Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Узлёт Сівера і падзенне Гіртса. Гран Пры Францыі прынёс радасць далёка не ўсім удзельнікам сусветнага мотакросу

Узлёт Сівера і падзенне Гіртса. Гран Пры Францыі прынёс радасць далёка не ўсім удзельнікам сусветнага мотакросу

Узлёт Сівера і падзенне Гіртса. Гран Пры Францыі прынёс радасць далёка не ўсім удзельнікам сусветнага мотакросу

Фота: mxgp.com

Слова «падзенне» у дачыненні да чэмпіянату свету па мотакросе ўжываць даводзіцца значна часцей за слова «узлёт». Аднак на французскім этапе ў Вілар-Су-Эко ў мінулыя выхадныя хапалі і таго, і таго. Гэта ўнесла ў ход пяршынства разнастайнасць, але задаволіла такая разнастайнасць далёка не ўсіх.

Напэўна далёка не ўсіх задаволіць і развал расійскай імперыі, да якога непазбежна прывядзе вайна, што развязаў звар’яцелы дыктатар. Але гістарычныя працэсы развіваюцца самі па сабе, і народы Белгародскай, а таксама Уральскай, Сібірскай і Дальнеўсходняй народных рэспублік дзякуючы перамозе Украіны абавязкова вызваляцца ад прыгнёту з боку Масквы. Вызваліцца ад яго і наш народ, які падтрымлівае ўкраінцаў у іх змаганні за свабоду. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Здабыць перамогу нашым суседзям дапамагаюць многія заходнія краіны, якія падарылі нам і шмат выдатных гонак і гоншчыкаў. Адна толькі Францыя дала свету Ле Ман (і матацыклетны таксама) і цэлую плеяду чэмпіёнаў у розных дысцыплінах, у тым ліку ў сусветным мотакросе. Цяперашні сезон MXGP праходзіць без некаторых французаў-чэмпіёнаў: Том Віаль выбыў з ладу праз траўму яшчэ ў міжсезонні, Максім Рэно няўдала ўпаў на папярэднім этапе ў Іспаніі. А на Гран Пры Францыі не пашанцавала ўжо бельгійцу Яга Гіртсу.

Лідар чэмпіянату ў малодшай катэгорыі MX2 з Monster Energy Yamaha Factory MX2 Team скончыў сваё выступленне на этапе ўжо на першым кругу кваліфікацыйнай гонкі. Вынікам вельмі непрыемнага падзення на крутым спуску перабудаванай трасы ў Вілар-Су-Эко, куды чэмпіянат свету ў апошні раз прыязджаў у 2017 годзе, прывяло да пералому запясця, праз які Гіртс зняўся са спаборніцтва. Як скора мы яго пабачым на старце, сказаць цяжка, але магчымасць адыграцца ў яго будзе – наперадзе больш за палову сезона. Мы ж са свайго боку ў чарговы раз зычым яму і яго траўміраваным калегам па пелатоне хутчэйшага выздараўлення.

Стартаваў Яга, дарэчы, у тым самым злапомным заездзе нядрэнна, адразу апынуўшыся на другой пазіцыі. Лідарства ж адразу захапіў яго партнёр па камандзе Цібольт Беністан, але затым ён прапусціў наперад канкурэнта з Nestaan Husqvarna Factory Racing Кая дэ Вольфа. Затое француз, на радасць заўзятарам на трыбунах, адыграўся ў нядзелю. У першай гонцы пасля старту ён апынуўся на чацвёртай пазіцыі, але за тым ліха разабраўся і з дэ Вольфам, і з яго суайчыннікам і партнёрам па камандзе Роанам ван дэ Моосдайкам, і з аўтарам хол-шота F&H Kawasaki Racing Team Кэвінам Хоргма.

Ніхто з пералічаных траіх, дарэчы, у першай тройцы не ўтрымаўся, прычым Хоргма адкаціўся на шостую пазіцыю, дэ Вольф і ван дэ Моосдайк фінішавалі чацвёртым і пятым адпаведна – іх абагналі гоншчыкі па Red Bull KTM Factory Racing Ліам Эвертс і Андрэа Адама. Бельгіец гэтым разам фінішаваў наперадзе італьянскага напарніка, але ў другой гонцы саступіў яму, прапусціўшы яго на чатырнаццатым кругу і заняўшы чацвёртае месца.

Беністан ізноў быў хуткім, але не хутчэйшым за ўсіх. Ад старту і да фінішу пралідзіраваў яшчэ адзін гоншчык завадской Хускварны Лукас Коэнэн. І калі б не ўсяго толькі сёмае месца ў першым заездзе, быць бы бельгійцу на подыуме па выніках Гран Пры Францыі. А так ён задаволіўся чацвёртым месцам. Беністан жа фінішаваў следам за ім, але і гэтага яму хапіла для перамогі на хатнім этапе. Адама заняў другое месца, Эвертс стаў трэцім.

Затое Андрэа ўшчыльную наблізіўся да Гіртса ў чэмпіянаце. З 318-цю баламі ён цяпер толькі адзін саступае Яга, які пакуль што захаваў за сабой чырвоную таблічку лідара. Блізка і дэ Вольф, які застаецца на трэцяй пазіцыі – у яго 307 ачкоў. Yamaha, у якой 390 балаў, захоўвае лідарства сярод вытворцаў у катэгорыі MX2. Husqvarna з 330-цю ачкамі другая, яна на сем балаў апярэджвае KTM, які замыкае першую тройку.

У старэйшай катэгорыі MXGP на французскім Гран Пры бліснуў таксама завадскі гоншчык Ямахі. Пры гэтым Джэрэмі Сівер першым фінішаваў толькі ў першай гонцы, у якой лідарства захапіў на самым старце. Ён, аднак, ад старту да фінішу не лідзіраваў, на першым жа кругу прапусціўшы наперад лідара чэмпіянату з Red Bull GasGas Factory Racing Хорхе Прада, які напярэдадні выйграў кваліфікацыйны заезд. Але ўжо на пятым кругу швейцарац ізноў захапіў лідарства, тады як іспанец прапусціў спачатку Рамэна Фэвра, а хутка пасля – і Джэфры Херлінгса.

Француз з Kawasaki Racing Team і нідэрландзец з Red Bull KTM Factory Racing бароліся і адзін з адным. Скончылася іх дуэль на карысць чэмпіёна 2021 года, які абагнаў канкурэнта на дванаццатым кругу і фінішаваў другім. Паўтарыць поспех у другой гонцы, а можа, нават пабароцца за перамогу ў ёй і па выніках Гран Пры Францыі, у Джэфры, на жаль, не атрымалася. Ён, ужо на шчасце, не падаў, але аднаго з прызямленняў пасля скоку на трампліне не вытрымала правая падножка яго матацыкла, праз што Херлінгс сышоў з дыстанцыі. А перад гэтым у яго яшчэ і маска зламалася, і для яе замены пераможцу-рэкардсмену прыйшлося спыняцца і губляць пазіцыі.

Сівер жа лідзіраваў да дванаццатага круга, на якім яго абагнаў Фэвр. Аднак паколькі ў першай гонцы Рамэн фінішаваў трэцім, яму не хапіла ачкоў для перамогі на хатнім Гран Пры (у MXGP пры роўнасці балаў, здабытых у нядзельных гонках, вырашальным з’яўляецца вынік у другой). Таму француз падняўся на другую ступень подыуму, а на яго вяршыню ўпершыню ў сезоне ўзышоў Сівер.

Прада, які ў другой гонцы фінішаваў трэцім, трэцім жа стаў і па выніках этапу. Хорхе пры гэтым захаваў упэўненае лідарства ў чэмпіянаце, у якім ён мае 342 ачкі. Херлінгс з 318-цю баламі застаўся другім, а на трэцюю пазіцыю падняўся Фэвр, у якога 263 балы – столькі ж, колькі і ў гоншчыка завадской Хонды Рубэна Фернандэса. Yamaha, маючы 352 ачкі, і тут лідзіруе цяпер сярод вытворцаў, але GasGas, які займае другую пазіцыю, адстае ўсяго на чатыры балы. KTM тут таксама на трэцяй пазіцыі з 333-ма ачкамі.

Будзем спадзявацца, што ўсе, хто атрымаў траўмы на апошніх этапах сусветнага мотакросу, вернуцца ў лад да наступнага, якім стане Гран Пры Латвіі. Яго 2-4 чэрвеня будзе прымаць траса ў Кегумсе.

Іншыя пасты блога

Усе пасты