Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Максімум Херлінгса і нуль Гіртса. У Латвіі ў дзвюх катэгорыях MXGP барацьба за тытул абвастрылася па-рознаму

Максімум Херлінгса і нуль Гіртса. У Латвіі ў дзвюх катэгорыях MXGP барацьба за тытул абвастрылася па-рознаму

Максімум Херлінгса і нуль Гіртса. У Латвіі ў дзвюх катэгорыях MXGP барацьба за тытул абвастрылася па-рознаму

Фота: mxgp.com

Лідар у малодшай катэгорыі MX2 на этапе ў Кегумсе змяніўся ўжо пасля вынікаў кваліфікацыйнай гонкі, бо Яга Гіртс ізноў не выйшаў на старт. А ў MXGP Джэфры Херлінгс набраў максімальную колькасць балаў і ўзмацніў уціск на Хорхе Прада.

Сёння свет працягвае асэнсоўваць наступствы чарговага ваеннага злачынства ва Украіне расійска-фашысцкіх захопнікаў. Падрыў дамбы Новакахоўскай ГЭС ужо прывёў да маштабнай гуманітарнай і экалагічнай катастрофы. І можа прывесці да яшчэ большай, калі свет не прыме рашучых захадаў, каб спыніць звар’яцелага расійскага дыктатара. Ваенная дапамога Украіне мае быць безумоўнай і ўсёабдымнай, а УСУ выкарыстаюць яе эфектыўна, чым дапамогуць вызваліцца і беларусам. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Маленькая Латвія ад вайны далёкая, але дапамагае Украіне, і таму вартая, каб яе прадстаўнікі былі прадстаўленыя ў тым ліку ў гонках сусветнага ўзроўню. Ну і прымаць іх мае поўнае права, тым больш што месца для правядзення мотакросавага Гран Пры ў яе ёсць выдатнае – траса ў Кегумсе. Чэмпіянат MXGP наведвае яе ўжо шмат гадоў, і ў гэтым гонкі на ёй сталі аднымі з самых цікавых у сезоне, прынамсі, на дадзены момант.

Праўда, да Латвіі дабраліся не ўсе з тых, хто наогул пачаў гэты сезон яшчэ ў Аргенціне. Так, гоншчык завадской каманды Monster Energy Yamaha Factory MX2 Team Яга Гіртс, які на папярэдні Гран Пры Францыі прыбыў лідарам чэмпіянату ў малодшай катэгорыі MX2, зламаўшы запясце, выбыў з ладу яшчэ ў кваліфікацыйнай гонцы. Аднавіць здароўе да латвійскага этапу бельгіец не паспеў, і наўрад ці паспее да наступнага нямецкага, які адбудзецца ўжо ў бліжэйшы ўік-энд.

Так што Яга можа назбіраць ажно тры «абаранкі», што дае шанцы яго канкурэнтам, а іх у яго шмат: тыя ж Андрэа Адама з Red Bull KTM Factory Racing, Кай дэ Вольф з Nestaan Husqvarna Factory Racing, дый яго партнёр па камандзе Цібольт Беністан. З іх траіх у кваліфікацыйнай гонцы перамог італьянец, да якога ў выніку і перайшла чырвоная таблічка лідара чэмпіянату, але толькі да нядзелі, калі прайшлі галоўныя заезды.

Першы хол-шотам пачаў партнёр і суайчыннік дэ Вольфа па камандзе Роан ван дэ Моосдайк, аднак ён хутка саступіў лідарства Беністану. Аднак ззаду накочваў і Кай, які таксама нядоўга сядзеў за спінай у напарніка, і ўжо на сёмым кругу ён перахапіў лідарства ў французскага гоншчыка Ямахі. Той не здаваўся і ціснуў на нідэрландца да самага фінішу, але задаволіўся другой пазіцыяй. Трэцім гонку скончыў ван дэ Моосдайк.

На старце другой гонкі, якая праходзіла пад паўнавартасным дажджом (хаця намачыла трасу і перад стартам першай), даволі нечакана стрэліў яшчэ адзін прадстаўнік Хускварны Лукас Коэнэн, якому ў першым заездзе не пашанцавала – да фінішу ён не дабраўся. Цяпер жа бельгіец даволі ўпэўнена і доўга лідзіраваў, пакуль сімвалічна не ўпаў на трынаццатым кругу.

Яшчэ раней, на дзявятым кругу, непрыемнасць здарылася з дэ Вольфам, які ішоў другім. Нідэрландзец наогул апынуўся за межамі трасы, але страціў толькі адну пазіцыю, прапусціўшы ван дэ Моосдайка. Аднак хутка яго абагнаў. Ну а калі паваліўся Коэнэн, Кай выйшаў і лідары і давёў справу да перамогі. Лукас, дарэчы, пацярпеў ад сваёй памылкі не так, як дэ Вольф, і захаваў другую пазіцыю да фінішу, а ван дэ Моосдайк ізноў атрымаў адмашку клецістым сцягам трэцім.

Аднак па выніках Гран Пры Латвіі Роан заняў трэцяе месца. На ніжнюю ступень подыуму падняўся Беністан, якому не пашанцавала на старце другой гонкі, калі ён патрапіў у стартавы завал. Але затым француз здолеў прарвацца на шостую пазіцыю.

Ну а дэ Вольф перамог і з 367-мю ачкамі стаў лідарам чэмпіянату. Андрэа Адама, які ў Кегумсе фінішаваў пятым і чацвёртым, заняўшы выніковае чацвёртае ж месца, у турнірнай табліцы застаўся другім, у яго 355 балаў, на сем болей, чым у Беністана, які замыкае першую тройку. Гіртс са сваімі 319-цю баламі ўжо праваліўся на чацвёртую пазіцыю. Сярод вытворцаў у MX2 працягвае лідзіраваць Yamaha, у якой 435 ачкоў, Husqvarna мае 390 балаў і застаецца другой, KTM з 366-цю ачкамі на трэцяй пазіцыі.

Па-сапраўднаму спякотна, нягледзячы на дождж, у Кегумсе было ў старэйшай катэгорыі MXGP. У кваліфікацыйнай гонцы тут упершыню перамог Джэфры Херлінгс, для якога гэта стала пачаткам яго хэт-трыку. Але не варта думаць, што нідэрландцу з завадской каманды KTM было лёгка. Тут вам не Формула 1, і Гран Пры проста ў кваліфікацыях не выйграюцца. Так, Джэфры перамагаў у Латвіі шэсць разоў у сваёй кар’еры, прычым і ў старэйшай, і ў малодшай катэгорыях. Але нават у адсутнасць Ціма Гайсэра, які працягвае залечваць траўмы, атрыманыя перад сезонам, моцных супернікаў у Кулі хапае.

Узяць таго ж гоншчыка Red Bull GasGas Factory Racing Хорхе Прада – майстра хол-шотаў. Менавіта такім чынам іспанец пачаў першую гонку ў нядзелю і, здавалася, лёгка яе выйграе. Тым больш што Херлінгс, не першых кругах абагнаўшы суайчынніка Прада з завадской Хонды Рубэна Фернандэса і падняўшыся на другую пазіцыю, затым упаў. Другую пазіцыю Джэфры захаваў, але адпусціў Прада на шэсць секунд.

Але што такое простае падзенне для гоншчыка, які перамагаў пасля таго, як яму на плечы прызямляўся матацыкл канкурэнта? Вось і гэтым разам Джэфры падняўся і, магчыма, са злосці паехаў так, што на чатырнаццатым кругу наблізіўся да Прада на адлегласць атакі і ліха яго абагнаў, выйграўшы затым і заезд. Хорхе фінішаваў другім, Фернандэс – трэцім.

Другая гонка склалася яшчэ цікавей. Стартавала яна на мокрай трасе, што моцна запаволіла Херлінгса, які пясчаныя трэкі наогул любіць. Таму спачатку ён на некалькі секунд адпусціў Прада, які ізноў стартаваў з хол-шотам, а таксама гоншчыка Kawasaki Racing Team Рамэна Фэвра. Першыя кругі менавіта яны бароліся за лідарства, і сітуацыя складалася на карысць француза – той абагнаў Хорхе на чацвёртым кругу. А ўсяго праз тры кругі іспанец прапусціў наперад і Херлінгса.

Дождж да таго моманту скончыўся канчаткова, траса хутка падсыхала, і перавага была ўжо ў двухразовага чэмпіёна прэм’ер-катэгорыі. Херлінгс паступова скарачаў адставанне ад Фэвра і абагнаў яго на трынаццатым кругу. Контратакаваць не даў, бо хутка адарваўся на бяспечную адлегласць. Рамэн у выніку фінішаваў другім, трэцім гонку скончыў Прада.

На подыуме, праўда, ужо іспанец быў другім, а француз – трэцім. На вяршыню ж, ужо ў сто трэці раз у кар’еры (сорак другі ў старэйшай катэгорыі) падняўся Херлінгс. Як і над Барселонай – што ж ты будзеш рабіць! – над Кегумсам у мінулую нядзелю гучалі гімны Нідэрландаў і Аўстрыі.

У чэмпіянаце Джэфры застаўся другім, у яго 378 ачкоў. Аднак Прада, які з 393-ма баламі лідзіруе, стаў бліжэй. Фэвр захаваў трэцюю пазіцыю і мае 306 ачкоў. Сярод вытворцаў цяпер лідзіруе GasGas, у якога 399 балаў, што, зрэшты, усяго на чатыры болей, чым у Ямахі, і на сем, чым у KTM.

Сезон чэмпіянату свету па мотакросе, як было адзначана вышэй, працягнецца ў бліжэйшыя выхадныя – Тойчэнталь прыме Гран Пры Германіі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты