Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Лятучыя колы, радасны Ньюгардэн і незадаволены Эрыксан. У гонцы 500 міль Індыянапаліса было, здаецца, усё, што можна

Лятучыя колы, радасны Ньюгардэн і незадаволены Эрыксан. У гонцы 500 міль Індыянапаліса было, здаецца, усё, што можна

Лятучыя колы, радасны Ньюгардэн і незадаволены Эрыксан. У гонцы 500 міль Індыянапаліса было, здаецца, усё, што можна

Фота: indycar.com

Знакаміты марафон на Старой Цаглярцы, які стаў шостым этапам сезона IndyCar, у гэтым годзе двойчы перарываўся чырвонымі сцягамі, у тым ліку пад самы канец. І менавіта рашэнне гоначнай дырэкцыі аб рэстарце на самым апошнім кругу дапамагло пілоту Team Penske Джозэфу Ньюгардэну ўпершыню атрымаць адну з частак трайной кароны аўтаспорту.

Прыход да сябе вайны, якую яна развязала, Расія ўчора адчула не ўпершыню, але ўпершыню з украінскімі беспілотнікамі пазнаёмілася Масква. Агрэсар ад самага пачатку мусіў усведамляць, што вайна заўсёды прыходзіць да таго, хто яе пачынае, і ён не будзе выключэннем. Звар’яцелы дыктатар абавязкова адкажа за свае злачынствы, як і яго паслугач з Мінску. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

А вось Джозэф Ньюгардэн у мінулую нядзелю перамог у гонцы 500 міль Індыянапаліса якраз упершыню ў сваёй кар’еры. Прычым зрабіў гэта даволі ўражліва, бо стартаваў ён толькі з сямнаццатай пазіцыі. З поўлу ж заезд пачынаў лідар сезону з Chip Ganassi Racing Алекс Палоў, і ў яго справы ішлі вельмі нядрэнна да першай нейтралізацыі гонкі на дзевяноста другім кругу ў выніку аварыі пілота Dale Coyne Racing Стынга Рэя Роба.

Піт-стоп пад жоўтымі сцягамі вырашыў зрабіць не толькі Палоў, але і яго канкурэнт з Ed Carpenter Racing Рынус ВіКей (поўнае прозвішча нідэрландца – ван Кальмтаўт), з якім яны да гэтага вялі дуэль за лідарства практычна ад самага старту, перыядычна мяняючыся ўдарамі. На піт-лэйн накіраваліся не толькі яны, і здарыцца ў такой сітуацыі магло што заўгодна паміж кім заўгодна (і здаралася). Але самым крыўдным быў эпізод паміж Алексам і Рынусам.

Іх месцы для піт-стопаў знаходзіліся побач, і месца іспанца было наперадзе. Ад’язджалі ад сваіх механікаў яны адначасова, і ВіКея ў гэты момант занесла, у выніку чаго ён сутыкнуўся з машынай Палоў і зламаў яе пярэдняе антыкрыло. Балід Алекса прыйшлося рамантаваць, тады як Рынус рух працягнуў, але быў пакараны штрафным праездам па піт-лэйне. Пры гэтым фінішавалі абодва зусім не нізка – нідэрландзец дзясятым, а іспанец наогул на чацвёртае месца прарваўся.

Барацьба ж за першую пазіцыю пасля гэтага эпізоду распачалася паміж партнёрамі па Arrow McLaren Феліксам Розэнквістам і Партысіа О’Вордам. А хутка да іх далучыўся мінулагодні трыумфатар Indy 500 Маркус Эрыксан. На апошняй чвэрці гонкі ў шведа з Chip Ganassi Racing былі ўсе шанцы паўтарыць свой поспех – на сто трыццаць дзявятым кругу з двухсот ён выйшаў у лідары. Але Нюгардэн да таго моманту прабіўся на другую пазіцыю і таксама ўключыўся ў барацьбу за перамогу.

Амерыканцу мімаволі дапамог Рамэн Гражан – пілот Andretti Autosport роўна ў канцы трэцяй чвэрці дыстанцыі разбіў сваю машыну на выхадзе з другога павароту. Гонка была нейтралізаваная на шэсць кругоў, а пасля рэстарту Ньюгардэн пайшоў у атаку і перехапіў лідарства ў Эрыксана. Ненадоўга, праўда, бо амаль адразу іх абодвух абышоў пілот AJ Foyt Enterprises Санціна Феручы.

Шчыльная барацьба ў лідарскай групе працягнулася і пасля фінальных піт-стопаў, якія гоншчыкі зрабілі прыкладна за трыццаць кругоў да фінішу. Але ці не ключавы ўплыў на яе аказала аварыя Розэнквіста і Кайла Кірквуда за васямнаццаць кругоў да канца. Швед, якога ў той момант у спрэчцы за другую пазіцыю атакаваў О’Ворд, сутыкнуўся з адбойнікам і зламаў падвеску свайго баліду, які накіраваўся ў другі бок трасы.

Амерыканец з Andretti Autosport спрабаваў пазбегнуць кантакту, але Розэнквіст усё ж такі зачапіў левае задняе кола яго машыны, якое адарвалася, пераляцела цераз агароджу і толькі па шчаслівай выпадковасці праляцела міма вялікай трыбуны з гледачамі. Машыну ж Кірквуда пасля ўдару аб адбойнік перакуліла, і ў дырэкцыі гонкі не засталося іншага выйсця, як вывесіць чырвоныя сцягі.

Удзельнікі інцыдэнту, на шчасце, таксама пазбеглі траўм, хаця Кірквуд на ўсялякі выпадак наведаў медычны цэнтр. У наступны раз нейтралізоўваць гонку прыйшлося практычна адразу пасля рэстарту, хоць ужо і праз не такі жахлівы інцыдэнт, таму справа абышлася жоўтымі сцягамі і аўтамабілем бяспекі.

Усяго толькі О’Ворд пасля кантакту з Эрыксанам у трэцім павароце ўляцеў у сцяну, а ў яго разбіты балід урэзаўся пілот Juncos Hollinger Racing Аўгуста Калапінта, які да гэтага сам разбіў машыну аб адбойнік, спрабуючы не сутыкнуцца з пілотам Meyer Shank Racing Сімонам Пажно і партнёрам Ньюгардэна Скотам МакЛафлінам, паміж якімі таксама адбыўся кантакт, у выніку якога француз таксама сустрэўся з бар’ерам бяспекі.

Рэстарт быў дадзены за чатыры кругі да фінішу, аднак практычна адразу маршалам прыйшлося даставаць ужо чырвоныя сцягі – на выхадзе з чацвёртага павароту адбыўся завал з удзелам пяці гоншчыкаў. Эрыксан, зрэшты, да нейтралізацыі заезду паспеў-такі абагнаць Ньюгардэна і ўжо рыхтаваўся адаткнуць бутэльку малака – традыцыйную ўзнагароду пераможцу 500 міль Індыянапаліса. Ён-та лічыў, што гонка фінішуе пад аўтамабілем бяспекі, але на апошнім кругу быў абвешчаны баявы рэстарт, і Ньюгардэну хапіла адзінага круга, каб абагнаць Маркуса.

У выніку экс-пілот Формулы 1 задаволіўся толькі другім месцам (а рашэннем гоначнай дырэкцыі – надзвычай не задаволіўся), а Ньюгардэн упершыню выйграў адну з самых прэстыжных гонак на планеце, якая разам з сутачным марафонам у Ле Мане і Гран Пры Манака ўваходзіць у так званую трайную карону. Трэцім даволі сенсацыйна фінішаваў Феручы.

Поспех Ньюгардэна дазволіў яму наблізіцца да групы лідараў турнірнай табліцы. Ён пакуль чацвёрты, але са 182-ма ачкамі толькі тры саступае О’Ворду, які займае трэцюю пазіцыю. На другую вярнуўся Эрыксан, у якога 199 ачкоў, а Палоў застаўся лідарам і мае 219 балаў.

Ужо ў бліжэйшы ўік-энд сезон IndyCar працягнецца на вулічнай трасе ў Дэтройце.

Іншыя пасты блога

Усе пасты