Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дагнаць і абагнаць. Хто і як справіўся са сваімі задачамі на мотакросавым Гран Пры Сумбавы?

Дагнаць і абагнаць. Хто і як справіўся са сваімі задачамі на мотакросавым Гран Пры Сумбавы?

28 чэрвеня, 19:13
Дагнаць і абагнаць. Хто і як справіўся са сваімі задачамі на мотакросавым Гран Пры Сумбавы?

Фота: mxgp.com

Першы з двух інданэзійскіх этапаў чэмпіянату свету па мотакросе, які прайшоў у мінулы ўік-энд, сабраў абмежавальную колькасць удзельнікаў не толькі праз аддаленасць ад Еўропы. Некаторыя не прыехалі на Малыя Зондскія выспы праз траўмы, атрыманыя раней, дазволіўшы сваім канкурэнтам скараціць адставанне або нават выйсці наперад.

У Расіі былі гістарычныя шанцы дагнаць цывілізаваны свет і самой стаць яго часткай. Замест гэтага яна выбрала шлях вайны і акупацыі тых, хто не хоча быць ёй. Паўтары гады таму звар’яцелы дыктатар распачаў поўнамаштабную агрэсію супраць Украіны, якую працягвае катаваць і сёння. Аднак скарыць украінцаў не атрымалася і не атрымаецца, і пасля іх перамогі з пашчы прыйдзецца выпусціць і беларусаў. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Пакуль арганізатары вайсковага мяцяжу ў Расіі толькі рыхтаваліся накіравацца на Маскву і так да яе і не дайсці, ўдзельнікі сусветнага мотакросу ўжо прыбылі ў Інданэзію, дзе запланаваныя два этапы. Першы з іх на трасе Самота-Сумбава ужо адбыўся, і бліснулі на ім не тыя, ад каго мы звычайна чакаем гэтага ў першую чаргу.

У малодшай катэгорыі MX2, зрэшты, навабранец Nestaan Husqvarna Factory Racing Лукас Коэнэн ужо паспеў даказаць сваю сталасць, і на Гран Пры Сумбавы дабіўся першага гучнага поспеху – спачатку бельгіец выйграў кваліфікацыйную гонку, а потым і абедзве нядзельныя.

Суайчынніку Лукаса з Monster Energy Yamaha Factory MX2 Яга Гіртсу, які яшчэ нядаўна ўзначальваў турнірную табліцу, пакуль што прыходзіцца складана. Пералом запясця, атрыманы на французскім этапе, пакуль што дае пра сябе ведаць, і ім, магчыма, і была абумоўленая яго няўдача ў першай гонцы.

У ёй Гіртс выйграў хол-шот на старце, але ўпаў ужо на другім кругу, адкаціўшыся на пятае месца. Прапусціў ён не толькі Коэнэна, да якога і перайшла першая пазіцыя, але і канкурэнтаў з Red Bull KTM Factory Racing Ліама Эвертса і Андрэа Адама, а таксама гоншчыка Red Bull GasGas Factory Racing Сімона Лангенфельдэра. Пятым месцам Яга і прыйшлося задаволіцца. Эвертс фінішаваў другім, а Адама ў выніку працяглай барацьбы з Лангенфельдэрам заваяваў трэцюю пазіцыю.

Героем старту другой гонкі стаў брат Лукаса Коэнэна Саша, які выступае за завадскі калектыў KTM. Праўда, канвертаваць хол-шот у калі не перамогу, то хаця б высокую пазіцыю на фінішы не атрымалася – спачатку Саша прапусціў Лукаса, а затым і яшчэ цэлы шэраг супернікаў, фінішаваўшы толькі дванаццатым.

Гіртс на першых кругах прарваўся на другую пазіцыю і ўтрымліваў яе да дзясятага круга, на якім пасля некалькіх атак яго прайшоў Эвертс. Але ў другім заездзе Яга хаця б замкнуў першую тройку. Зрабіў гэта Гіртс і па выніках Гран Пры, на якім Эвертс заняў другое месца, а Лукас Коэнэн, вядома, перамог. Ён з 315-цю ачкамі займае сёмую пазіцыю ў чэмпіянаце, а Гіртс і Эвертс – чацвёртую і пятую адпаведна, прычым ў абодвух 381 бал.

У першай тройцы ж пакуль што без змен. Адама, які ў другой гонцы Гран Пры Сумбавы фінішаваў сёмым, лідзіруе, маючы 439 ачкоў. Ён усяго на пяць балаў апярэджвае партнёра Гіртса па камандзе Цібольта Беністана, які першую гонку скончыў шостым, а другую – чацвёртым. Па-ранейшаму трэці завадскі гоншчык Хускварны Кай дэ Вольф, які ў абедзвюх гонках фінішаваў дзявятым і мае 417 балаў. Yamaha з 524-ма ачкамі застаецца першай сярод вытворцаў у MX2, Husqvarna, у якой 501 бал, другая, KTM, маючы 474 ачкі, захоўвае трэцюю пазіцыю.

У малодшай катэгорыі на інданэзійскім этапе ўдзел узяў дваццаць адзін гоншчык, што зусім не рэкорд, а ў старэйшай MXGP іх было і таго меней. Апроч пакуль што дзейснага чэмпіёна Ціма Гайсэра, які разам з дзейсным чэмпіёнам MX2 Томам Віалем выбыў з ладу яшчэ да старту сезона, мы не далічыліся Максіма Рэно і Джэфры Херлінгса, якія атрымалі траўмы ўжо па ходу чэмпіянату (нідэрландзец – акурат на папярэднім Гран Пры Германіі).

Як вынік – толькі дзевятнаццаць удзельнікаў на старце, хаця некаторым гэта было толькі на руку. Рамэну Фэвру, напрыклад, які выйграў кваліфікацыйную гонку і наважыўся паказаць сябе з лепшага боку ў нядзельных. Варта прызнаць, у француза з Kawasaki Racing Team MXGP гэта атрымалася, хаця выступіў ён не ідэальна. У першым заездзе Рамэн выйграў хол-шот, але не пазбег падзення на трынаццатым кругу, саступіўшы лідарства канкурэнту з завадской каманды GasGas Хорхе Прада, які ўзначальвае чэмпіянат.

Другую пазіцыю Фэвр ужо не згубіў і не прапусціў наперад завадчаніна Ямахі Джэрэмі Сівера, які фінішаваў трэцім. Ну а ў другой гонцы Рамэн адыграўся, ізноў выйграўшы хол-шот на старце і гэтым разам утрымаўшы лідарства да самага фінішу. Прада прыйшлося бароцца ўжо з Сіверам, якога ён стрымліваў да чатырнаццатага круга, на якім усё ж прапусціў швейцарскага канкурэнта.

Аднак па выніках этапу іспанец апынуўся наперадзе яго – на другім месцы. Джэрэмі задаволіўся трэцім, а Фэвр адсвяткаваў перамогу. Важную, дарэчы, бо яна ў адсутнасць Херлінгса дапамагла яму падняцца на другую пазіцыю ў чэмпіянаце – у Рамэна 404 ачкі супраць 386 у Джэфры, які цяпер трэці. Ну а Прада толькі замацаваў сваё лідарства і мае цяпер 505 балаў. GasGas крыху адарваўся ад Ямахі ў заліку вытворцаў, дзе мае 511 ачкоў супраць 499 у японскай маркі. Тая, зрэшты, хаця б у сваю чаргу адарвалася ад KTM, які з 458-мю ачкамі застаўся трэцім.

Барацьба на трасе Самота-Сумбава працягнецца ў бліжэйшыя выхадныя. Другі этап на ён стане Вялікім прызам Ламбока.

Іншыя пасты блога

Усе пасты