які таксама выступае за Nestaan Husqvarna і які таксама нейкі час ціснуў на Гіртса. Прычым нідэрландзец потым упаў яшчэ і на дзявятым кругу, няўдала прызямліўшыся на пярэдняе кола свайго байка пасля скоку на трампліне, задаволіўшыся ў выніку толькі шостым месцам. Трэцім жа фінішаваў гоншчык RedBull KTM Factory Racing Андрэа Адама. А вось Беністан, нягледзячы на ўсе непрыемнасці, здолеў да фінішу захаваць другую пазіцыю.

Гіртс у выніку перамог, а потым замацаваў поспех у другой гонцы, якую правёў ужо практычна бездакорна. Хіба што на старце аддаў хол-шот канкурэнту з F&H MX2 Kawasaki Racing Team Кэвіну Хоргма, якога, аднак, хутка абагнаў. Нарвежац так і фінішаваў другім, трэцім адмашку клецістым сцягам зноў атрымаў Адама, які заняў другое месца па выніках Гран Пры. Беністан, для якога і другі заезд не абышоўся без падзення, да фінішу дабраўся толькі восьмым, а на этапе замкнуў першую тройку.

Гіртс дзякуючы перамогам у кваліфікацыйнай і абедзвюх нядзельных гонках пасля першага этапу лідзіруе, маючы 60 ачкоў. Адама, у якога 49 балаў, другі, ён на восем балаў апярэджваючы Беністана, які знаходзіцца на трэцяй пазіцыі. Yamaha з 60-цю ачкамі ўзначальвае залік вытворцаў у MX2, KTM на другой пазіцыі з 49-цю баламі, Husqvarna трэцяя, але ў яе роўная колькасць ачкоў з GasGas – па 37 – і ўсяго на адно болей, чым у Kawasaki.

Мінулы сезон якраз праз траўму цалкам прапусціў Джэфры Херлінгс, які выйграў чэмпіянат у MXGP у 2021 годзе. У гэтым годзе нідэрландзец вярнуўся ў гонкі і, мяркуючы па яго хуткасці, да ўсеагульнай радасці, сваё здароўе цалкам аднавіў. Хаця нават у адсутнасць Гайсэра ў яго засталося шмат моцных супернікаў.

Напрыклад, Хорхе Прада, з якім Джэфры раней выступаў за адну і тую ж каманду – завадскі KTM. Хорхе ж з мінулага года прадстаўляе RedBull GasGas Factory Racing, хаця фактычна іспанскі брэнд, як і Хускварна, належыць KTM, таму Херлінгса і Прада па-ранейшаму можна лічыць партнёрамі.

У кваліфікацыйнай гонцы лепей выглядаў іспанец, прычым лепей за ўсіх – ён перамог, тады як нідэрландзец замкнуў Топ-10. Выйграў Хорхе і хол-шот у першым нядзельным заездзе, хаця на першым жа кругу саступіў лідарства свайму суайчынніку з завадской Хонды Рубэну Фернандэсу. На пятым кругу, зрэшты, Прада вярнуў сабе першую пазіцыю і на ёй і фінішаваў.

Фернандэс паступова адкаціўся на пятую, прапусціўшы ў тым ліку Херлінгса, які здолеў фінішаваць чацвёртым. Акрамя Прада Джэфры саступіў толькі двум французам – Максіму Рэно з Monster Energy Yamaha Factory Racing MXGP Team і Рамэну Фэвру з Kawasaki Racing Team, якія занялі трэцяе і другое месцы адпаведна. Ну а ў другой гонцы ўжо і сам чэмпіён 2021 года патрапіў у першую тройку.

Зрабіў гэта Джэфры фактычна ўжо на першым кругу, пакінуўшы ззаду ў тым ліку свайго суайчынніка з завадской Ямахі Глэна Колдэнхофа, які выйграў хол-шот. Праўда Херлінгс пры гэтым захапіў толькі другую пазіцыю, тады як першую акупіраваў Фернандэс, які на гэты раз паспяхова давёў справу да перамогі ў гонцы і – упершыню ў яго кар’еры ў старэйшай катэгорыі – да выніковай на этапе.

Затое Херлінгс сваю другую пазіцыю не саступіў нікому, тады як Колдэнхоф пазней упаў і фінішаваў толькі чатырнаццатым. На трэцюю ж пазіцыю здолеў прарвацца яшчэ адзін завадскі гоншчык Ямахі Джэрэмі Сівер, які напярэдадні перажыў жудаснае падзенне ў кваліфікацыйным заездзе, калі сарваўся са свайго матацыкла ў паветры пасля скоку на трампліне.

Фернандэс, як было адзначана вышэй, стаў пераможцам аргентынскага Гран Пры, Херлінгс заняў другое месца, Прада трэцяе. Аднак чэмпіянат пасля першага этапу ўзначальвае менавіта Хорхе – у яго 50 ачкоў, на два болей, чым у Рубэна, які займае другую пазіцыю. На трэцяй з 44-ма баламі Фэвр, ён на тры балы апярэджвае Херлінгса і на чатыры Рэно. GasGas на першай пазіцыі ў заліку вытворцаў, Honda і Yamaha другая і трэцяя адпаведна, але ў кожнай з іх па 48 ачкоў, на чатыры болей, чым у Kawasaki, якая займае чацвёртую пазіцыю. KTM, саступаючы ёй тры балы, размяшчаецца следам.

Другі этап чэмпіянату свету па мотакросе пройдзе ўжо ў наступны ўік-энд, 24-26 сакавіка, і ўжо ў Еўропе, на выспе Сардынія, Гран Пры якой гэта і будзе. Усяго ж гэты сезон складзецца з дзевятнаццаці этапаў, апошнім з якіх стане Гран Пры Вялікабрытаніі ў канцы верасня – пачатку кастрычніка. Закрыццём, аднак, ізноў стане Мотакрос Нацый, які 8 кастрычніка пройдзе ў французскім Эрнэ.

Іншыя пасты блога

Усе пасты