Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Хто ў Yamaha не любіць панядзелкі? Гіртс, вядома! Гран Пры Швейцарыі абвастрыў інтрыгу ў сусветным мотакросе

Хто ў Yamaha не любіць панядзелкі? Гіртс, вядома! Гран Пры Швейцарыі абвастрыў інтрыгу ў сусветным мотакросе

12 красавіка 2023, 15:27
Хто ў Yamaha не любіць панядзелкі? Гіртс, вядома! Гран Пры Швейцарыі абвастрыў інтрыгу ў сусветным мотакросе

Фота: mxgp.com

На самой справе, вяртанне ў Швейцарыю для завадской каманды Yamaha выйшла ўдалым – яе гоншчыкі перамаглі ў абедзвюх катэгорыях. Але ў малодшай MX2 гэта быў не лідар чэмпіянату Яга Гіртс, а Цібольт Беністан, што станоўча паўплывала на інтрыгу. Дый у MXGP стала цікавей.

Сённяшні дзень пачаўся з навіны пра чарговае злачынства рускіх фашыстаў, якія выклалі ў сеціва відэа з забойствам украінскага палоннага. Яно такое не першае і, на вялікі жаль, напэўна не апошняе, але свет можа паскорыць сканчэнне гэтага жаху, аказаўшы Украіне ўсю неабходную дапамогу. Дальнабойная артылерыя і сучасная авіяцыя вызваляць не толькі яе, але і дапамогуць вызваліцца беларусам, якія таксама вартыя свабоды. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Швейцарыю многія асуджаюць за слізкую пазіцыю па падтрымцы Украіны, якая на самой справе не ўпрыгожвае яе як прадстаўніцу цывілізаванага свету. Прыхільнікаў жа аўта- і мотаспорту яна доўгі час здзіўляла забаронай на сваёй тэрыторыі гонак, які быў уведзены ў часы, калі гонкі гэтыя былі сапраўды небяспечнымі. Аднак пазней забарона была адмененая, і ў Швейцарыі праходзілі этапы чэмпіянату Еўропы па ралі і сусветнага мотакросу.

Апошні прыязджаў у Фраўэнфельд з 2016 па 2018 гады, але затым адбылася паўза, якая зацягнулася да мінулага ўік-эн… Ну, на самой справе так, да мінулага ўік-энда, бо этап MXGP пачаўся ў суботу. Але ў нядзелю каталіцкі і пратэстанцкі свет адзначаў Вялікдзень, а панядзелак за ім у цывілізаваных краінах ёсць выхадным. Таму асноўныя гонкі сусветнага пяршынства прайшлі ўсё ж не ў канцы мінулага, а ў пачатку гэтага тыдню.

Гліністая траса Швайцэр Цукер знаёмая многім удзельнікам чэмпіянату… была. Справа ў тым, што да гэтага сезону яе канфігурацыя моцна змянілася і фактычна стала новай нават для мясцовых герояў, Джэрэмі Сівера, напрыклад. Дарэчы, перабудовай трасы займаўся ў тым ліку яго брат, але гэта яму не дапамагло.

Ну а Яга Гіртсу, лідару чэмпіянату ў MX2 і дзейснаму віцэ-чэмпіёну, не дапамагла яго хуткасць. Або можна сказаць, што бельгіец сам стаў яе ахвярай. Стартаваў у першым заездзе ў панядзелак гоншчык Monster Energy Yamaha Factory MX2 Team добра – захапіў лідарства на самым старце і ўтрымліваў яго да пятнаццатага круга. Аднак першы трывожны званочак празвінеў кругам раней, калі ўпаў яго партнёр па камандзе Цібольт Беністан, які перамог у кваліфікацыйнай гонцы, а цяпер ішоў трэцім. Ну а праз круг, няўдала прызямліўшыся пасля скоку на трампліне, паваліўся і Яга.

Для яго наступствы былі больш сур’ёзнымі, бо ён упаў на даволі высокай хуткасці і, па ўсяму відаць, пашкодзіў матацыкл, таму што хуткасць яго некуды прапала. Гіртс губляў адну пазіцыю за адной і фінішаваў толькі сёмым. Беністан скончыў першы заезд чацвёртым.

Перамогу ж атрымаў гоншчык Nestaan Husqvarna Factory Racing Роан ван дэ Мосдайк, які ад самага старту ішоў на другой пазіцыі. Другім адмашку клецістым сцягам атрымаў яго партнёр і суайчыннік Кай дэ Вольф, якому, наадварот, прыйшлося прарывацца пасля не самага ўдалага старту. Трэцім да фінішу дабраўся гоншчык Red Bull KTM Factory Racing Андрэа Адама, які бліснуў хол-шотам у другой гонцы. Але яго на другім кругу абагнаў Гіртс, а потым і Беністан.

Ямахаўцы пры гэтым разбіраліся і адзін з адным, і Цібольт з гэтай дуэлі выйшаў пераможцам, тады як Яга прапусціў наперад яшчэ і Адама. Ён, канечне, пазней спрабаваў атакаваць хаця б італьянца (француз усё роўна быў недасяжным і адарваўся далёка), але ізноў упаў, задаволіўшыся трэцім месцам. Адама фінішаваў другім, Беністан – першым, прычым такія ж месцы яны занялі і па выніках усяго Гран Пры Швейцарыі.

На ніжнюю ж ступень подыуму падняўся дэ Вольф, які ў другой гонцы фінішаваў чацвёртым. Гіртс на швейцарскім этапе заняў толькі пятае месца, прапусціўшы наперад яшчэ і ван дэ Моосдайка. Аднак чырвоную палічку лідара чэмпіянату Яга захаваў – ён мае 159 ачкоў супраць 139-ці ў Беністана, які падняўся на другую пазіцыю. Француз усяго на тры балы апярэджвае дэ Вольфа, які цяпер трэці. Yamaha са 170-цю баламі лідзіруе ў заліку вытворцаў, Husqvarna, у якой 145 ачкоў, займае другую пазіцыю, KTM, які мае 133 ачкі, замыкае першую тройку.

Трыумф завадскую Ямаху чакаў і ў старэйшай катэгорыі MXGP, але і тут прыйшлося пазмагацца. Першую гонку практычна ў адну брамку выйграў гоншчык Red Bull GasGas Factory Racing Хорхе Прада, які пяршынстваваў і ў кваліфікацыйным заездзе. Другім жа па хуткасці быў якраз прадстаўнік Monster Energy Yamaha Factory MXGP Team Максім Рэно. Адразу пасля старту малады француз апынуўся на чацвёртай пазіцыі, на другім кругу абагнаў чэмпіёна 2021 года з Red Bull KTM Factory Racing Джэфры Херлінгса, а на шостым – партнёра Прада па камандзе Маціа Гуаданьіні.

Італьянцу не было наканавана захаваць і трэцюю пазіцыю – ён упаў на дзясятым кругу і фінішаваў толькі дзявятым. Трэцім жа стаў гоншчык Kawasaki Racing Team Рамэн Фэвр, які таксама выглядаў вельмі хуткім – той жа Херлінгс у пачатку заезду нядоўга яго стрымліваў. Другая ж гонка склалася для дасведчанага француза яшчэ больш удала.

Аўтарам хол-шоту там ізноў стаў Прада, але іспанца пасля кароткай дуэлі абышоў Рэно. А ззаду ўжо накочваў Фэвр, які на другім кругу ў другі раз за дзень пакінуў ззаду Херлінгса. З Прада яму прыйшлося цяжэй, але і яго абарону Рамэн праціснуў на дванаццатым кругу. Затое Хорхе апярэдзіў яго па выніках швейцарскага Гран Пры, заняўшы другое месца. Фэвр задаволіўся трэцім, ну а Рэно выйграў першы ў сезоне этап.

У чэмпіянаце Максім застаўся трэцім, але Херлінгсу, які ў сваю чаргу захаваў другую пазіцыю і мае 134 ачкі, Рэно саступае ўсяго тры. Прада ж, у якога 155 балаў, працягвае лідзіраваць, як і Yamaha ў заліку вытворцаў, дзе ў яе такая ж колькасць балаў, прычым роўная з GasGas, які займае другую пазіцыю. На трэцяй са 134-ма ачкамі KTM.

Свой чацвёрты этап сезона-2023 чэмпіянат свету па мотакросе правядзе ўжо на гэтым тыдні. Ён вяртаецца ў Італію, дзе гасцяваў у папярэдні раз, але ўжо ў П’етрамурату, дзе пройдзе Гран Пры Трэнціна.

Іншыя пасты блога

Усе пасты