Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Пра важнасць матывацыі. Яга Гіртс і Рамэн Фэвр своечасова выйгралі Гран Пры Ламбока

Пра важнасць матывацыі. Яга Гіртс і Рамэн Фэвр своечасова выйгралі Гран Пры Ламбока

Пра важнасць матывацыі. Яга Гіртс і Рамэн Фэвр своечасова выйгралі Гран Пры Ламбока

Фота: mxgp.com

Малады бельгіец і дасведчаны француз па розных прычынах далёка ад лідараў чэмпіянату свету па мотакросе ў сваіх катэгорыях. Аднак хуткасці ад гэтага ў іх меней не робіцца, і на другім з інданэзійскій этапаў абодва выкарысталі яе максімальна эфектыўна.

Самае эфектыўнае, што сёння ёсць на Зямлі – гэта Узброеныя сілы Украіны, якім дапамагае акурат іх матывацыя. Нават з абмежаванымі рэсурсамі героі мужна змагаюцца з расійска-фашысцкімі акупантамі, якія ёсць пагрозай усяму свету. І каб гэтая пагроза знікла, свет абавязаны дапамагчы нашым суседзям усім, чым магчыма, і так хутка, як магчыма. Тым больш што вызваленне ўкраінскай зямлі наблізіць і вызваленне беларускай. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Натхнення хапае і ўдзельнікам чэмпіянату свету па мотакросе, якія ў мінулы ўік-энд правялі другі запар этап у Інданэзіі – Гран Пры Ламбока. Дарэчы, выбачаюся: прайшоў ён не на той жа трасе, што і папярэдні Гран Пры Сумбавы. Трэкі розныя, нават на розных выспах гэтай дзяржавы знаходзяцца. Хаця іх адрознасць не перашкодзіла некаторым райдэрам. А асобным, як аднаму з фаварытаў малодшай катэгорыі MX2 Яга Гіртсу, дык, магчыма, нават дапамагла.

Бельгіец з Monster Energy Yamaha Factory MX2 Team, які прапусціў латвійскі этап праз траўму, атрыманую на французскім, у Германіі адразу пасля вяртання выступіў не надта выразна. На Сумбаве справы яго пайшлі ўжо лепей, ну а на Ламбоке мы наогул пабачылі яго ранейшага – хуткага і матываванага. Другая характарыстыка важная, бо былому лідару чэмпіянату цяпер трэба даганяць канкурэнтаў, якія ў яго адсутнасць паспелі адарвацца ў турнірнай табліцы.

Даганяць іх Гіртс пачаў ужо ў кваліфікацыйнай гонцы, якую выйграў, зарабіўшы важныя ачкі. На старце першага нядзельнага заезду ён дазволіў яшчэ бліснуць свайму партнёру па камандзе Рыку Элзінге, які стаў аўтарам хол-шоту, аднак амаль адразу перахапіў у яго лідарства і нікому яго не аддаў да самага фінішу.

На жаль, у Рыка не атрымалася фінішаваць побач – ён адкаціўся на трынаццатае месца, а за другое спрэчку павялі цяперашні лідар чэмпіянату з Red Bull KTM Factory Racing Андрэа Адама і нідэрландскі гоншчык Nestaan Husqvarna Factory Racing Роан ван дэ Моосдайк. Тут, праўда, усё таксама вырашылася ў самым пачатку гонкі – італьянец ужо на другім кругу абагнаў свайго канкурэнта, які атрымаў адмашку клецістым сцягам трэцім.

У другой гонцы Гіртс гаспадарыў ужо з самага старту, а асноўныя падзеі ізноў адбываліся за яго спінай. У прыватнасці, выдатна стартаваў прадстаўнік Red Bull GasGas Factory Racing Сімон Лангенфельдэр, які апынуўся на чацвёртай пазіцыі. На другім кругу немец паспяхова атакаваў Адама ў спрэчцы за трэцюю пазіцыю, а на шостым – ван дэ Моосдайка, і таксама ўдала. Другая пазіцыя стала выдатным вынікам для Сімона.

Адама ж на другім кругу яшчэ і ўпаў, адкаціўшыся на шостую пазіцыю, але затым здолеў прарвацца на трэцюю. Відавочна, у яго была хуткасць і для перамогі не толькі ў гонцы, але і на Гран Пры, але Андрэа заняў другое месца, абагнаўшы, зрэшты, Лангенфельдэра, які падняўся на ніжнюю ступень подыуму.

Ну а Гіртс упэўнена перамог, і хоць і застаўся чацвёртым у чэмпіянаце з 441-м ачком, але наблізіўся да канкурэнтаў наперадзе. Гэта яшчэ адзін гоншчык завадской Хускварны Кай дэ Вольф, у якога 452 балы і які на Ламбоке фінішаваў чацвёртым і восьмым, захаваўшы трэцюю пазіцыю. На дзесяць ачкоў яго апярэджвае французскі партнёр Гірста па камандзе Цібольт Беністан, ён скончыў першую і другую гонкі восьмым і дзявятым адпаведна. Адама ж па-ранейшаму лідзіруе, маючы 488 ачкоў. Сярод вытворцаў у MX2 першая пакуль што Yamaha, у якой 584 ачкі. Husqvarna з 546-цю ачкамі на другой пазіцыі, KTM, у якога 523 балы, замыкае першую тройку.

Не запаволіла новая траса і Рамэна Фэвра, які намагаецца ўгнацца за лідарам чэмпіянату Хорхе Прада ў старэйшай катэгорыі MXGP. Кваліфікацыйная гонка, праўда, засталася за іспанцам з завадской каманды GasGas, які потым выйграў і першы нядзельны заезд. Цікава, што хол-шотам яго пачаў не Хорхе, а гоншчык Ship to Cycle Honda SR Motoblouz Валянцін Гуілод. Надоўга ён першую пазіцыю не захаваў, хутка саступіўшы яе Фэвру (фінішаваў швейцарац наогул шостым), і Рамэн якраз і прабыў лідарам значную частку дыстанцыі.

Аднак Прада, разабраўшыся на першых кругах са сваім суайчыннікам з завадской Хонды Рубэнам Фернандэсам, пачаў набліжацца да француза з Kawasaki Racing Team і паспяхова абагнаў яго на перадапошнім шаснаццатым кругу. Фэвр задаволіўся другой пазіцыяй, трэцім гонку скончыў завадскі гоншчык Ямахі Глэн Колдэнхоф. Замкнуў першую тройку нідэрландзец і ў другой гонцы, якую наогул пачаў хол-шотам. Адзінымі, каго ён прапусціў затым, сталі якраз Прада і Фэвр, якія правялі прыгожую дуэль. Француз адчайна атакаваў, іспанец не меней адчайна абараняўся, але ў выніку саступіў канкурэнту, фінішаваўшы другім.

Другім Хорхе стаў і па выніках Гран Пры, які выйграў Рамэн. Колдэнхоф заняў трэцяе месца, а ў чэмпіянаце падняўся на пятую пазіцыю, абагнаўшы Джэфры Херлінгса, якога праз траўму шыі на нямецкім этапе ў Інданэзіі не было. У Прада ж захавалася не толькі лідарства, але і камфортны адрыў ад Фэвра, які займае другую пазіцыю: іспанец мае 562 балы супраць 459-ці ў француза. Фернандэс, у якога 415 ачкоў, падняўся на трэці радок. GasGas з 568-мю ачкамі па-ранейшаму ўзначальвае залік вытворцаў. Yamaha, у якой 546 балаў, другая, KTM займае трэцюю пазіцыю, маючы 487 ачкоў.

Сезон MXGP працягне Гран Пры Чэхіі, які пройдзе на трасе ў Локеце 14-16 ліпеня.

Іншыя пасты блога

Усе пасты