Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Mercedes наносіць зваротны ўдар! На этапе серыі GT World Challenge Europe у Ле Кастэле перамог экіпаж Akkodis ASP

Mercedes наносіць зваротны ўдар! На этапе серыі GT World Challenge Europe у Ле Кастэле перамог экіпаж Akkodis ASP

Mercedes наносіць зваротны ўдар! На этапе серыі GT World Challenge Europe у Ле Кастэле перамог экіпаж Akkodis ASP

Гонка 1000 кіламетраў Поль Рыкара ў еўрапейскім пяршынстве Гран Турызма самая даўгая, калі не лічыць сутачны марафон у Спа. Працягваецца яна шэсць гадзін, і адбываецца ў ёй многа чаго. І нават страта лідарства на пэўных адрэзках не ёсць непапраўнай, што і даказалі ў мінулы ўік-энд гоншчыкі восемдзесят восьмага экіпажа каманды Akkodis ASP.

Проста ў гэтыя дні расійска-фашысцкія захопнікі наносяць Украіне якраз непапраўную экалагічную шкоду. Падрыў дамбы Кахоўскага вадасховішча ёсць чарговым ваенным злачынствам, пасля якога прачухацца павінны нават самыя някемлівыя заходнія палітыкі. Агрэсара трэба спыніць рашучым ваенным шляхам, толькі гэта гарантуе мір у будучыні. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Расійскіх спартсменаў звар’яцелы дыктатар сваімі злачынствамі падставіў таксама, пазбавіўшы некаторых з іх самой магчымасці выступаць на міжнароднай арэне. Іншыя, як аўтагоншчыкі, робяць гэта цяпер пад нейтральнымі сцягамі, а пры іх перамогах не грае расійскі гімн. Хаця ў выпадку з Цімурам Багуслаўскім, які разам з Рафаэле Марчэла і Жулем Гунонам перамог у мінулую суботу ў гонцы 1000 кіламетраў Поль Рыкара, ён не граў бы ў любым выпадку, бо каманда Akkodis ASP, за якую восемдзесят восьмы экіпаж выступае, французская.

Бліснуць у расійска-швейцарска-французскага трыа атрымалася ўжо ў кваліфікацыі. Канечне, поўл у даўгіх гонках вялікага значэння не мае, і купэ Mercedes-AMG GT3 прадстаўнікоў Akkodis ASP не ўзначальвала пелатон цягам усёй дыстанцыі. Экіпаж апускаўся і на пятую пазіцыю, але ніколі не адставаў моцна болей, чым на палову хвіліны, а гэта ўжо больш кажа аб яго сапраўднай хуткасці.

Пры гэтым высокі тэмп трымалі ўсе тры гоншчыкі: і Гунон на першых адрэзках, і Багуслаўскі ў сярэдзіне, і Марчэла ў фінале. Рафаэле адзначыўся абгонам двух BMW M4 GT3, у тым ліку пераможцаў першага этапу ў Монцы – Філіпа Энга, Мара Вітмана і Ніка Йелалі з дзевяноста восьмага экіпажа Rowe Racing. Яны таксама некаторы – і даволі доўгі – час лідзіравалі ў гонцы, але не толькі саступілі першую пазіцыю канкурэнтам на восемдзесят восьмым Мерсэдэсе, але і яшчэ аднаму экіпажу на такім жа аўтамабілі – семсот семдзесят сёмаму ў складзе Мара Энгеля, Лукі Штольца і Фабіана Шылера, прадстаўнікоў Mercedes-AMG Team AlManar.

Так што Штутгарт адказаў аналагічнаму трыумфу Мюнхена на першым этапе. Энг, Вітман і Йелалі ў выніку падняліся на ніжнюю ступень подыуму, хаця шанцы не проста апынуцца на ім, а і за перамогу паспрачацца, былі і ва ўмоўнага Інгальштадта – гоншчыкаў на Audi R8 LMS Evo II GT3, на якіх, у прыватнасці, выступаюць экіпажы Tresor Orange 1.

Саракавым кіруюць Рыкарда Фелер, Маціа Друдзі і Дэніс Маршал, і яны захапілі былі лідарства пасля першай хвалі піт-стопаў. Іх перавага перад пераследнікамі ў пэўны момант дасягнула трыццаці секунд, але крыўдны пракол амаль на сярэдзіне дыстанцыі прывёў да моцных пашкоджанняў аўтамабіля і сходу.

Перамога Akkodis ASP на трэцім этапе серыі GT World Challenge Europe дазволіла камандзе ўзначаліць турнірную табліцу ў адпаведным заліку. Калектыў мае 58,5 ачка, на восем з паловай апярэджваючы Rowe Racing, які падняўся на другую пазіцыю. Team WRT цяпер трэція з 46,5 бала. Іх лепшым экіпажам у Ле Кастэле стаў сорак шосты ў складзе Валянціна Росі, Аўгушта Фарфуша і Максіма Мартана, якія фінішавалі восьмымі. Марчэла і Багуслаўскі цяпер першыя сярод гоншчыкаў, у іх 56 ачкоў. Вітман, Энг і Йелалі саступаюць ім дзевяць і займаюць другую пазіцыю, Друдзі і Фелер, у якіх 38,5 ачка, замыкаюць першую тройку.

Наступны этап серыі пройдзе 29 чэрвеня – 2 ліпеня таксама ў фармаце Endurance, і гэта якраз і будзе гонка 24 гадзіны Спа-Франкаршам. А галоўны сутачны марафон у Ле Мане стартуе ўжо заўтра. Апошнія навіны WEC і саму гонку абмяркуем у панядзелак.

Іншыя пасты блога

Усе пасты